Магілёўцы – аб правах жанчын

На пытаньне “За якія правы жанчын варта змагацца?” адказалі жыхары Магілёва.

Спадарыня: “Права на шчасьце, на жаночае шчасьце. Права быць ацэненай. Быць любімай мужчынамі й дома й на працы, то бок ува ўсім атачэньні. Права быць жанчынай, хутчэй за ўсё”.

Спадар: “Права на любоў, пэўна, найперш. Гэта ня толькі адносіны між жанчынай і мужчынам, а на любоў наагул, у поўным сэнсе, але гэта доўга расказваць”.

Спадарыня сталага веку: “Жанчына павінна быць больш разьняволенай. Калі маладая жанчына нараджае дзіця, даць ёй больш магчымасьці працаваць, тварыць — жыць паўнавартасным жыцьцём. А не агароджваць яе на тры гады: сядзі зь дзіцем, нічога ня робячы. Звар’яцець можна”.

Юнак: “Галоўнае, каб у адносінах між жанчынамі і мужчынамі жанчыны й мужчыны заставаліся самі сабою. І мужчыны ніколі не прыгняталі правы жанчын”.

Спадарыня: “Каб матэрыяльны стан быў такім, каб можна было нараджаць, нараджаць і нараджаць”.

Юнак: “Права на шчасьце. І калі мужчыны гэтаму садзейнічаюць, каб жанчыны былі шчасьлівымі, — гэта вельмі добра”.

Спадарыня сталага веку: “У нашым узросьце я не магу сказаць”.

Карэспандэнт: “Ну нейкія ж правы ёсьць, і іх жа трэба бараніць?”

Спадарыня: “Мы ўжо і не зьвяртаемся ні па якія правы. Пэнсію атрымліваем, жывём нармальна. Калі хочам адпачыць, нам нават даюць пуцёўку. У нас няма такіх праблем, каб нешта бараніць”.

Спадар: “Права на свабоду, дапусьцім. Паважаць сваю жонку. Яна свабодны чалавек, я думаю так”.

Юначка: “Усе тыя, якія ёсьць”.

Карэспандэнт: “А якія ёсьць?”

Юначка: “Натуральна, права на жыцьцё й свабоду. На працяг роду”.

Спадарыня: “На сваю самастойнасьць. Я думаю, што на сёньня гэта самае галоўнае — самастойнасьць. Таму што мужчыны іншым разам парушаюць. Самастойна зарабляць грошы, магчыма, нейкі бізнэс распачынаць. Мужчыны думаюць, што яны мацнейшыя, у іх лепш атрымліваецца, але жанчыны іншым разам таксама нешта ўмеюць у гэтым пляне”.

Спадар: “Права на дзяцей. Гэта магчымасьць нарадзіць і вырасьціць здаровае патомства, пакаленьне”.

Спадар: “Ня трэба змагацца жанчынам асобна, ні мужчынам, ні дзецям, ні старым. Усе павінны разам змагацца за права нармальна жыць”.