Як піша нямецкае выданьне Frankfurter Runfschau, “Аляксандар Казулін перамог дыктатара Лукашэнку” – “крытык рэжыму здолеў папрысутнічаць на пахаваньні жонкі”.
“У вачах грамадзкасьці Казулін ні ў якім выпадку не выглядаў зламаным чалавекам. Ён паабяцаў сваім прыхільнікам змагацца і надалей супраць Лукашэнкі.
“Гэта сорам, што такі чалавек кіруе нашай дзяржавай”, - сказаў Казулін. Ён таксама лічыць кіраўніка дзяржавы суадказным за сьмерць жонкі. Пасьля яго арышту яна ня мела больш ніякіх сілаў змагацца з ракавым захворваньнем”,- піша газэта.
Паводле Frankfurter Runfschau, “Лукашэнка цягам апошняга часу вызваліў некалькіх вядомых праціўнікаў рэжыму. Ён шукае прыхільнасьці з боку Захаду. Яшчэ адна прычына гэтак званай “акцыі добрай волі - выбары ў Расеі. Бо ў выпадку абраньня прэзыдэнтам Дзьмітрыя Мядзьведзева, палітычны клімат у стасунках паміж колішнімі братнімі дзяржавамі можа стаць яшчэ горшым”.
Пра маральную перамогу Казуліна над Лукашэнка піша таксама ўплывовая швайцарская Neue Zuercher Zeitung.
Паводле выданьня, “задавальненьне ад гэтага могуць таксама атрымаць і дыпляматы ў Брусэлі ды Вашынгтоне. На працягу многіх месяцаў яны патрабавалі вызваленьня Казуліна і даволі рэзка, не заўважаючы Масквы, крытыкавалі дзеяньні менскіх уладаў”.
“Ад пачатку 2008 года Лукашэнка рoбіць авансы Эўразьвязу і ў рамках бэспрэцэдэнтнага “жэсту добрай волі”. Ён ужо вызваліў шэсьць палітвязьняў, гаворыцца ў артыкуле швайцарскага выданьня. У Беларусі вераць, што вызваленьне Казуліна і маладога актывіста Андрэя Кіма, гэта толькі пытаньне часу. Ці будзе Лукашэнка ў сувязі з апошнімі падзеямі здольным на такую ласку, пакуль яшчэ невядома. Аднак на карту пастаўлена шмат. Лукашэнка запусьціў машыну, якую ня так проста спыніць”,- падае Neue Zuercher Zeitung.