Агляд беларускага сеціва.
На форумах парталу TUT.by абмяркоўваюць інфармацыю агенцтва БелТА: “Тых, хто ня хоча ўсталёўваць лічыльнікі вады, прымусяць”. Вось як рэагуюць на гэта ўдзельнікі форумаў:
“Калі ўжо ў нашай квітнеючай дзяржаве знойдзецца фірма, якая навучыцца выпускаць лічыльнікі, якія лічаць гарачую ваду, калі яна 50 градусаў, а ня 30! У гэтым галоўная праблема! Ну не хачу я бегаць за ЖЭУ. Няхай яны за мной бегаюць! Даеш дыфэрэнцыяваныя лічыльнікі!”
“Самае забаўнае будзе потым. Пасьля ўсталяваньня лічыльнікаў усе тарыфы ўздымуцца ў дзесяць разоў”.
“А ў мяне іншая праблема. Дом стары, трубам гадоў 45 – яны ў руках крышацца. Капітальны рамонт невядома калі будзе: на мінулым тыдні склікалі жыхароў у двары... сказалі, што рамонту сёлета ня будзе – грошай няма. Але, тым ня менш, рэгулярна абыходзяць кватэры з пытаньнем “Ці ня хочаце лічыльнікі?” Яны, бачыце, шукаюць тых, хто памяняў трубы за свой кошт, а лічыльнік ставіць ня хоча, вораг такі. Мне цікава, як яны маюць тэхнічна ажыцьцявіць гэтую ўстаноўку на ржавых наскрозь трубах?”
На сайце інтэрнэт-выданьня naviny.by абмяркоўваюць чарговы матэрыял старшыні Белдзяржтэлерадыёкампаніі Аляксандра Зімоўскага. Матэрыял апублікаваны на сайце 3 сакавіка. Вось зь якога пасажу ён пачынаецца: “Праз два дні ўсё прагрэсіўнай чалавецтва будзе ў жалобе з нагоды 55-й гадавіны з дня сьмерці І.В.Сталіна. Іншародца, які прыняў Расею з сахой, а пакінуў з атамнай бомбай”. Водгукі чытачоў сайту на гэты матэрыял:
“Цікава, каму будзе наступная ода? Гітлеру? Было б лягічна... Сарказм у тэксьце адчуваецца, але немагчыма зразумець, з нагоды чаго сарказм...”
“Але... Сталін Сталіным. Ён хоць душыў, але ствараў раўнапраўнае грамадзтва. Перад НКВД і ГПУ ўсе былі роўныя. А цяпер улада сама па сабе, і ніякі народ і ягоныя надзеі ўладзе не патрэбны. І калі ёй трэба запытацца меркаваньне народу, яна яго пытаецца ў “паважаных грамадзянаў”. Якія жывуць на агароджанай і абсталяванай шлягбаўмам тэрыторыі, з кругласутачнай аховай”.
“Вось мне цікава, якую мэту перасьледуе Зімоўскі, разьвешваючы на Навінах свае сумнеўнага зьместу опусы? Насамрэч, што гэта? Памкненьне накрэатывіць нешта па-за межамі БТ, дзе яму дазваляюць толькі круціць порна з амбасадарамі й “Ваша лято”?
Блогерка kamrushepa дзеліцца з чытачамі свайго сеткавага дзёньніку каштоўнымі гаспадарчымі парадамі: “Як вядома, прусакі – начныя драпежнікі і на паляваньне выходзяць у цемры. Шчасьлівая тая гаспадыня, якая ніколі ня бачыла, як пры раптоўна ўключаным сьвятле прусакі імгненна разьбягаюцца па сваіх цёмных логавішчах і пільнуюць адтуль, калі ізноў настане цемра. Але ўсё ў вашых руках. Не вымыкайце сьвятло ў кухні на працягу некалькіх тыдняў, і прусакі памруць з голаду ў сваіх цёмных закуточках”.