Эфір 2 сакавіка, нядзеля. Удзельнік - гісторык Анатоль Сідарэвіч.
У палітычнай гісторыі Беларускай Народнай Рэспублікі асобнае месца займаюць тры дзяржаватворчыя дакумэнты – тры Ўстаўныя граматы, прынятыя адпаведна 21 лютага, 9 і 25 сакавіка. Пра іх ролю ў станаўленьні беларускай дзяржаўнасьці, пра культурны рэнэсанс за часамі БНР, а таксама пра адносіны Рады Беларускай Народнай Рэспублікі да Рэспублікі Беларусь – гутарка з гісторыкам Анатолем Сідарэвічам.
“Мудрыя беларускія палітыкі ў 1918 годзе не сьпяшаліся абвяшчаць палітычны выбар Беларусі, спадзеючыся: а раптам бальшавікі паразумнеюць?”
Міхась Скобла: “Спадар Анатоль, памятаеце, у вершы “Родная мова” Пімен Панчанка, паэтычна характарызуючы назвы ўсіх дванаццаці месяцаў, напісаў з націскам на гук “с”: “Сакавік – з сакатаньнем і сокам вясновых бяроз”. Вось жа сакавік для беларусаў – гэта яшчэ і абвяшчэньне Беларускай Народнай Рэспублікі. Прычым, у грамадзкай сьвядомасьці замацавалася дата 25 Сакавіка. Але БНР была прагалошаная раней. Дык мо й адзначаць трэба іншую дату?”
Анатоль Сідарэвіч: “Не, усё ж маюць рацыю тыя, хто сьвяткуе 25 Сакавіка. Першая Ўстаўная грамата, прынятая 21 лютага, толькі абвяшчае перайманьне ўлады на тэрыторыі Беларусі. Але там нічога не гаворыцца пра дзяржаўна-праўны статус Беларусі. Што гэта: аўтаномная частка Расейскай дэмакратычнай фэдэрацыі, як сказана ў рэзалюцыі Ўсебеларускага зьезду, ці незалежная дзяржава? Тым часам падзеі разгортваюцца. Немцы даходзяць да Магілёву і Полацку. Бальшавікі ратуюць сваю ўладу – ідуць на ганебны Берасьцейскі мір, у выніку якога Беларусь, як мы ведаем, была падзеленая на дзьве часткі. Бальшавіцкая Расея пачынае рабункі беларускіх мужыкоў. Бальшавіцкі рэжым паказаў сваё вялікадзяржаўнае імпэрыялістычнае нутро. У гэтай сытуацыі Беларусь павінна была сказаць сваё слова. І Выканаўчы камітэт Усебеларускага зьезду 9 сакавіка прымае другую Ўстаўную грамату – абвяшчае Беларусь Народнай Рэспублікай”.
Скобла: “Давайце зьвернемся да яе тэксту. Што ў ёй дэкляравалася, якія асноўныя дзяржаватворыя прынцыпы закладаліся?”
Сідарэвіч: “Першы і галоўны прынцып – Беларусь абвяшчалася ў межах лічбавай перавагі беларускага народу. Гэта практычна тая Беларусь, якую мы сёньня маем за выняткам пэўных паветаў Віцебскай і Гарадзенскай губэрняў. Я маю на ўвазе Бельскі й Сакольскі паветы – гэта цяпер Сакольскае ваяводзтва Польшчы. Я маю на ўвазе некаторыя смаленскія, бранскія і чарнігаўскія землі.
Па-другое – абвяшчалася, што будзе праведзены Ўстаноўчы сойм Беларусі. Да гэтага часу Рада Ўсебеларускага зьезду павінна была пераняць уладу, яна яе й перайме 19 сакавіка і стане Радаю Беларускай Народнай Рэспублікі. Гэта што датычыць заканадаўчай улады. Цяпер пра ўладу выканаўчую. Народны Сакратарыят складаўся з 15 народных сакратароў. У другой Устаўной грамаце толькі адзін дэфэкт: зноў нічога не гаворыцца пра дзяржаўна-праўны статус Беларусі. Мудрыя беларускія палітыкі пакуль што пазьбягаюць адназначнасьці, яны трымаюць пра запас люфт у спадзяваньні: а раптам бальшавікі паразумнеюць? Але не паразумнелі, і ўжо ў трэцяй Устаўной грамаце быў канчаткова вызначаны статус Беларусі – як незалежнай дзяржавы. Так што сьвяткаваць усё ж трэба 25 Сакавіка”.
