Перадача "Цытаты мінулага". Вось якія згадкі пра мінулае адшукаліся ў публікацыях беларускіх газэтаў ад 29 лютага розных гадоў
“Наша Ніва” ў 1908 годзе пад загалоўкам “Як ваююць з пьянствам у Англіі і Фінляндыі” адзначае: “Ў Фінляндіі Сэйм (Дума) пастанавіў, што гарадзкіе і сельскіе упраўленьня маюць права забараніць гнаць і прадаваць гарэлку ў граніцах свайго гораду ці вёскі (прадаваць гарэлку можна толькі ў аптэках, як лекарства, калі доктар напішэ). Такім парадкам дык ў тых месцох, гдзе народ не захочэ піць, ён можэ саўсім недапушчаць да сябе гарэлкі, нават забараніць прывазіць яе аткуль-небудзь”.
“Беларуская вёска” ў 1928 годзе друкуе сьпіс рэчаў, якія могуць выйграць у лятарэі гадавыя і паўгадавыя падпісчыкі газэты: “Адна сячкарня на 40 рублёў; два новыя драпакі; два новыя медныя самавары; дваццаць новых косаў; дваццаць сярпоў; дзьве бібліотэкі па 20 кніжак у кожнай; дзьве пары новых ботаў; дзьве пары камашаў; суконны касьцюм; дзесяць жаночых галаўных хустак; двое новых часоў; дзьве хатнія аптэчкі; два пакункі цукру па 20 фунтаў у кожным”.
“Бацькаўшчына” ў 1948 годзе паведамляе з Польшчы: “Пракурору Раману Мартыні было даручана правесьці сьледзтва аб забойстве польскіх афіцэраў у Катыні. З вынікаў сьледзтва сталася ясным, што катамі былі Расейцы й нат выяўлены прозьвішчы 6 афіцэраў НКВД, якія кіравалі экзэкуцыю: Леў Рыбак, Хаім Фінбэрг, Абрагам Бансовіч, Барыс Кучаў, Іван Сяканаў і Восіп Лісак... Пасьля даручэньня вынікаў сьледзтва міністру Сьвянткоўскаму, пракурор Мартыні загінуў з рукі камуністага”.