Агляд недзяржаўнага друку 3 сакавіка: “Белгазета”, “Белорусы и рынок”, “Вечерний Брест”.
Тэма нумару “Белгазеты” – Аляксандар Казулін. Тыднёвік зьмяшчае інтэрвію, якое палітвязень даў па дарозе ў калёнію. Намесьнік галоўнага рэдактара Віктар Марціновіч разважае, якую ролю адыграў спадар Казулін за гэтыя тры дні на волі:
“Я зьвяртаю ўвагу на тое, што гэта роля такая кансалідацыйная, што зь нейкага бунтара, зь нейкага вулічнага баевіка за гэтыя тры дні ён пераўтварыўся амаль што ў другога Мілінкевіча: ён не крытыкаваў апазыцыю, ён устрымаўся ад камэнтароў на адрас сваіх паплечнікаў па партыі, ён кансалідаваў усіх”.
“Белгазета” таксам публікуе інтэрвію вядомага расейскага тэлежурналіста Яўгена Кісялёва. “Улада што ў Расеі, што ў Беларусі – чорная скрыня, -– лічыць Кісялёў. – Якія рашэньні прымаюцца ўнутры самой скрыні, як яны аналізуюцца на праектнай стадыі – ніхто ня ведае. Таму чаму Аляксандар Лукашэнка праявіў літасьць, выпусьціўшы з турмы некалькіх апазыцыянэраў, адпусьціўшы Аляксандра Казуліна на пахаваньне жонкі – ня ведае ніхто. Магчыма, гэта рэалізацыя чарговага сцэнару...”
Тыднёвік “Белорусы и рынок” таксама значную частку матар’ялаў прысьвячае Аляксандру Казуліну. Пра іншыя тэмы: “Хто перамог: Мядзьведзеў альбо Пуцін?” У артыкуле параўноўваюцца сацыялягічныя дадзеныя дзяржаўнага Ўсерасейскага цэнтру дасьледаваньняў грамадзкай думкі і незалежнага Фонду “Грамадзкая думка”: ці набярэ Дзьмітрый Мядзьведзеў больш галасоў, чым Уладзімер Пуцін у 2004 годзе, чый прагноз найбольш блізкі да рэалій? Палітычны аглядальнік тыднёвіка Паўлюк Быкоўскі:
“У гэтым адзіная інтрыга на расейскіх выбарах. Палітоляг Дзяніс Мельянцоў камэнтуе, якое значэньне гэта будзе мець для Беларусі. На ягоную думку, у Мядзьведзева ў бліжэйшы час проста рукі ня будуць даходзіць да Беларусі, таму адносіны крыху памякчэюць”.
«Вечерний Брест». «У горадзе трэба ўводзіць надзвычайнае становішча». Улада абвяшчае вайну несанкцыянаваным графіці. Апошняй кропляй стала дывэрсія графітыстаў на адрэстаўраваным участку вуліцы Савецкай. «Пэцкуны» парушылі ня толькі Адміністрацыйны кодэкс, але і непісаны кодэкс гонару графіцістаў, згодна зь якім нельга паліваць фарбай помнікі, новыя будынкі і аўтамабілі. На паседжаньні гарвыканкаму прапаноўвалі самыя розныя захады барацьбы: кантраляваць, хто прадае і хто купляе фарбу ў балёнчыках, рабіць засады, патруляваньне, жорстка караць графіцістаў.