У Чыгуначным райсудзе працягваецца разгляд справаў апазыцыянэраў Алены Залескай і Барыса Хамайды, якія 25-га лютага ў Віцебску правялі акцыю памяці Ірыны Казулінай.
Акцыя праходзіла каля “сіняга дому" (дому № 28 па вуліцы Леніна) у Віцебску.
Актывісты раздавалі мінакам улёткі са зьвесткамі пра сьмерць Ірыны Казулінай і пра тое, што палітвязьня Аляксандра Казуліна не пускаюць на пахаваньне жонкі. За гэта актывістаў затрымалі ды завезьлі спачатку ў пастарунак, а потым у суд.
На пачатку судовага працэсу Барыс Хамайда запатрабаваў перакладчыка, заявіўшы, што дакладна не разумее сэнсу пытаньняў судзьдзі Алы Бардзюковай, якая размаўляе па-расейску. Судзьдзя мусіла задаволіць хадайніцтва апазыцыянэра й перанесла судовае пасяджэньне на сёньняшні дзень. Алена Залеская таксама атрымала позву на сёньня.