У Горадні ў Старым замку сёньня адкрылася выставы фатаграфіі “Край сьвету і сьвятла: палескія закоскі” амэрыканскага фатографа Джона Кунстадтэра. Фатаграфіі зробленыя летась падчас падарожжаў па Беларусі. У 2000-2001 гадох Джон Кунстадтэр працаваў намесьнікам амбасадара ЗША ў Беларусі.
На адкрыцьці выставы аўтар сказаў гарадзенцам, што прысьвячае сваю выставу “ўсім рупліўцам Беларусі”, а таксама “вялікаму эўрапейскаму пісьменьніку Ўладзімеру Караткевічу”, які сваёй любоўю да беларускай мовы натхняў былога амэрыканскага дыплямата на вандроўкі па Беларусі.
Амэрыканскі фатограф і дыплямат адказаў на пытаньні нашага карэспандэнта.
Карэспандэнт: Вельмі прыемна, што вы вывучылі беларускую мову і па-ранейшаму размаўляеце на ёй. Скажыце пра сябе: чым вы цяпер займаецеся і дзе жывяце?
Кунстадтэр: Я выйшаў на пэнсію з дыпляматычнай службы два гады таму і працую фатографам, наколькі магчыма прафэсійна, увогуле, гэта цяпер мая прафэсія. Працую ў Беларусі, у Італіі, у Турцыі. А жыву ў Турцыі, у Анкары, таму што я служыў там тры разы. Мы з жонкай, калі я выйшаў на пэнсію, прынялі рашэньне не вяртацца адразу ў Злучаныя Штаты, а застацца крыху ў Турцыі. Мы маем там шмат сяброў, знаёмых.
Карэспандэнт: А ў Турцыі вы па-ангельску размаўляеце?
Кунстадтэр: Не, па-турэцку. Я цікавіўся замежнымі мовамі, мне падабаюцца яны: кожная мова мае сваю спэцыфіку, свой калярыт, сваю глыбокую культуру.
Карэспандэнт: А як у Турцыі вы падтрымліваеце свой узровень веданьня беларускай мовы?
Кунстадтэр: Трошкі ў інтэрнэце імкнуся чытаць, але прыяжджаю, наколькі магчыма, і ў Беларусь, каб працягваць здымаць па сваіх тэмах.
Карэспандэнт: Я ўжо трошку паглядзеў вашыя здымкі, вас цікавіць аўтэнтычнае жыцьцё вясковых людзей.
Кунстадтэр: “Ня толькі вясковых. Ведаеце, я шукаю сапраўдную беларуску ў гарадах. Але калі фатограф вандруе па вуліцах гораду, людзі не заўсёды так адкрытыя, як у вёсках. Я ня супраць гораду, але мая праца — гэта шукаць глыбіню беларускай культуры, сутнасьць бацькаўшчыны. Мая тэма, напрыклад, “кола году” датычыцца абрадаў, сьвятаў касьцельных і царкоўных. Ведаеце, іх найбольш убачыш у маленькіх гарадках і ў вёсках, не ў вялікіх гарадах. Калі я змагу знайсьці сапраўдную Беларусь і ў гарадах, я з задавальненьнем здымаў бы там.
Карэспандэнт: Я на заканчэньне скажу, што вы, можа быць, былі першым заходнім дыпляматам, які вывучыў беларускую мову добра і карыстаўся ёю. І гэтая традыцыя падтрымана: амбасадар Ізраілю па-беларуску ўмее размаўляць і таксама швэдзкі...
Кунстадтэр: Я б не сказаў, што размаўляю добра, але размаўляю са Стэфанам Эрыксанам на беларускай мове, не на ангельскай.