Бабруйск: ператрус, гвалт, канфіскацыя газэт <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 />

Учора ў Бабруйску міліцыянты правялі ператрус у прыватным доме, які выкарыстоўваецца мясцовымі актывістамі як грамадзкі цэнтар. У выніку канфіскаваны пакунак з газэтай “Свабода”. Пацярпелыя зьбіраюцца скардзіцца на міліцыянтаў у пракуратуру.

Паводле Алеся Чыгіра, разам з двума міліцыянтамі прыйшоў супрацоўнік міністэрства надзвычайных сытуацый Сяргей Архіпенка. Пажарнік заявіў, што яму тэрмінова трэба абсьледаваць памяшканьні на прадмет пажарнай бясьпекі.

Алесь Чыгір распавёў:

“Яны паводзілі сябе як гаспадары. Лезьлі ва ўсе шуфляды, ва ўсе скрыні, што можна было перавярнуць, тое пераварочвалі. Дзякуй Богу, што ў нас была камэра й мы маглі ўсё гэта зьняць. Калі яны канчаткова азьвярэлі, яны проста пачалі нас зь Ігарам Ходзькам нахабным чынам зьбіваць. Такога ніколі яшчэ не было”, — кажа Алесь Чыгір.

Палітык кажа, што міліцыянты ўжылі гвалт пасьля таго, як ён і Ігар Ходзька селі на пакунак з газэтай “Свабода”, каб ня даць яго вынесьці. Са слоў актывіста, яму разьбілі нос, а Ігар Ходзька страціў прытомнасьць.

Алесь Чыгір лічыць, што міліцыянты выконвалі загад, і называе прычыны, якія маглі выклікаць гэта:

“Зараз у нашым горадзе нарастае незадавальненьне мясцовай уладай, бо яна займаецца толькі тым, што робіць прыпіскі ў лепшых савецкіх традыцыях. Другая прычына — гэта 25 сакавіка, дзевяностагодзьдзе абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі. Улада баіцца, што людзі з рэгіёнаў могуць атрымаць інфармацыю пра гэтую значную падзею і паехаць у Менск”.

У пастарунку № 1 раённага аддзелу міліцыі дзяжурны зачытаў запіс у рэгістрацыйным журнале:

“Тут напісана: выяўлена друкаваная прадукцыя. Газэты там, відаць, нейкія знойдзены. Участковы разьбірацца будзе, адкуль яны і што яны”.

Міліцыянт, аднак, не сказаў, хто і як праводзіў пошук крамольных газэт.

Ці выявіў супрацоўнік міністэрства надзвычайных сытуацыяў прыкметы парушэньня пажарнай бясьпекі, высьветліць не ўдалося. Сяргей Архіпенка камэнтаваць учорашняе здарэньне адмовіўся.

Фатаздымкі з блогу ales-chyhir.livejournal.com
Старшы лейтэнант Тоўсьцік


Невядомы ў капелюшы


Ператрус


Госьці паводзілі сябе бязь лішніх цырымоніяў


На сыгнал Тоўсьціка прыйшло падмацаваньне





Госьці гутараць з Алесем Чыгіром


Госьці пакінулі па сабе беспарадак


Офіс пасьля “акцыі”