Віцебскія мінакі разважаюць над пытаньнем “Каго вы лічыце самай славутай жанчынай-беларускай?”
Дзяўчына: “Гэта Эўфрасіньня Полацкая, я лічу. Яна была першая жанчына, якая адчыняла манастыры, перапісвала кнігі”.
Спадар: “А я не мясцовы, з Новага Урэнгою прыехаў. Ведаю толькі Ірыну Дарафееву, гэта сьпявачка”.
Спадарыня: “Я ведаю Эўфрасіньню Полацкую. І Іну Афанасьеву, яе часта паказваюць па тэлевізары. І ўсё”.
Спадар: “Пэўна, гэта Эўфрасіньня Полацкая. У нас усё пачыналася з Эўфрасіньні Полацкай. А хто яшчэ? Ня ведаю. Давайце, можа, маю жонку “раскруцім”?”
Спадарыня: “Агурбаш. Сьпявачка, мадэль, прыгожая, на “Эўрабачаньні” выступала. Таму, напэўна, і знакамітая — яе больш за іншых ведаюць”.
Дзяўчына: “Алеся, можа. Сьпявачка такая. Яшчэ Барабаншчыкава”.
Хлопец: “Ня ведаю. Думаю, што Эўфрасіньня Полацкая”.
Спадарыня: “Ларыса Грыбалёва!”
Дзяўчына: “Эўфрасіньня Полацкая. Гэта першая жанчына зь Беларусі, якая зрабілася знакамітай, нягледзячы на тое, што яна жанчына! А знакамітай стаць жанчыне вельмі складана. Асабліва зараз! І зараз, апрача Аляксандра Рыгоравіча, я нікога ня ведаю!” (Сьмяецца.)
Дзяўчына: “Я лічу, што самая знакамітая жанчына ў сьвеце — жанчына-легенда, пра якую ўсе столькі гавораць, але якую ніхто нідзе ня бачыў — гэта жонка нашага прэзыдэнта. Усе іншыя прэзыдэнты з жонкамі, а ён адзін, і ўсім вельмі цікава, дзе ягоная “палова”... А калі сур’ёзна казаць, то самая знакамітая беларуска — гэта пісьменьніца Сьвятлана Алексіевіч. Тое, што яна робіць — адважная справа, і вельмі шкада, што тут, на Беларусі, гэтага не ацанілі”.
Хлопец: “Напэўна, Эўфрасіньня Полацкая. Таму што яна зрабіла вельмі шмат для Беларусі — для духоўнага жыцьця Беларусі”.
Дзяўчына: “Паліна Смолава. Яна выступала ад Беларусі на “Эўрабачаньні”, цяпер яна ў Маскве, але таксама, мусіць, мае нейкія пляны наконт Беларусі. Можна сказаць, таксама разьвівае беларускаю культуру”.
Спадарыня: “Ну, я ведаю, што ў нас ёсьць нейкія там “зоркі” шоў-бізнесу, але ня ведаю іхніх імёнаў, а на твар яны ўсе падобныя... Знакамітая жанчына — гэта, я лічу, тая жанчына, якую па тэлевізары паказваюць, пра якую гавораць. А ў нас у тэлевізары толькі Лукашэнка, толькі ён гаворыць, толькі яго слухаюць і ўсхваляюць. А якую жанчыну ў нас гэтаксама ўсхваляюць? Ніводную!”
Хлопец: “Эўфрасіньня Полацкая ў нас знакамітая”.
Дзяўчына: “Эўфрасіньня Полацкая. Яна вядомая, пра яе ў падручніках пішуць. Мы шмат пра яе ведаем. А яна вельмі шмат зрабіла, раз так усім запомнілася”.