А.Сурыкаў: палітвязьні – “унутраная справа дзяржавы”

У Беларусі расейцы галасавалі за прэзыдэнтаў

Паводле дадзеных міністэрства ўнутраных справаў, у Беларусі стала жыве больш за 70 тысяч расейскіх грамадзянаў. Старшыня выбарчай камісіі ў Менску Ігар Гурко сказаў, што актыўнасьць выбарцаў высокая, пажадалі прагаласаваць нават 15 расейцаў, якія знаходзяцца ў сьледчым ізалятары.

Амбасадар Расеі Аляксандар Сурыкаў сказаў, што галасаваў за пераемнасьць у палітыцы. На пытаньне карэспандэнта Свабоды ці будзе Расея спрыяць дэмакратызацыі Беларусі і вызваленьню Аляксандра Казуліна, спадар Сурыкаў адказаў:

Амбасадар А.Сурыкаў галасуе


“Расея займае больш узважаную палітыку. Мы ня ўмешваемся ва ўнутраныя справы дзяржаваў. Бо хтосьці кваліфікуе частку зьняволеных як палітычных, нехта як крымінальных. Мы лічым, што гэта ўнутраная справа дзяржавы, разьбірацца ўнутры сябе. І лезьці ў гэта, напэўна, не хацелася б. Іншае пытаньне – дапамагаць станаўленьню партыйнай сыстэмы ў Беларусі. Гэта пэўна трэба. Гэта больш дэмакратычныя дзеяньні”.


Паводле А.Сурыкава, цягам гэтага году падвышэньне цэнаў на расейскі газ для Беларусі складзе 7-10% .

“Ёсьць пэрыяд, які зададзены Расеяй і Беларусьсю – 2011 год, дзе мы мусім ушчыльную наблізіцца да сусьветных цэнаў на энэрганосьбіты. Былі нейкія крыўды на пачатку 2007 года, але ўзаемаразуменьне цяпер дасягнутае”.

Амбасадар Сурыкаў, адказваючы на пытаньні журналістаў таксама сказаў, што расейскі бізнэс можа актыўна пайсьці на беларускае эканамічнае поле. Але для гэтага павінны быць створаныя пэўныя ўмовы. Сярод якіх зьмякчэньне дзеяньня “залатой акцыі”, скасаваньне адміністрацыйных бар’ераў, паніжэньне падаткаабкладаньня.

Бальшыня апытаных расейцаў сказалі, што галасавалі за Дзьмітрыя Мядзьведзева. У выпадку яго перамогі, як складуцца расейска-беларускія стасункі?

Спадар: “Я думаю, горш, чым было. З газам пачнуцца праблемы, і з нафтай”.

Спадар: “Усё на рыначныя рэйкі становіцца. “Дзяшоўкі” ужо ні для кога ня будзе, усё”.

Спадар: “Я лічу, што калі было напружаньне перад новым годам з газам, я думаю, да гэтага Мядзьведзеў руку таксама прыклаў”.


Адзін спадар прагаласаваў за Ўладзімера Жырыноўскага:


“Я толькі яму веру, што нешта будзе зроблена, нешта перавернецца. Бо гэта ўлада Пуціна і Ельцына – гэта ўжо мінулае. І ніякіх ня будзе зьменаў пры Мядзьведзеву. Але несправядлівасьць вялікая ў выбарах. Аднаму даюць хвіліну пагаварыць, а іншага паказваюць штодня. Дык як гэта можа быць справядлівасьць?!”

На выбарчым участку ў Менску галасуюць расейцы

Назіральнікаў за выбарамі не было