Судзьдзя Цэнтральнага суду Менску арыштавала на пяць сутак моладзевага актывіста Максіма Сергяйца за распаўсюд улётак з надпісам: ” БНР-90, 25 сакавіка, плошча Якуба Коласа, 18.00”.
Сьведкамі ў справе выступілі два міліцыянты. Міліцыянт Мікалай Янушкевіч апавёў, што ў тралейбусе № 12 ён заўважыў, як 22-гадовы Максім Сергяец наклейваў налепку, і выклікаў падмогу.
Другі міліцыянт, Вадзім Губар, цьвердзіць, што пры затрыманьні і вобшуку з-пад курткі хлопца выпалі яшчэ тры налепкі. На Максіма склалі пратакол за парушэньне парадку правядзеньня масавых акцый. Да суду хлопца трымалі пад вартай.
Максім сказаў у судзе, што ўсяго толькі разглядаў налепку. Судзьдзя Тацяна Паўлючук прызнала хлопца вінаватым у парушэньні вызначанага парадку правядзеньня масавых акцый і пакарала яго арыштам на пяць сутак.
Разам з Максімам Сергяйцом былі затрыманыя моладзевы актывіст Аляксей Шлома і сябра “Маладых дэмакратаў” Віталь Стажараў. Іх міліцыянты адпусьцілі, не складаючы пратаколаў. Віталь Стажараў сьцьвярджае, што міліцыянты білі Максіма Сергяйца:
“Яго білі, і ён прасіў, каб яму выклікалі “хуткую”, ён казаў, што яму дрэнна і ў яго баліць сэрца. Ніхто ня выклікаў, яго білі і загадвалі стаць тварам да сьцяны”.
Міліцыянты адабралі ў актывістаў “для праверкі” раздрукаваныя артыкулы з інтэрнэту і лісты з подпісамі грамадзянаў за далучэньне Беларусі да Эўразьвязу.
Аляксей Шлома згадвае, што калі міліцыянт зайшоў у тралейбус, там ужо вісела некалькі налепак:
“Да яго падышоў чалавек, які сядзеў насупраць нас, і сказаў, што гэта мы наляпілі. Міліцыянт выклікаў нарад, нас на наступным прыпынку вывелі, але ў нас яны нічога не знайшлі. А ў Максіма было некалькі налепак. Нас прывялі ў Цэнтральны РУУС. Урэшце знайшлі кабінэт, куды нас адвесьці, і там без усялякіх пратаколаў, нічога не пытаючыся, да Сергяйца падышоў міліцыянт. Ні званьня, ні імя не сказаў свайго, і пачаў яго зьбіваць. Потым паставіў да сьцяны і па нагах, у грудзі біў. Нас трымалі недзе дзьве гадзіны. Яго пакінулі там, а нас зь Віталікам адпусьцілі. Нам сказалі, каб мы не зьяўляліся на суд, нікуды, бо трапім усьлед за Максімам”.