Першы сёлетні і трыццаць другі ад часу заснаваньня нумар недзяржаўнага літаратурна-мастацкага часопісу “Дзеяслоў”, які днямі зьявіўся з друку, сабраў пад сваімі вокладкамі суквецьце імёнаў айчыннай літаратуры.
На яго старонках творы і ўжо адышоўшых у іншы сьвет клясыкаў Васіля Быкава і Алеся Адамовіча, і жывых мэтраў Рыгора Барадуліна, Ніла Гілевіча, Анатоля Кудраўца, і таленавітых маладзейшых – Леаніда Дранька-Майсюка, Эдуарда Акуліна, Андрэя Федарэнкі... А яшчэ – мэмуары, сярод якіх амаль сэнсацыйныя згадкі пра Якуба Коласа яго малодшага сына Міхася.
“Я чалавек не без загану,
І вы зь мяне пасьмеяцеся:
У сэрцы я нашу Сьвятлану,
А поўніць мысьлі мне Алеся”.
Так з гумарам пісаў Якуб Колас пра свае захапленьні ў вершы “Маім каханым”, які прыводзіць у сваіх згадках пра бацьку Коласаў малодшы сын Міхась Міцкевіч. Але ня толькі гумар нараджалі ў паэтавай душы ягоныя захапленьні, быў і боль, і роспач, і ўсё астатняе, што прыносяць інтымныя пачуцьці. Але ніколі не было нянавісьці, хоць ня ўсе жанчыны, што сустрэліся на шляху песьняра, былі, па словах сына, вартыя захапленьня.
“Прыгажосьць і абаяльнасьць жанчыны ён узносіў да нябёс. Можа таму ў яго творах адмоўных жаночых вобразаў і не было”. Так Міхась Міцкевіч характарызуе напісанае пра жанчын ягоным бацькам Якубам Коласам. І распавядае пра бацькавы захапленьні тое, што захавала памяць малодшага сына і што асталося ў сямейных паданьнях.
Ядзьвіся, Наталка Туравец, Натальля Чакалінская, Сьвятлана Сомава, Алеся Кетлер... Гэтыя жанчыны пакінулі па сабе цудоўную Коласаву лірыку, многае зь якой да сёньня не надрукавана. І ня будзе, па словах літаратуразнаўцаў, надрукаванае і ў поўным зборы твораў, два тамы зь якога выйшлі летась.
Чытачам застаецца чакаць, пакуль родныя адрасатак лірыкі клясыка здымуць забарону на друк. А таксама радавацца новым творам сучасьнікаў. Тым больш што ў нас ёсьць цудоўная магчымасьць чуць іх у непаўторным аўтарскім выкананьні.
“Адштурхнуўшыся ад сьвятла,
У вакольлі дажджыста-сонным
На спатканьне, відаць, плыла
Чарацінка пад парасонам.
Чарацінку чакаў чарот,
І, няйначай, яшчэ зялёны.
Намагаўся прэсны народ
Закруціць яе ў вір штодзённы.
Жмурылася ў зайздросьці імгла.
Мокры гук
Шаптаўся са звонам.
На спатканьне зь лёсам плыла
Чарацінка пад парасонам...”
Гэта толькі адзін верш Рыгора Барадуліна зь яго новай нізкі “Чмяліны мёд”, зьмешчанай на старонках новага “Дзеяслова”. А ўсяго там такіх міні-шэдэўраў намінанта на Нобэлеўскую прэмію больш за сорак – амаль цэлая кніга.