Расейскі манапаліст “Газпрам” з 4 сакавіка яшчэ на чвэрць скараціў пастаўкі газу ва Ўкраіну, матывуючы гэта запазычанасьцю за мінулы год і непадпісаньнем кантракту на 2008 год.
Такім чынам, агульны аб’ём скарачэньня дасягнуў 50 адсоткаў ад узроўню, які быў да 3 сакавіка. Ва ўкраінскім урадзе заяўляюць, што цалкам расплаціліся з даўгамі, і абвінавачваюць расейскі бок у нежаданьні адмовіцца ад непразрыстай схемы паставак газу. Якія наступствы мае гэты канфлікт для Беларусі і калі ён можа скончыцца?
Паводле падлікаў агенцтва Інтэрфакс, кожны дзень чарговага газавага канфлікту Расеі з Украінай наносіць беларускаму бюджэту шкоду на 140 тысяч даляраў. У “Белтрансгазе” гэтую лічбу не камэнтуюць.
Збольшага пагаджаецца з такой лічбай стратаў і аглядальніца газэты “Беларусы і рынак” Тацяна Манёнак, якая спэцыялізуецца на газавай тэме:
“Сапраўды, Беларусь не атрымлівае гэтых грошай за прапампоўваньне газу ва Ўкраіну праз нашу тэрыторыю. Гэта за тую частку, якая пастаўлялася праз нашу газавымяральную станцыю “Мазыр”. Страты прыблізна такія”, — мяркуе Тацяна Манёнак.
Калі ад гэтага канфлікту цярпіць беларускі бюджэт, то ці не паспрабуе Беларусь прысьпешыць яго разьвязаньне? Тацяна Манёнак такі ўдзел Беларусі ў расейска-ўкраінскай спрэчцы выключае. Яна нагадвае, што ўжо цяпер 25% акцыяў “Белтрансгазу” належыць расейскаму “Газпраму”, а праз тры гады ў расейцаў будзе палова акцыяў. “У гэтым канфлікце Беларусь будзе на баку Расеі або проста адмаўчыцца”, — прагназуе Тацяна Манёнак. Аднак журналістка мяркуе, што салідарная з Украінай пазыцыя ў пэўных палітычных умовах была б карысная:
“Калі б Беларусь і Ўкраіна выступілі салідарна, як транзытныя краіны, разам было б лягчэй змагацца з манапалістам-“Газпрамам”. Але пакуль кожная краіна вытаргоўвае сабе ўмовы самастойна. Беларусь гэта робіць пакуль пасьпяхова. На першы квартал мы маем вельмі спрыяльныя кошты, і гэта можа захавацца на ўвесь год”.
Тацяна Манёнак мяркуе, што цяперашні канфлікт паміж “Газпрамам” і ўкраінскім урадам на чале зь Юляй Цімашэнкай будзе вырашаны празь некалькі дзён: бакі знойдуць кампраміс. “Інакш прыйдзецца зноў абмяжоўваць пастаўкі ў Эўропу, а паўтарэньня гэтага скандалу ніхто не захоча”, — кажа Тацяна Манёнак.
Іншы прагноз робіць вядомы эканаміст, кіраўнік навукова-дасьледчага цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук. Паводле яго, прычыны канфлікту “Газпрама” з украінскім урадам — у непразрыстай схеме паставак газу ва Ўкраіну праз пасярэдніка, у якім зацікаўленыя карумпаваныя чыноўнікі абедзьвюх краін. Новы прэм’ер украінскага ўраду Юлія Цімашэнка паспрабавала наладзіць прамыя пастаўкі, і гэта выклікала супраціў. “Але канфлікт хутка ня вырашыцца ня толькі таму, што ўплывовыя асобы ў Расеі не захочуць адмаўляцца ад звышпрыбыткаў”, — заўважае Яраслаў Раманчук.
“Гэтая тэма палітызаваная і ва Ўкраіне. Фактычна, Юлія Цімашэнка пачала перадвыбарчую кампанію. Спадар прэзыдэнт Юшчанка хацеў бы паўплываць, але паўнамоцтваў яўна не хапае. Таму, мяркую, канфлікт будзе гарэць яшчэ доўга, бо ён і ва Ўкраіне выгадны розным сілам”.
Пры гэтым Яраслаў Раманчук ня лічыць, што страты Беларусі трэба вымяраць сотнямі тысяч даляраў, страчаных на транзыце. “Кожны вонкавы канфлікт Расеі выгадны беларускаму рэжыму, бо пакідае яго ў ролі адзінага саюзьніка”, — кажа аглядальнік Яраслаў Раманчук.