Сёньня ў шэрагу краінаў сьвету пачынаецца дэманстрацыя фільму “Кнут і ягоныя сябры” (Knut und seine Freunde). Карціна прысьвечаная жыцьцю малых драпежнікаў. Кнутам завуць маленькае белае медзьведзяня з Бэрлінскага заапарку. Яго сябры — палярная мядзьведзіца Майду з Арктыкі, а таксама бурыя мядзьведзі зь беларускага лесу Маша і Паша.
Аўтары фільму супрацьпастаўляюць штодзённую барацьбу малых драпежнікаў за існаваньне ва ўмовах дзікай прыроды і камфортнае, нетаропкае жыцьцё ў вальеры. Прэм’ера фільму адбылася ў мінулую нядзелю. Карціна выклікала вялікі рэзананс як у Эўропе, так і ў Аўстраліі.
Апавяданьне пра Кнута і яго сяброў Майду, Машу і Пашу вядзецца ад імя Ветра. Ён кажа, што з даўніх часоў ганяе хмары на небе і, пралятаючы над зямлёй, бачыць усё, што ўнізе. Вецер пераносіць гледачоў фільма з ільдоў Арктыкі ў лясы Беларусі, а адтуль у Бэрлін, дзе зьявіўся на сьвет маленькі Кнут.
Паводле жанру, фільм “Кнут і ягоныя сябры” — так званы “мікст”, то бок ,сумесь дакумэнталістыкі і пэўных мастацкіх прыёмаў.
Рэжысэр карціны — Майкл Джонсан (у Бэрліне яго завуць на нямецкі лад, Міхаэль Джонсан). Ён напалову амэрыканец, напалову — немец, нарадзіўся ў 1965 годзе ў Заходнім Бэрліне, у разгар халоднай вайны. У дзяцінстве і раньнім юнацтве гадзінамі бавіўся ў знакамітым Бэрлінскім Zoo. Яму куды болей падабалася назіраць за паводзінамі жывёлаў, чым людзей.
Джонсан называе парадоксам тое, што дагэтуль ён здымаў выключна гісторыі пра людзей, хоць жыцьцё “братоў нашых меншых” па-ранейшаму застаецца для яго больш цікавым.
Джонсан: “Гэтыя медзьведзяняты, пра якіх мы расказваем, вельмі падобныя да чалавечых дзяцей. Напрыклад, Маша з Пашам. Яны вельмі любяць абдымацца, робяць шмат забаўных рэчаў, увесь час усаджваюць нос кудысьці, увесь час хочуць быць нечым занятымі. Калі прыгледзецца да сьвету мядзьведзяў, пачынаеш больш задумвацца пра свой, чалавечы сьвет”.
Паводле рэжысэра, працуючы над фільмам — здымаючы, мантажуючы і г.д. — ён раз за разам узгадваў эпізоды свайго дзяцінства. Некаторыя яго сябры нагадвалі Кнута тым, што жылі камфортна, беспраблемна, але нібыта ў чароўнай залатой клетцы. Некаторыя нагадвалі дзяцей палярнай мядзьведзіцы Майду, заўсёды адчуваючы матчыну любоў і ўвагу. Дарэчы, мядзьведзіцы даволі доўга — гады 3—4 — апякуюцца сваімі пестунамі, бароняць іх ад самых розных нападаў, у тым ліку і ад мядзьведзяў-самцоў. Апошнія сваім вывадкам зусім не цікавяцца.
Што да Машы і Пашы, то гэтыя мядзьведзі растуць бяз маці. Ва ўмовах беларускіх лясоў мядзьведзіцы, як правіла, гінуць зь віны браканьераў. Маша і Паша вучацца выжываць самі. Камэра фіксуе, як малыя бягуць ад ваўка, а той амаль даганяе іх і спрабуе пакусаць. Як драпежнікі вучацца лавіць рыбу, здабываць з вульля мёд — прычым так, каб іх не пакусалі пчолы. Гледачы бачаць і іншых прадстаўнікоў беларускай фаўны, якія трапляюцца на шляху Машы з Пашам.
Паводле папулярных эўрапейскіх ды аўстралійскіх выданьняў, “Кнут і яго сябры” цікавы як для дзяцей, так і для дарослых. Пасьля прагляду шмат хто задумваецца пра пэрспэктывы існаваньня розных жывёльных відаў. Паводле прагнозаў эколягаў, у выніку пацяпленьня клімату папуляцыя белых і бурых мядзьведзяў можа істотна скараціцца ўжо ў гэтым стагодзьдзі. Як піша адзін зь нямецкіх крытыкаў, такія драпежнікі, як людзі, значна больш падобныя да драпежнікаў-мядзьведзяў, чым да драпежнікаў-арлоў. Ва ўмовах дзікай прыроды мядзьведзі жывуць сама больш 25—30 год, а ў менш натуральных умовах няволі — амаль удвая больш. Дык што насамрэч спрыяе захаваньню віду?