Узровень спажываньня вады ў Беларусі – адзін з самых высокіх у Эўропе.
На аднаго жыхара краіны – 220 літраў спажытай вады за суткі, у той час як сярэдні паказьнік у Заходняй Эўропе – 135-150 літраў. Між тым, спэцыялісты канстатуюць: за абыякавым стаўленьнем да вады мала хто з беларусаў зьвяртае ўвагу на якасьць таго, што ўжывае.
Вадой пакрыта 70% паверхні Зямлі, але запасы прэснай вады ад гэтай колькасьці складаюць толькі 2,5%.
У XX стагодзьдзі спажываньне вады расло ўдвая хутчэй, чым народанасельніцтва. Калі такія тэндэнцыі захаваюцца, то да 2050 году 2,5 мільярда чалавек адчуюць водны дэфіцыт.
Труцяць свае, труцяць іншаземцы
Беларусі дэфіцыт вады ў агляднай будучыні не пагражае, але паўстае іншая праблема: якасьць таго, што беларусы ўжываюць. Канцэнтрацыя на тэрыторыі краіны вялікай колькасьці прамысловых гігантаў не спрыяе чысьціні вады – у рэкі трапляюць ўгнаеньні і шкодныя хімічныя рэчывы.
Галоўны кліматоляг краіны, дацэнт катэдры агульнага землязнаўства БДУ Павал Каўрыга зазначае, што да ўнутраных праблемаў дадаюцца транзытныя:
“Тут трэба ўлічваць, канечне, і гэтыя глябальныя, трансмежныя пераносы шкодных рэчываў да нас з Эўропы. Празь мяжу тыя адыходы, якія выпрацоўваюцца і потым выкідваюцца ў атмасфэру, перасякаюць Беларусь. І паколькі, як вядома, Беларусь знаходзіцца на шляху пераносу заходнепаветраных масаў, то тут ня толькі коштам уласных выкідаў, коштам уласнага ўзроўню эканамічнага разьвіцьця, прамысловага, сельскагаспадарчага адбываецца забруджаньне тэрыторыі. А мы яшчэ нясем вось такую эўрапейскую нагрузку, якая дапаўняе ўсе нашы выкіды”.
Зь ініцыятывы кіраўніка аргкамітэту ў стварэньні арганізацыі “Экасоцыюм” Валер'я Шаўчэнкі летась у Наваполацку адбылася экалягічная канфэрэнцыя, прысьвечаная праблеме водазабесьпячэньня. Фармальна аналiз якасьцi вады павінен весьціся па 53 паказьніках: пах, мутнасьць, наяўнасьць бактэрый i шкодных хiмiчных рэчываў і г.д. Вызначаны санiтарнымi нормамi іх дапушчальны ўзровень не павінен перавышаць 5%. Іншае пытаньне – ці абавязковае гэта правіла ў беларускіх умовах?
“У Рэспубліцы Беларусь вада папросту не адсочваецца па ўсіх неабходных паказьніках. Не выконваюцца шмат якія парамэтры, рэкамэндаваныя Ўсясьветнай арганізацыяй аховы здароўя. Вялізная колькасьць месцаў ня маюць станцый абезжалезьваньня, хоць вада ў нас вельмі шмат жалеза ўтрымлівае. У СанПіНе (санітарныя патрабаваньні і нормы), які сочыць за якасьцю пітной вады, шмат што ігнаруецца. Ён сам па сабе пабудаваны такім чынам, што калі існуючыя нормы нельга выканаць, то ўзьнікаюць “дапушчальныя” нормы. А калі не выконваеш нават дапушчальныя нормы, то можаш з выканкамам пагаварыць і не выконваць нават гэтыя нормы. То бок, у нас не закон дзейнічае, а СанПіН, і канцоў знайсьці ніхто ня можа. Якая вада ёсьць – такая і ёсьць”.
Ці хопіць вады на ўсіх?
Кожны жыхар Беларусі штосуткі спажывае 220 літраў вады. У сталіцы паказьнік яшчэ большы – 270 літраў, што ўдвая перавышае заходнеэўрапейскія стандарты. Аднак у Менску за два апошнія гады спажываньне зьнізілася на 11% – з 253 да 226 мільёнаў кубамэтраў. Гэта тлумачаць тым, што жыхары ўсталёўваюць лічыльнікі спажываньня вады.