“Пасьля 25 сакавіка расейцы пачалі пакідаць структуры БНР”
Скобла: “Ва ўстаўных дакумэнтах БНР скасоўвалася права прыватнай уласнасьці на зямлю. А як жа спрадвечная, самая запаветная мара беларускага селяніна, выказаная ў Коласавай “Новай зямлі”: “Набыць зямлю, прыдбаць свой кут”?”
Сідарэвіч: “Правільна, права прыватнай уласнасьці касавалася. Але зямля абшарнікаў, зямля касьцельная, манастырская, удзельная, казённая перадавалася сялянам у спадчыннае карыстаньне. Гэта значыць – з правам перадачы ў спадчыну дзецям. Павінны былі быць створаныя таварныя, сялянскія, па-цяперашняму кажучы, фэрмэрскія гаспадаркі, дзе не выключалася выкарыстаньне наёмнай працы. Гэтыя гаспадаркі не павінны былі быць маленькія. Калі паміраў гаспадар, і заставалася вымарачная ўласнасьць (якую няма каму перадаць), то права набыцьця гэтай зямлі ці маёмасьці атрымлівала дзяржава, дзяржаўны зямельны фонд, які быў абавязаны перадаць гэтую зямлю, зноў жа, у сялянскае карыстаньне”.
Скобла: “Ва ўсіх трох устаўных граматах нічога не гаворыцца пра статус беларускай мовы. Але практычна ўсё справаводзтва, усе дакумэнты БНР прымаліся на беларускай мове (варта пагартаць “Архівы БНР”, укладзеныя Сяргеем Шупам). Няўжо ад пачатку і Выканаўчы камітэт Рады Ўсебеларускага зьезду, і Рада Беларускай Народнай Рэспублікі складаліся з адных сьведамых беларусаў?”
Сідарэвіч: “Рада Ўсебеларускага зьезду, абраная на самім зьезьдзе, складалася пераважна зь беларусаў, зь беларускіх сацыялістаў, якія былі беларускамоўнымі людзьмі. Але ў адпаведнасьці з даручэньнем дэлегатаў зьезду Рада была папоўненая прадстаўнікамі нацыянальных меншасьцяў сацыялістычнай арыентацыі. Тут былі палякі, тут былі габрэі, тут былі расейцы, і яны былі ўведзеныя ў першы Народны сакратарыят (Злобін і Макрэеў). Але лякмусавая паперка для іх была апушчаная ў ноч з 24 на 25 сакавіка. І прадстаўнік вялікаросаў Злобін першым пакінуў Народны сакратарыят і Раду рэспублікі. Пасьля 1 траўня ў Народным сакратарыяце застаюцца адны беларусы, і Рада БНР зноў складаецца пераважна зь беларусаў”.
Скобла: “Сёньня мы назіраем рэакцыю эўрапейскіх дзяржаваў на абвяшчэньне незалежнасьці Косавам. Чаму Беларускую Народную Рэспубліку не хацелі прызнаваць нават нашыя найбліжэйшыя суседзі, зь якімі мы калісьці жылі ў адной дзяржаве – я маю на ўвазе і Вялікае Княства, і Рэч Паспалітую?”
“Беларуская Народная Рэспубліка для ўсіх, акрамя саміх беларусаў, была нежаданая”
Сідарэвіч: “У такіх выпадках я заўсёды адсылаю суразмоўцаў да працы шаноўнага доктара Юр’я Туронка “Нежаданая Рэспубліка”. Літва квапілася на беларускія землі па Наўгардукас (Навагародак), Гардзінас (Горадню) і Наруціс (Нарач). Латвія спакусна пазірала на Даўгалпілс (Дзьвінск). Украіна мецілася на Піншчыну, Кобрыншчыну, Берасьцейшчыну, Мазыршчыну і Гомельшчыну. Ну, даўнія, гетманскія яшчэ жаданьні мець у нашым Падняпроўі свае маёнткі.
У Польшчы наогул быў антыбеларускі хаўрус зь немцамі. Паколькі Польшча не магла вярнуць сабе Познань і Гданьск, то прапаноўвалася такая зьдзелка: Беласточчына, Берасьцейшчына і Гарадзеншчына адыходзяць Польшчы замест Познаньшчыны. Усе былі зацікаўленыя ўрваць што-небудзь у Беларусі. Урэшце і бальшавікі свой кавал урвалі. Як мы ведаем, тры беларускія губэрні – Гомельшчына, Магілёўшчына і Віцебшчына да 1924-1926 гадоў належалі Расейскай Савецкай Фэдэратыўнай Рэспубліцы.
