Лідэра руху “За Свабоду” Аляксандра Мілінкевіча затрымалі супрацоўнікі міліцыі Кобрынскага РАУС.
Пра гэта “Свабодзе” паведаміў актывіст руху “За Свабоду” Аляксей Кавалец. Суразмоўца адзначае, што міліцыянты правяраюць сапраўднасьць нумару аўтамабіля Volvo C90.
“Мілінкевіч карыстаецца аўтамабілем ужо два гады, – кажа спадар Кавалец, – міліцыянты добра інфармаваныя пра гэта, але відавочна, што яны атрымалі загад цягнуць час як найдаўжэй”.
“Свабода” паведамляла, што некаторы час таму Аляксандар Мілінкевіч быў дастаўлены ў Івацэвіцкі РАУС. Міліцыя склала пратакол, нібыта вадзіцель аўтамабіля праігнараваў патрабаваньне супрацоўнікаў ДАІ спыніцца.
На сёньня ў Берасьці былі загадзя прызначаныя сустрэчы Аляксандра Мілінкевіча з журналістамі, грамадзкімі актывістамі і гараджанамі.