Былы кандыдат у прэзыдэнты Аляксандар Казулін вярнуўся ў віцебскую калёнію “Віцьба-3”. У жывым эфіры нашага радыё мы зьвязаліся зь ім па дарозе.
Казулін: "Па дарозе ў калёнію нас суправаджаюць дзьве машыны, я думаю, што гэта супрацоўнікі КДБ. Адна едзе сьпераду, другая ззаду. Нас таксама спынілі супрацоўнікі ДАІ, якія сказалі, што мы перавысілі хуткасьць. Нас пратрымалі 20 хвілін і мы заплацілі штраф. Больш за тое -- кіроўцу прыгразілі, што яго пазбавяць правоў. Я выйшаў і сказаў, што мы сьпяшаемся ў калёнію і ў адказ пачуў: "Сьпяшацца туды ня трэба". Хоць я патлумачыў сытуацыю, ніхто на гэта не адрэагаваў. У міліцэйскай машыне сядзеў чалавек у цывільным. Лейтэнант Трыгубовіч да яго зьвярнуўся, і той сказаў, што трэба складаць пратакол".
Соўсь: "Ці не спазьніцеся вы ў калёнію?"
Казулін: "Пабачым, пакуль што мы едзем".
Соўсь: "На сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі вы заявілі, што адмаўляецеся ад ультыматумаў уладзе і ня будзеце галадаць і супраціўляцца патрабаваньням рэжыму. Што будзеце рабіць за кратамі і якая ў вас будзе сувязь з воляй?"
Казулін: "Я ўжо два гады за кратамі і дастаткова добра ведаю, што такое гэты рэжым і як сябе паводзіць Іншая рэч, што я заўсёды казаў -- гледзячы па тым, што адбываецца ў нас у гэтай закрытай зоне, адкуль абсалютна няма інфармацыі, у нас у краіне абсалютна няма закону. Баззаконне дасягнула свайго апагею. Я сапраўды ня буду вылучаць ніякіх ультыматумаў і абвяшчаць галадоўку, а буду пакорліва чакаць, як Госпад распарадзіцца маім лёсам".
Соўсь: "Вам паступалі прапановы зьехаць зь Беларусі. За гэтыя тры дні вы напэўна мелі такую магчымасьць ад'ехаць за мяжу. Але вы застаецёся ў Беларусі, у турме. Ці спадзяецёся вы на хуткае вызваленьне".
Казулін: "Лёс майго народу -- гэта ўжо мой лёс. У 2006 годзе я асэнсавана йшоў у турму, бо мяне таксама загадзя папярэдзілі пра арышт і вельмі настойліва раілі зьехаць з краіны, кажучы, што ўсё будзе ў парадку. Але калі народ пакутуе і ты б'есься за народ, ты не павінны думаць пра сябе. Таму я імкнуся да канца прайсьці той шлях, які праходзіць мой народ, наш беларускі народ. Не прайшоўшы гэтага шляху, цяжка называць сябе чалавекам, які змагаецца за агульнае дабро".
Соўсь: "Аляксандар, я ведаю, што з вамі дочкі, Воля і Юлія. А што сказаў вам на разьвітаньне ўнук Уладзік?"
Казулін: "Проста абняў і пацалаваў, і сказаў, што будзе чакаць мяне".