БНР для ўсіх, акрамя саміх беларусаў, была нежаданая. Асабліва непрывабную ролю тут адыграў і францускі ўрад, і нямецкі ўрад (як кайзэраўскі, так і сацыял-дэмакратычны, калі прэзыдэнтам Нямеччыны стаў Фрыдрых Эбэрт)”.
Скобла: “Чаму Нямеччына ў адносінах да БНР павяла сябе так брутальна?”
Сідарэвіч: “А немцы паабяцалі ў Берасьці, што ня будуць прызнаваць ніякіх новых дзяржаўных утварэньняў на тэрыторыі былой Расейскай імпэрыі. Дарэчы, літоўцы (самі здагадаліся, ці ім падказалі) абвясьцілі сваю незалежнасьць 16 лютага. І Літоўская рэспубліка, як і Ўкраінская рэспубліка, пад гэты пункт Берасьцейскай дамовы не падпадалі. Хоць, трэба сказаць, немцы пэўны час нават схіляліся да прызнаньня БНР. Яны паглядзелі, што Народны сакратарыят на нешта здатны, і пачалі паступова перадаваць яму гаспадарчыя справы, пошту. Немцам перашкодзіла тое, што беларускія палітычныя сілы не знайшлі адзінства, ня здолелі ў ліпені 1918 году сфармаваць кааліцыйны ўрад”.
“Ангельскі ўрад настойліва прапаноўваў Польшчы стварыць фэдэратыўны саюз зь Літвой, Беларусьсю і Ўкраінай”
Скобла: “Адным з актыўных дзеячоў БНР на міжнароднай арэне быў Антон Луцкевіч. У 1919 годзе па дарозе з Парыжу ў Менск ён у рангу прэм’ер-міністра сустракаўся ў Варшаве з начальнікам Польскай дзяржавы Юзафам Пілсудзкім. Цікава, на якой мове яны размаўлялі?”
Сідарэвіч: “Думаю, што па-польску. Хоць маглі й па-беларуску, хутчэй за ўсё, на віленскай трасянцы. Бо Пілсудзкі ў коле сяброў, даўніх знаёмцаў і віленчукоў ніколі не стараўся гаварыць на чыстай польскай мове. Ён заўсёды абвяшчаў: “Nie estem poliakem, estem litvinem”. А ў ліцьвінаў свая пальшчызна”.
Скобла: “Але тое, што яны размаўлялі на адной мове, хай сабе й трасянцы, не дапамагло ім паразумецца ў справе будучыні Беларусі”.
Сідарэвіч: “Таму што Пілсудзкі ня быў адзіным акторам на польскай палітычнай сцэне. Вельмі моцныя пазыцыі ў Польшчы мелі партыя Вітаса, я маю на ўвазе Пяст, сялянскую партыю, а таксама нацыянальныя дэмакраты – эндэкі. Усе яны былі перакананыя, што гэтыя, перапрашаю, “крэсы” – адвечная польская тэрыторыя.
Ангельскі ўрад настойліва прапаноўваў Польшчы стварыць фэдэратыўны саюз зь Літвой, Беларусьсю і Ўкраінай, але палякі на гэта не пайшлі. Яны мелі апірышча ў Францыі. А Жорж Клемансо быў, па-першае, палёнафілам, а па-другое – масквафілам”.
“У Менску ў 1918 годзе быў культурны рэнэсанс, на бальшавіцкім баку мы ня бачым ніводнай прыкметнай фігуры беларускай культуры”
Скобла: “Беларуская Народная Рэспубліка праіснавала няпоўных два гады, дакладней, 22 месяцы. Што за гэты час было зроблена ў сфэры асьветы й культуры?”
Сідарэвіч: “Мяркуйце самі. Ужо ўлетку 1918 году ў Менску было два тэатры. Ах, якія гэта былі тэатры! Фурор у Менску зрабіў пан Францішак Аляхновіч, які прыехаў зь Вільні. І гэта была дастойная канкурэнцыя вэтэрану менскай сцэны – заснавальніку першага беларускага Таварыства драмы й камэдыі Флярыяну Ждановічу.
