Абрад вянчаньня стаў у Беларусі папулярным і нават модным. Амаль кожны сайт, прысьвечаны вясельнай тэматыцы, мае асобны разьдзел прысьвячае апісаньню працэдуры вянчаньня. Ці можа царкоўны шлюб умацаваць адносіны паміж мужчынам і жанчынай і ўмацаваць сям'ю?
Юрась толькі мае браць царкоўны шлюб. Яму 35 год, і такое рашэньне не было спантанным. Як сапраўдны вернік ён лічыць такі варыянт шлюбу адзіным прымальным – калі не было вянчаньня, то й шлюбу не было, разважае Юрась. Вянчаньне можа ўмацаваць адносіны, ускласьці на мужа і жонку дадатковую маральную адказнасьць за шлюб:
“Што такое царкоўны шлюб? Гэта абяцаньне перад абліччам Бога, калі сужэнцы абяцаюць жыць разам усё жыцьцё. І гэта ўжо ня тое, што нейкая паперка падпісаная – ёсьць сьведкі гэтага абяцаньня, мы самі чулі адно ад аднаго гэтае абяцаньне. І гэта ўжо вельмі важкая прычына ставіцца да гэтага сур’ёзна”.
У традыцыі каталіцкага касьцёлу вянчаньне лічыцца неабходным, і безь яго шлюб не прызнаецца, тлумачыць рэдактарка інтэрнэт-парталу “Царква” Наталка Базылевіч. Аднак пабрацца ў касьцёле ня проста:
“Каб павянчацца ў каталіцкай царкве, неабходна выканаць шэраг патрабаваньняў, неабходна прайсьці катэхізацыйныя гутаркі, неабходна нейкім чынам увайсьці ў гэты кантэкст. Праваслаўная царква гэтага цяпер, на жаль, ня робіць, і мы можам назіраць у развадныя дні ў эпархіі такую колькасьць людзей, якія лічаць, што яны зрабілі памылку, узяўшы царкоўны шлюб. І яны сапраўды разгубленыя, ня ведаюць, што цяпер з гэтым рабіць”.
Ахвочых вянчацца менее
Статыстыка царкоўных шлюбаў у Беларусі не вядзецца. Зрэшты, згодна з назіраньнямі спадарыні Базылевіч, цягам апошніх год ахвочых павянчацца стала меней. Затое колькасьць наведнікаў эпархіі ў разводныя дні нават візуальна павялічылася.
Праваслаўе прызнае шлюб, які зарэгістраваны ў ЗАГСе. З пункту гледжаньня праваслаўнай царквы такія пары не грашаць перад Богам, таму вянчаньне не зьяўляецца нечым неабходным. Аднак, мяркуе Наталка Базылевіч, некаторыя жаніхі й нявесты папросту ня пэўныя ў сваіх пачуцьцях. Прыгожы абрад вянчаньня павінен гэтую няпэўнасьць кампэнсаваць.
Разважае псыхоляг Жанна Мацкевіч:
“Пасьпешнае вянчаньне, я лічу, не дапамагае, а папросту дае магчымасьць надалей, калі пачынаюцца канфлікты і сваркі, кпіць з гэтага абраду й казаць: “Ты ж вянчалася!”, – альбо: “Ты ж вянчаўся!” А насамрэч няма зыходнага пункту – жаданьня людзей быць разам”.
Спадарыня Мацкевіч павянчалася са сваім мужам у касьцёле праз 39 год пасьля таго, як зарэгістравала зь ім шлюб у ЗАГСе. Яна лічыць, што вянчаньне дае мужу й жонцы псыхалягічную ўстаноўку на тое, што яны цяпер адзінае цэлае й здольныя прыняць адно аднаго.
"Вянчаньне – гэта не магічнае дзеяньне"
Праваслаўны сьвятар, айцец Аляксандар Шрамко кажа: вянчаньне – гэта не магічнае дзеяньне, якое можа станоўча паўплываць на адносіны мужчыны і жанчыны і неяк іх умацаваць. Калі чалавек ня мае шчырай веры ў Бога, царква не дапаможа яму ўратаваць шлюб. Большасьць людзей прыходзіць у царкву ці касьцёл павянчацца дзеля ўрачыстага антуражу:
“Можа, хто лічыць сябе царкоўным чалавекам, бо ходзіць да храму. Лічыць сябе праваслаўным ці каталіком, неяк так сябе атаясамлівае з той ці іншай рэлігіяй. Але ён застанецца ў прынцыпе чалавекам сьвецкім: ён усё ў сваім жыцьці робіць на свой роздум. Для чаго ён прыйдзе ў царкву? Што ён можа ўзяць? Ну вось ён і думае: ну атрымаеш нейкую сілу звыш, можа, умацуецца болей шлюб. Але гэта ўжо ненатуральна, таму й паўстаюць увесь час такія пытаньні”.
Сьвятар раіць пачакаць менавіта з царкоўным шлюбам для параў, якія хочуць стварыць сям’ю. Калі муж і жонка адчуюць сябе сапраўднымі хрысьціянамі й будуць гатовыя да такога шлюбу, тады варта будзе й павянчацца.
Царкоўнага разводу няма
Што да скасаваньня царкоўнага шлюбу, то тут ёсьць свае складанасьці. Вось як гэта адбываецца, да прыкладу, у праваслаўі. Айцец Аляксандар:
“У царкве магчымы развод тады, калі быў грэх распусты ці адзін сужэнец кінуў другога, напрыклад, некуды зьехаў. Царкоўны развод ня робіцца, а робіцца проста дазвол на другое вянчаньне. Калі чалавек вінаваты, калі ён саграшыў і па ягонай віне скасаваўся шлюб ці ён сам падаў на развод, то такі чалавек ня мае права зусім вянчацца. Але практычна ў нас ніякіх дакумэнтаў, нічога няма. Ніхто ня ведае, што як было. Часьцей за ўсё чалавек сам прыходзіць у эпархію і расьпісвае ўсе абставіны, чаму так выйшла. Даецца яму нейкае духоўнае заданьне, ён чытае нейкія малітвы, спавядаецца. І потым фактычна са стоадсоткавай гарантыяй яму такі дазвол даецца”.
Вольга мела досьвед царкоўнага шлюбу. Сама хрышчаная ў касьцёле, яна павянчалася з праваслаўным у царкве, бо такі шлюб быў важны для мужа. Аднак ад разводу вянчаньне гэтую пару не ўтрымала. Перад дзяржавай яны ўжо не сужэнцы. А скасаваньнем царкоўнага шлюбу Вольга займацца ня хоча, бо ня лічыць яго нечым істотным:
“Самая сур’ёзная сытуацыя, я лічу, – гэта калі людзі застаюцца разам працяглы час, калі яны пры гэтым ўвогуле нічога ня маюць таго, што іх зьвязвае – ні дзяцей, ніякай уласнасьці, ні штампу ў пашпарце, ні царкоўнага шлюбу. Вось калі ў гэтым выпадку людзі застаюцца разам, то гэта сапраўднае. Гэта менавіта азначае, што ў людзей і пачуцьці, і асабістая адказнасьць, і сумленьне”.