Некалькі гадоў таму ўрад ухваліў дзяржаўную праграму “Чыстая вада”. Куратарамі –зацікаўленыя міністэрствы і ведамствы. Фінансуе праграму Міністэрства прыродных рэсурсаў і навакольнага асяродзьдзя. Сярод кірункаў – рацыянальнае водакарыстаньне: распрацоўка нарматываў водаспажываньня для 115 прадпрыемстваў краіны і прыватнага сэктару, а таксама разьвіцьцё экспарту пітной бутэляванай вады. Першы намесьнік міністра Аляксандар Апацкі ў інтэрвію Радыё Свабода сказаў:
“У асноўным яна выконваецца, гэтая праграма. Гэта тычыцца і аб’ектаў водазабесьпячэньня, і водаадвядзеньня, і водападрыхтоўкі, то бок, ачышчальныя збудаваньні. А таксама водазаборы, водаправодная сетка, станцыі абезжалезьваньня. Гэта такія асноўныя аб’екты і іх вельмі шмат. Мы напрыклад, адначасова вядзём працы на дзясятках аб’ектаў. Са спэцыяльнага фонду цягам мінулага году мы вялі фінансаваньне ажно па 48 аб’ектах”.
Карэспандэнт: “Ёсьць меркаваньне, што адна з асноўных праблемаў што да вады – гэта ўтрыманьне жалеза...”
“Раней да гэтай праблемы ставіліся больш-менш, скажам, спакойна. Нават яшчэ гадоў 5-6 таму Міністэрства аховы здароўя трымалася той пазыцыі, што пітную ваду трэба перадусім ачышчаць ад розных шкодных рэчываў. А вось жалеза стаяла на дальнім пляне. Цяпер, сапраўды, зусім інакш. Будуюцца дзясяткі станцый абезжалезьваньня. І ня толькі ў буйных гарадох, але і больш дробных населеных пунктах. Там, дзе дзеці, падлеткавы кантынгент – пры асобных школах, садках, у санаторыях абавязкова. І ў сельскіх населеных пунктах таксама. Там гэта робяць”.
Эпідэміёлягі канстатуюць: пасьля ачысткі ў абсалютнай бальшыні выпадкаў вада адпавядае дзяржстандарту “вада пітная”. Аднак застаюцца пытаньні ў шэрагу рэгіёнаў краіны. Самыя праблемныя з экалягічнага гледзішча месцы Беларусі, як сьлед, церпяць ад суседзтва з цэнтрамі прамысловасьці, дзе сканцэнтраваныя шкодныя вытворчасьці. Гэта перадусім Наваполацак, Салігорск, Магілёў, прамысловыя зоны Менска. Іх адмоўны ўнёсак у экалёгію вялізны. Але пэрыядычнае трапляньне ў ваду небясьпечных хімічных рэчываў – толькі фрагмэнт на тле іншых праблемаў. Дзяржава калі і рамантуе састарэлыя сыстэмы водазабесьпячэньня, то, як кажа эколяг Мікалай Шаўчэнка, тэхнічна гэта атрымліваецца не заўсёды дасканала:
“У некаторых выпадках нават на магістралях не правяраюць ваду, а толькі ў водазаборах. У той час як вада ў гэтых трубах жахлівая! Трубы ў бальшыні выпадкаў у нас дрэнна абароненыя, яны хутка выходзяць са строю і ў такой вадзе цэлы хімічны рэактар. Вось, прыкладам, ад Наваполацку пабудавалі 18-кілямэтровы водазабор. І празь пяць гадоў ужо выйшлі трубы са строю! Можаце ўявіць: 25 мільярдаў рублёў бухнуліся невядома куды. Цяпер праграма на 100 мільярдаў рублёў нешта рабіць, але яна разьлічаная на 20 гадоў. Яна затрымліваецца, яна не выконваецца, не хапае сродкаў. І па сутнасьці замест 20-ці можа расьцягнуцца гадоў на 40. А нам чакаць, каб адпаведная якасьць вады была”.