Цягам апошніх двух месяцаў толькі ў Менску за краты трапілі больш за паўсотні чалавек. Беларускія ўлады распачалі крымінальную справу, у якой фігуруюць некалькі дзясяткаў удзельнікаў вулічных акцый. Дзьве крымінальныя справы супраць моладзевых актывістаў перададзеныя ў суды. Як бацькі маладых апазыцыянэраў ставяцца да дзейнасьці сваіх дзяцей?
Пасьля падзеяў 2006 году ў Менску і ў рэгіёнах утварылася некалькі моладзевых арганізацый і рухаў. Маладыя людзі час ад часу ладзяць флэш-мобы, акцыі салідарнасьці са сваімі сябрамі, з сем’ямі зьніклых і палітвязьнямі.
Па шчырасьці сказаць я не турбаваўся стаўленьнем да мяне бацькоў
Кожны моладзевы актывіст ведае, што за распаўсюд улётак ці за ўдзел у акцыі яго могуць затрымаць, зьбіць, арыштаваць, выключыць з вучобы і нават абвінаваціць у крымінальным злачынстве.
Адзін з лідэраў “Маладога фронту” Зьміцер Дашкевіч прызнаўся, што ня думаў пад час затрыманьняў пра сваіх бацькоў і ня проста складаліся стасункі паміж імі.
“Па шчырасьці сказаць я не турбаваўся стаўленьнем да мяне бацькоў. Недзе інстынктыўна я ўсьведамляў, што яны мяне зразумеюць. Але потым, як прадэманстраваў гэта час, яны спужаліся. Гэта інстынкт самазахаваньня, які ёсьць у бацькоў, прымусіў іх на першым этапе нават выступаць супраць маёй дзейнасьці”.
Моладзевая актывістка партыі БНФ Юлія Сіўцова адседзела 15 сутак у турме на вуліцы Акрэсьціна. Яна вучыцца на 4 курсе БДУ. Юлія апавяла, што час ад часу ўзьнікаюць канфлікты з маці, бо яна не падтрымлівае дзейнасьць сваёй дачкі.
Маці Юліі Лілія Сіўцова патлумачыла сваю пазыцыю:
“Самае важнае на першае месца я стаўлю не вучобу, а здароўе. Як яна там была столькі часу. Добра, калі гэта ўсё пройдзе. Канешне, гэта стрэс для яе адназначна, а для мяне таксама. Я ўсю ноч не спала. На другім месцы ідзе вучоба. Гэта таксама адыгрывае немалаважную ролю. За вучобу мы плацім... Я, напрыклад, ня бачу ніводнага плюса для маёй сям’і”.
Фёдар Чаранкоў быў днямі выключаны з вучобы з Мазырскага пэдунівэрсытэта. Як паставіўся да гэтага ягоны бацька?
Гаворыць Юрась Чаранкоў:
Самае важнае на першае месца я стаўлю не вучобу, а здароўе
Паводле маці актывісткі “Маладога фронту” Касі Салаўёвай, яе дачка заплаціла высокую цану за сваю дзейнасьць. Касю адлічылі з вучобы і супраць яе распачалі крымінальную справу за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі. Гаворыць Алена Салаўёва:
“
Канешне, высокая цана. Але трэба паважаць яе перакананьні
Апошнім часам журналістам зрэдку даводзілася бачыць сцэны ў судах, калі бацькі студэнта, якога арыштоўвалі на 10 сутак за ўдзел у акцыі, накідваліся на яго з кулакамі ў судовай залі. Маці аднаго з арыштаваных крычала сыну, якога выводзілі канваіры, каб не прыходзіў дадому, што яна яму ніколі не даруе.
Псыхолягі кажуць, што гэта бацькоўская рэакцыя на небясьпеку для яго дзіця. Ня кожны можа ў момант стрэсу справіцца з эмоцыямі. Але назіральнікі, асабліва пасьля таго як бачылі, што ў 2006-ым на Кастрычніцкай плошчы ўначы заставаліся пераважна студэнты і непаўналетнія, адзначаюць, што Беларусь бадай адзіная краіна, у якой дзеці здабываюць свабоду сваім бацькам, а не наадварот.