У судзе Савецкага раёну Менску пачаўся разгляд адміністрацыйных справаў супраць актывістаў партыі БНФ Юліі Сіўковай і Яўгена Пятліцкага. Іх абвінавачваюць у закліках да ўдзелу ў несанкцыянаванай акцыі. Маладых людзей затрымалі ўвечары 27 лютага падчас збору подпісаў за адкліканьне дэпутата Палаты прадстаўнікоў Уладзімера Крука.
Судзьдзя Аксана Рэлява першай разглядала справу Юліі Сіўковай. Міліцыянты-сьведкі паведамілі, што ў міліцыю патэлефанаваў нехта з жыхароў дома на вуліцы Някрасава і паведаміў, што маладыя людзі раздаюць улёткі з заклікам у Дзень Волі 25 сакавіка выйсьці на плошчу Якуба Коласа.
У заплечніках Юліі і Яўгена яны знайшлі налепкі ды ўлёткі да Дня Волі. Маладых людзей затрымалі. У міліцыі на іх склалі пратаколы за заклікі ўдзельнічаць у несанкцыянаванай акцыі. Гэта той жа артыкул, паводле якога караюць за ўдзел у акцыі. Ноч Юлія і Яўген правялі ў дзяжурнай частцы.
Юлія Сіўкова лічыць, што міліцыянты атрымалі загад спыніць распаўсюд налепак пра галоўную веснавую вулічную акцыю апазыцыі.
“Бессэнсоўна затрымліваць перад 25-м. Яшчэ шмат часу. Лічу, што гэта ўжо нашы ўлады распачалі акцыю перад 25 сакавіка, каб запалохаць моладзь”.
Судзьдзя Аксана Рэлява пастанавіла дапытаць жыхароў дома, дзе маладыя людзі зьбіралі подпісы за адкліканьне дэпутата Палаты прадстаўнікоў Уладзімера Крука. Наступнае паседжаньне яна прызначыла на 29 лютага і ўручыла дзяўчыне позву. Нягледзячы на гэта, міліцыянты схапілі дзяўчыну і зноў адвезьлі ў міліцыю.
Яўген Пятліцкі паведаміў “Свабодзе” чаму ён зьбіраў подпісы за адкліканьне дэпутата Палаты прадстаўнікоў Уладзімера Крука:
“Гэты дэпутат няшмат зрабіў для акругі. Да таго ж галасаваў за адмену льготаў. Вельмі хацелася б, каб ён адказаў, чаму ён гэта рабіў. У заплечніках, акрамя падпісных лістоў, у нас яшчэ былі ўлёткі: “Віншуем з 25 сакавіка. Плошча Якуба Коласа а 18 гадзіне” і налепкі з адпаведным тэкстам”.
Справу Яўгена Пятліцкага таксама разглядала судзьдзя Аксана Рэлява. Яна прызначыла наступнае паседжаньне на 29 лютага на 16.30. Міліцыянты запатрабавалі, каб Яўген пайшоў зь імі ў машыну. Яны патлумачылі, што да суду адвязуць яго ў турму на вуліцы Акрэсьціна.
Адвакатка Мар’яна Сямешка, у сваю чаргу, запатрабавала прад’явіць ёй дакумэнты, згодна зь якімі міліцыянты зьбіраюцца гэта рабіць. Але тыя адказалі, што маюць вусны загад свайго кіраўніцтва. Яўген пасьпеў сказаць некалькі словаў “Свабодзе”:
“Лічу, што гэта абсалютна незаконна, паколькі мне ўручылі позвы і перанесьлі суд на заўтра дзеля таго, каб сюды прыйшлі сьведкі. Чаму мяне цяпер вязуць на Акрэсьціна, я не разумею. Гэта робіцца без усялякіх падставаў. Яны не паказалі ніякіх дакумэнтаў. Буду пісаць скаргу ў пракуратуру на неправамоцныя дзеяньні”.
Паплечнікі Юліі Сіўковай і Яўгена Пятліцкага не выключаюць, што пасьля двух сутак затрыманьня судзьдзя прыме рашэньне арыштаваць іх яшчэ на некалькі сутак.