Агляд тэлефанаваньняў за 28 лютага.
Шаноўныя слухачы! Мы ўдзячныя за вашыя меркаваньні і прапановы. Вы робіце наша з вамі радыё больш зьмястоўным і цікавым. Аўтар найлепшага званка, паведамленьня, падказкі будзе атрымліваць прыз. Пераможцу абвяшчаем штонядзелі ў аглядзе тэлефанаваньняў за тыдзень.
Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: 8-029-391-22-24.
27 лютага ў Чырвоным касьцёле ў Менску адбылося разьвітаньне з Ірынай Казулінай, жонкай былога кандыдата на прэзыдэнта, палітвязьня Аляксандра Казуліна. Яе пахавалі на могілках вёскі Тарасава, што пад Менскам.
Слухачы “Свабоды” выказваюць спачуваньне родным і блізкім нябожчыцы:
Спадар: “Даражэнькія Аляксандар Казулін і вашы дзеці! Я вельмі вам спачуваю і разам з вамі смуткую з нагоды сьмерці вашай маці і жонкі. Няхай вашыя краты і сьмерць будуць на сумленьні блюдалізаў і прыкарытнікаў”.
Віктар: “Хачу выказаць спачуваньне Казуліну з нагоды сьмерці жонкі, пажадаць моцы і ні ў якім разе не галадаць. Трэба ў тых умовах зьберагаць здароўе і выйсьці для далейшай барацьбы здаровым, змагчы пакараць вінаватых: і міліцыянтаў, і сьледчых, і судзьдзяў, і пракурораў, і г.д.”
Сям'я Карповічаў, в. Лунна: “Шаноўныя і дарагія Вольга, Юля і Аляксандар! Ваш самы дарагі чалавек адышоў на неба. Цяпер вы маеце нябесную заступніцу. Трымайцеся!”
Людміла Фёдараўна, Калінкавічы: “Падзяляю боль Аляксандра Казуліна і яго дачок Юліі і Вольгі. Страта блізкага чалавека — гэта трагедыя ня толькі іх сям'і, але і ўсіх неабыякавых людзей. Моцы, здароўя і свабоды вам, паважаны Аляксандар Уладзіслававіч!”
Галіна, Магілёў: “Ірына Казуліна ня проста так сышла. Яна разам з мужам сваім у апошняй сутычцы атрымала перамогу. І няхай праціўнік яшчэ не на лапатках, але калені ў яго ўжо трасуцца. І засталося нядоўга чакаць, калі адчыняцца дзьверы ў камэры і Аляксандар Казулін будзе вольны. Вечная памяць гэтай мужнай, сьмелай жанчыне. Няхай зямля ёй будзе пухам”.
У сваіх тэлефанаваньнях слухачы зьвяртаюць увагу на дзеяньні прадстаўнікоў улады ў часе пахаваньня Ірыны Казулінай. Аляксандра Казуліна адпусьцілі на тры дні з калёніі. Кіраўніцтва горада і краіны адмовілася адвесьці месца для пахаваньня на Кальварыйскіх ці Ўсходніх могілках. Афіцыйныя мэдыі абмінулі ўвагай сьмерць Ірыны Казулінай.
Ларыса, Менск: “Сьветлая памяць пра Ірыну Казуліну застанецца ў большай часткі нашага насельніцтва. У апошнім сваім выступе яна з поўнай упэўненасьцю сказала, што ў гэтым годзе будзе сустракаць свайго мужа на свабодзе. Але гэтага не адбылося. Таму нашаму ўраду і нашаму прэзыдэнту неабходна выканаць апошнюю просьбу Ірыны і вызваліць Казуліна. Гэта будзе акт гуманізму, які зробіць прэзыдэнт. Толькі ад яго ўсё залежыць”.
Андрэй, Пінск: “Я хоць і не прыхільнік Казуліна, але калі ў яго памерла жонка, то па-чалавечы шчыра яму спачуваў. І думаю, што наш прэзыдэнт павінен быў яго першага адпусьціць на волю на некалькі дзён на пахаваньне жонкі, тым самым праявіўшы свае высокія маральныя якасьці. Таксама яму трэба было адразу прыслаць свайго прадстаўніка, каб дапамог у арганізацыі пахаваньня жонкі”.
Сёньня мы атрымалі такое тэлефанаваньне:
Спадар: “Шаноўная “Свабода”, я даўно выпісваю расейскую газэту “Труд 7” і таксама лічу яе незалежнай, як і ўсе астатнія, якія вы цытуеце. Чаму ў сваім аглядзе незалежнай прэсы вы не цытуеце гэтую газэту? Дзякуй”.
Адказвае рэдактар ранішняга эфіру “Свабоды” Аляксандар Уліцёнак:
“Заўвага слушная, пагаджаемся. Але рэч у тым, што шмат залежыць ня толькі ад Радыё Свабода, але і ад калектыву таго ці іншага выданьня — ці даваць рэкляму пра сябе на хвалях Радыё Свабода. Раней такога жаданьня кіраўніцтва беларускага дадатка да газэты “Труд” не выказвала. Цяпер там сытуацыя мяняецца, мяняецца кіраўніцтва. Магчыма, у аглядах прэсы вы пачуеце і пра матэрыялы газэты “Труд”.