Рыга, люты 1920. Шэф Вайскова-Дыпляматычнай Місіі БНР у Рызе Кастусь Езавітаў узяў чарговую заяву. Напісаная яна была па-француску – такое здаралася ня кожны дзень...
Да паперыны быў залучаны пераклад, старанна падрыхтаваны справаводам місіі Станевічам. Заяваў на атрыманьне беларускага пашпарта з кожным тыднем было ўсё меней – за некалькі месяцаў працы місіі ўсе рэсурсы незарэгістраванага беларускага насельніцтва ў Латвіі амаль дарэшты вычарпаліся. Консульскія прыбыткі спыніліся. Місія адчайна змагалася за фізычнае існаваньне.
Чарговы просьбіт пісаў:
”Шаноўнае спадарства,
Будучы паводле нараджэньня беларусам, хоць і англічанінам паводле паходжаньня, і даведаўшыся, што я магу быць карысным нашай Рэспубліцы, маю гонар запрапанаваць свае паслугі ўраду Беларусі.
Нарадзіўшыся ў 1897 годзе ў Віцебскай губэрні ад бацькоў-англічанаў, я выхоўваўся ў Петраградзе ў гімназіі Сьвятога Пятра. Я займаў розныя пасады ў якасьці карэспандэнта замежных моваў найбольш важных у сучасным гандлі. Я выдатна ведаю мовы: ангельскую, расейскую, францускую, нямецкую і гішпанскую – гутарку і пісьмо. У цяперашнім часе я знаходжуся на ўрадавай службе ў Ніжняй Курляндыі ў Лібаве ў якасьці карэспандэнта замежных моваў і ў тым самым часе рэдактарам ангельскага часапіса гэтэга гораду...”
Адкуль у Лібаве ў такую пару мог узяцца ангельскі часапіс, задумаўся Езавітаў. Але горад партовы, мала якія там могуць быць дзівосы. Ну, што там далей...
”...Я выдатна бачу, што ўсе або амаль усе шанцы Беларускай Рэспублікі на посьпех залежаць ад паводзінаў Саюзьнікаў у дачыненьні да маладой і моцна ўцісканай інтрыгамі яе суседкі Польшчы, Рэспублікі. З гэтай прычыны варта было б закласьці пачаткі прапаганды ў дзяржавах Антанты: Англіі і Злучаных Штатах больш чым у Францыі, бо апошняя апякуецца Польшчай ад дня заснаваньня і будзе апекавацца ёю ў далейшым.
Вось чаму я лічу сваім абавязкам зьвярнуцца да Вас, Шаноўнае Спадарства, як да прадстаўнікоў Беларусі, прапануючы свае веды і працу нашаму Ўраду і разам з тым горача веру, што Беларуская Народная Рэспубліка стане Вялікай і Вольнай краінай. Зрабеце ласку, зьвярнецеся да Ўраду і як мага хутчэй паведамце пра яго рашэньне.
Прымеце ўпэўненьні ў маёй найглыбейшай пашане.
Гедвард Брас
Лібава, 2 лютага 1920 году”
Падобныя лісты місія атрымвала як найменей раз на тыдзень. Цяжка сказаць – што прыцягвала замежнікаў, чым іх так вабіла загадкавая і невядомая на той час Беларусь, якая нібыта не абяцала ні багацьця, ні шчасьця, ні долі. Шэф місіі звычайна задавольваў гэткія просьбы, адчуваючы апостальскі запал у пашырэньні беларускай веры сярод чужынцаў. Зь беларускім пашпартам у Латвіі жылі ўжо ня толькі звычайныя румыны, караімы і татары, але і грэкі, хазары і нават адзін невядома адкуль занесены скіф. Быў, што праўда, у валоданьні пашпартам і практычны аспэкт – зь ім цалкам легальна можна было езьдзіць празь неспакойныя паваенныя межы.
Наклаўшы станоўчую рэзалюцыю на заяву новага патрыёта беларускай справы, Езавітаў прыгадаў самую буйную здабычу, якая за гэтыя некалькі месяцаў трапіла ў ягоны рэгістрацыйна-консульскі нерат...
Падчас падарожжа ў справах місіі ў Эстонію і Фінляндыю, дзе Езавітаў шукаў раскіданых вайною па сьвеце беларусаў з мэтай іх рэгістрацыі і патэнцыйнай мабілізацыі ў беларускае войска, ён сярод іншага сустрэўся з прадстаўнікамі генэрала Балаховіча. Пра Станіслава Булак-Балаховіча на той час было вядома толькі тое, што ён пасьпеў паваяваць і на баку чырвоных, і на баку белых і быў гатовы пусьціцца са сваім Асобным Атрадам у любыя прыгоды.