Адчыняюцца гімназіі ў Менску, у Будславе, была створаная падрыхтоўчая камісія для адкрыцьця Беларускага ўнівэрсытэту, пачало дзейнічаць выдавецтва для падручнікаў “Прасьвета”. Дзейнічалі хор Уладзімера Тэраўскага, аркестар народных інструмэнтаў і танцавальная група. А што друкуе газэта “Беларусь”? “Пінскую шляхту” і “Залёты” Дуніна-Марцінкевіча, цэлыя разьдзелы з “Сымона-музыкі” і “Новай зямлі” Коласа. Першы і апошні раз у жыцьці атрымлівае магчымасьць выдаваць свой часопіс Янка Купала, ён называўся “Рунь”... Практычна, на бальшавіцкім баку мы не бачым ніводнай прыкметнай фігуры беларускай культуры. Там адзін Зьміцер Жылуновіч (Цішка Гартны). Гэты культуровы рэнэсанс зачапляе маладзенькіх Антона Адамовіча і Андрэя Александровіча. Вось той кацёл, у якім стваралася база для імклівага росту беларускай культуры 1920-х гадоў: “Маладняка”, “Узвышша” і г.д.”
“Калі б Рада БНР прызнала РБ, у нас не засталося б аніякай вонкавай рэпрэзэнтацыі на выпадак аншлюсу Беларусі”
Скобла: “Прыканцы гутаркі я хачу зьвярнуцца яшчэ да аднаго дакумэнту. Гэта дэклярацыя Рады БНР ад 1947 году, дзе, між іншым, гаворыцца: “Рада Беларускай Народнай Рэспублікі не прызнае і не прызнае БССР за форму беларускага незалежнага гаспадарства, уважаючы яе за расейска-камуністычную фікцыю, накінутую Масквою”. Гэта зразумела. Але быў 1991 год, была абвешчаная незалежная Рэспубліка Беларусь, былі зацьверджаныя яе дзяржаўныя сымбалі – бел-чырвона-белы сьцяг і “Пагоня”. Але Рада БНР так і не прызнала РБ. Чым гэта можна патлумачыць?”
Сідарэвіч: “А пэўныя захады Менскам для гэтага прызнаньня рабіліся. Міністар замежных справаў Пятро Кузьміч Краўчанка прыклаў шмат сілаў і энэргіі для скліканьня Першага зьезду беларусаў сьвету. А на сьвяткаваньне 75-х угодкаў Акту незалежнасьці ў Беларусь прыяжджаў доктар Язэп Сажыч – старшыня Рады БНР. І пайшла чутка, што Рада БНР прызнае Рэспубліку Беларусь, дзяржаўная пячатка будзе перададзеная сюды, у Менск. Адбудзецца тое, што адбылося з Украінскай Народнай Рэспублікай, што адбылося з польскім эміграцыйным прэзыдэнтам, які прызнаў Польшчу.
Але ў Беларусі быў прэм’ер Кебіч, у беларускім Вярхоўным Савеце зноў падымаліся камуністычныя сілы. І любы пільны назіральнік за беларускімі працэсамі бачыў, што ў Беларусі ўсё ідзе ня так гладка, што ёсьць пагроза дэмакратыі і новаму культурнаму рэнэсансу. І стала ясна, што Рада БНР не прызнае РБ”.
Скобла: “А калі б гэтае прызнаньне адбылося, якія б мы мелі палітычныя наступствы?”
Сідарэвіч: “Калі б Рада Беларускай Народнай Рэспублікі прызнала Рэспубліку Беларусь, гэта азначала б, што ў нас не засталося аніякай рэпрэзэнтацыі на выпадак аншлюсу Беларусі. Хоць я, як гісторык, перакананы: аншлюс нам не пагражае. Чаму? Давайце зьвернемся да часоў абвешчаньня БССР. Хто быў самым актыўным выступанцам супраць? Мясьнікян і Кнорынг. А калі яны сталі на чале гэтай БССР, то зрабіліся заўзятымі абаронцамі яе тэрытарыяльнай цэласьці й працівіліся стварэньню ЛітБелу, штучнага аб’яднаньня, прыдуманага ў Маскве. Зь якой такой рацыі нашчадкі Кнорынга і Мясьнікяна, якія сёньня кіруюць у Беларусі, аддадуць сваю ўладу і сваю тэрыторыю Маскве, Варшаве ці Вільні?”