Наш чарговы грамадзкі рэдактар Уладзімер Папруга – архітэктар. З 1983 па 1996 год працаваў у “Белдзяржпраекце”. Навучаўся ў Рымскім міжнародным цэнтры па дасьледаваньні праблемаў аховы гісторыка-культурных аб'ектаў. Пазьней стажыраваўся ў Вэнэцыі. Выступаў запрошаны лектарам на тэму гісторыка-культурнай спадчыны Менску на міжнародным кангрэсе ICOMOS (Канада). Чатыры гады займаўся рэстаўрацыяй шэрагу аб’ектаў Польшчы. Цягам тыдня журналіст Аляксандар Уліцёнак размаўляе з Уладзімерам Папругам пра тое, як і што губляе беларуская сталіца.
Уліцёнак: “Апошнім часам шмат кажуць пра парушэньні заканадаўства ў зьвязку з будаўніцтвам праваслаўнага адукацыйнага цэнтру на рагу вуліц Гандлёвай і Кірылы й Мятода…”
Папруга: “Такім самым чынам, як і комплексы на Нямізе, гэты аб’ект ігнаруе гістарычную пляніровачную структуру свайго кварталу й неверагодна скажае аўтэнтыку тых гістарычных двароў, якія яшчэ можна было аднавіць. Тое будаўніцтва больш нагадвае сядзібны комплекс якога-небудзь калгаса-мільянэра пачатку 70-х сярэдзіны 80-х гадоў”.
Уліцёнак: “А можна эскізна абазначыць, як удаецца абыходзіць закон, раней зацьверджаныя пляны?”
Папруга: “Будынак па вуліцы Гандлёвая, 27 у свой час перадаваўся Беларускаму фонду культуры. Але, праўдападобна, па ініцыятыве праваслаўнай царквы быў адабраны і 10 гадоў папросту прастаяў закансэрваваны. Пасьля быў зьнішчаны. А на яго месцы будуецца тое, пра што мы ўжо казалі.
Такі падыход, калі гісторыка-культурныя аб’екты Менску выводзяцца з-пад мажлівасьці рэстаўрацыі ці рэканструкцыі да іншых інвэстараў, мы можам назіраць і на вуліцы Віцебскай. Там па абсалютна аналягічнай схеме некалькі будынкаў ужо практычна даведзеныя да бядотнага стану і зусім верагодна – вельмі хутка будуць зьнішчаныя.
І зноў жа – яны таксама знаходзяцца на балянсе праваслаўнай царквы.
Вельмі прыкра, што рэлігійная арганізацыя спрычыняецца да прамога зьнішчэньня аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь і неверагодна ўскладняе працэс навукова-мэтадалягічнай рэстаўрацыі і рэгенэрацыі помнікаў”.
Уліцёнак: “А ці ёсьць нейкая суцяшальная інфармацыя адносна комплексу каля плошчы Свабоды – Бэрнардынскага кляштару? Ён жа амаль хіба ці не адзіны цэльназахаваны манастырскі комплекс у Менску?”
Папруга: “Інстытутам Мінскпраект” сёньня вядуцца работы па разьмяшчэньні на тэрыторыі гэтага кляштарнага комплексу практычна новай гасьцініцы. Пры гэтым плянуецца зьнішчыць сапраўдныя захаваныя будынкі і збудаваньні кляштару, ператварыўшы гэта ўсё ў шматузроўневы жалезабэтонны катлаван, які запоўніцца паркінгам, басэйнамі, рэстаранамі, спартовымі залямі, боўлінгам, казыно й іншым”.
Уліцёнак: “Камэрцыйныя інтарэсы тут зразумелыя, спадар Уладзімер. Але – рытарычнае пытаньне: куды глядзіць міністэрства культуры?”
Папруга: “Падобныя дзеяньні груба пярэчаць нацыянальнаму заканадаўству і сьведчаць пра поўнае неразуменьне работнікамі як “Мінскпраекту”, так і сучасным супрацоўнікамі міністэрства культуры сапраўдных задач рэстаўрацыі помнікаў архітэктуры”.