30 кастрычніка 1919-га Езавітаў меў гутарку з прадстаўніком Балаховіча падпалкоўнікам Мінгрэльскім і даведаўся, што генэрал цяпер – зусім вольны чалавек, Юдзенічу не падпарадкоўваецца, працуе разам з эстонцамі, але не пад іх кіраваньнем. За баявую дапамогу часам атрымвае ад іх грошы і прадукты. Хацеў бы быць бліжэй да роднай Вільні. Некалі лічыў сябе ліцьвіном, але цяпер даведаўся пра беларусаў і ўжо сам ня ведае – хто ён. Хацеў бы лепей пазнаёміцца зь беларускай картай, рухам і гісторыяй.
Дасьведчаны прапагандыст Езавітаў умомант пабачыў, што здабыць для Беларусі гэтую заблукалую душу будзе няцяжка, і паслаў Балаховічу просьценькі тэст, які складаўся зь пяці пытаньняў:
1. Ці ведае ён беларускую мову?
2. Ці ведае мову літоўскую?
3. Ці ведае, што прозьвішча ў яго зусім беларускае, бо па-літоўску было б ”Балаховічунас”? (тут быў наўмысны перабор – хацелася для большага эфэкту, каб гучала як найстрашней)
4. Як ён ставіцца да нацыянальных пытаньняў? І
5. Ці прызнае ён незалежнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі?
Балаховіч ня стаў марудзіць з адказам. 4 лістапада да Езавітава ў рэвэльскі гатэль ”Залаты Леў” прыйшлі трое афіцэраў атраднага штабу і паведамілі, што генэрал беларускую мову ведае, а Беларускую Народную Рэспубліку гатовы бараніць усімі сваімі сіламі. Адчуўшы ўсю памылковасьць і недарэчнасьць сваёй колішняй ліцьвінскай арыентацыі, Балаховіч вярнуўся ва ўлоньне ад веку роднай яму беларушчыны.
Вынікам гэтага этнічнага прасьвятленьня стаўся зварот генэрала да Ўраду БНР:
”Старшыні Рады Народных Міністраў Беларускай Народнай Рэспублікі праз Шэфа Вайскова-Дыпляматычнай Місіі ў Латвіі і Эстоніі палкоўніка Езавітава.
Зьяўляючыся грамадзянінам Беларускай Народнай Рэспублікі, лічу патрэбным, каб маё войска было скарыстанае для абароны цэласьці і непадзельнасьці маёй Бацькаўшчыны, а таму прапаную майму Ўраду залічыць мяне і мой атрад на Беларускую Службу.
Генэрал-маёр Булак-Балаховіч”.
Глыбока крануты і ўсьцешаны заявай генэрала, Кастусь Езавітаў пераслаў яе ў Варшаву старшыні Ўраду БНР Антону Луцкевічу, выказаўшы ўпэўненасьць, што просьба Балаховіча будзе задаволеная. І яна была задаволеная. Аднак сам генэрал зь ягоным атрадам прапаў зь беларускіх даляглядаў амаль на год, а пасьля зусім нечакана усплыў увосень 1920-га і ўзьняў на Палесьсі антыбальшавіцкае паўстаньне, адмяніўшы ўсе іншыя тагачасныя беларускія ўлады і ўрады і абвясьціўшы сябе Бацькам Беларускага Народу.
Ураду Беларускай Народнай Рэспублікі каштавала нямала палітычных намаганьняў, каб давесьці сьвету, што ён ня меў ніякага дачыненьня да акцыі Балаховіча, якая адзначылася пагромамі, бандытызмам і авантурным палітыкаваньнем. Аднак усё гэта будзе пазьней, і тады Езавітаву яшчэ прыпомняць ягоную паслугу ў прыцягненьні да беларускай службы падазроных генэральскіх кадраў.
***
А цяпер перад шэфам місіі ляжала наступная заява:
”Пану Маршалку Беларускага Ўраду
Яго Сьветласьць Князь Станіслаў-Павел-Леў Сапега з прыдомкам Ваявода, скарочана Вой, мае гонар зьвярнуцца да Вас, азнаймуючы, што Род Сапегаў, зь якога паходзіць князь – беларускі з крыві і косьці. Князь народжаны ў замку пры капальнях сталёвай руды Варшава каля Чыкага ў Амэрыцы 11 сакавіка 1887 году і ахрышчаны ў капліцы Гуты Варшава ў Сьвятой Беларускай Грэка-Каталіцкай веры.
Князь – беларус, што азначае ня толькі бязьмежнае замілаваньне да беларускага народу, але спалучае ў сабе любоў, вольнасьць і справядлівасьць. Ён успрымае справу Беларусі як Краіны і толькі ў саюзе і пад апекай нямецкай імпэрыі і з агідай адхіліў бы любую спробу пабудовы Беларусі ў саюзе са злом, у зьвязе з гвалтам і ў хаўрусе з чый бы там ні было няволяй...”
Літары неахайна друкаванага тэксту заскакалі ўваччу. На сёньня хопіць, сказаў сабе Езавітаў і адклаў ліст убок.