Тры чыньніка, якія летась прывялі да складанасьцяў у беларускай эканоміцы, назваў сёньня міністар замежных справаў Беларусі Сяргей Мартынаў падчас выніковага паседжаньня калегіі міністэрства. Гэта – кардынальнае зьмяненьне сытуацыі ў гандлі з Расеяй, пазбаўленьне прэфэрэнцыяў Эўразьвязу і ўвядзеньне ЗША эканамічных санкцыяў супраць канцэрну “Белнафтахім”.
Паводле афіцыйнай статыстыкі, дэфіцыт зьнешняга гандлю і паслугаў Беларусі склаў у 2007 годзе аж 2 мільярды 750 мільёнаў даляраў, хаця Аляксандар Лукашэнка ставіў задачу дасягнуць станоўчага сальда ў памеры 500 мільёнаў даляраў.
Беларускім дыпляматам сёньня настаўлялі – трэба лепей прасоўваць беларускія тавары на замежныя рынкі, каб выйсьці на прыбытковае сальда.
Кіраўнік аналітычнага цэнтру “Стратэгія” Леанід Заіка лічыць, што цягам бліжэйшых двух гадоў гэта задача не выглядае рэальнай:
“Адмоўнае сальда можна зьменшыць, але выйсьці на плюс пакуль немагчыма. І нават калі наш урад будзе біцца над гэтай справай як рыба аб лёд, станоўчага сальда ня будзе. Яно атрымліваецца за кошт неэквівалентнага абмену, перадусім за энэрганосьбіты, на іх коштах і тарыфах. На усясьветным рынку кошты на іх растуць і мы знаходзімся у дысбалянсе. А імпарт энэргарэсурсаў скараціць цяжка”.