Грамадзкі актывіст з Барысава, сябра партыі БНФ Сяргей Салаш дазнаўся, што на ягоную кватэру, а таксама на кватэру ягоных бацькоў накладзеная часовая забарона на адасабленьне. Іншымі словамі, яны ня вольныя вырашаць лёс сваёй маёмасьці: прадаваць, дарыць і г.д.
Забарона дзейнічае з канца 2006 году, але сталася вядомай гаспадарам абедзьвюх кватэр толькі на пачатку 2008 году, калі раптоўна памёр бацька Сяргея Аляксандар Салаш і ўзьнікла патрэба пераафармляць маёмасныя дакумэнты.
Тэлефаную ў агенцтва дзяржаўнай рэгістрацыі, больш вядомае пад абрэвіятурай БРТІ:
Супрацоўніца: “Забарона на адасабленьне можа накіроўвацца да нас адпаведнымі органамі. Мы ня спраўджваем, на падставе чаго. Гэта вы, калі ласка, у гэтых органаў дазнавайцеся”.
Сяргей Салаш патлумачыў, што ў БТІ адно назвалі Маскоўскі РУУС Менску, які даслаў дакумэнт пра забарону на адасабленьне нерухомасьці Салашаў. Прадстаўнік кіраўніцтва РУУС тлумачыць:
“Калі ў адносінах да яго ёсьць нейкія справы, то мы можам даслаць у БРТІ інфармацыю, каб забараніць яму ў часе мерапрыемстваў па крымінальных справах, расьсьледаваньня крымінальных справаў часова прадаваць, перапрадаваць кватэры. Такое можа быць”.
Сяргей Салаш не фігуруе ані ў якай крымінальнай справе. Каб дазнацца пра прычыны сытуацыі, Сяргей Салаш скіраваў у Маскоўскі РУУС Менску афіцыйны запыт.
Юрыст Валянцін Стэфановіч упершыню пачуў пра падобную гісторыю:
“Першая думка, якая прыйшла мне на розум, што гэта нейкая памылка. Бо інакш немагчыма... Арышт можа накладацца ў грамадзянскіх справах дзеля забесьпячэньня пазову, але ў такім разе павінен быць нейкі грамадзянскі пазоў. Альбо калі ўзбуджаная крымінальная справа, і то не па ўсіх артыкулах, а толькі па тых, што прадугледжваюць канфіскацыю маёмасьці. Плюс нельга накладаць арышт на кватэру, дзе жыве чалавек і яго сям'я. У дадзеным выпадку кватэра Салаша пад арыштам”.
У выпадку, калі памылкі няма, Сяргей Салаш бачыць толькі адно тлумачэньне сытуацыі:
“Адназначна гэта палітычная справа. 2006 год — гэта год, калі адбываліся так званыя прэзыдэнцкія выбары. Лістапад 2006 — у разгары мясцовыя выбары, калі я вылучаўся”.
Адказ з Маскоўскага РУУС Менску на запыт Сяргея Салаша павінен прыйсьці цягам бліжэйшых трох тыдняў.