Гомельская абласная арганізацыя Аб’яднанай грамадзянскай партыі на сваёй канфэрэнцыі вырашыла ініцыяваць збор подпісаў пад патрабаваньнем правесьці агульнанацыянальны рэфэрэндум наконт мэтазгоднасьці будаўніцтва ў Беларусі атамнай электрастанцыі.
Гаворыць адзін з ініцыятараў кампаніі, кандыдат тэхнічных навук Юрый Варонежцаў:
“Мы жывём у рэгіёне, які моцна пацярпеў ад Чарнобыльскай катастрофы, і вастрэй адчуваем гэтую праблему. Мы атрымалі велізарную калектыўную дозу апраменьваньня. Усе беларусы атрымалі — хто болей, а хто меней. І любыя, нават мінімальныя, прыбаўкі да атрыманай ужо дозы вельмі небясьпечныя для здароўя насельніцтва. Па-другое, эканамічна для такой невялікай і ня надта багатай дзяржавы, як Беларусь, будаўніцтва атамнай станцыі абсалютна неапраўданае. Апрача таго, будаўніцтва атамнай станцыі павялічвае энэргетычную залежнасьць Беларусі ад адной краіны — Расеі, няхай і дружалюбнай, але ад якой мы й так залежым у энэргетычным сэнсе”.
Гомельскія дэмакраты прынялі заяву, у якой заклікалі ўсіх грамадзян Беларусі, каму не абыякавы лёс краіны, здароўе й дабрабыт будучых пакаленьняў, далучыцца да патрабаваньня правесьці рэфэрэндум пра забарону будаўніцтва атамнай электрастанцыі на тэрыторыі Беларусі.