Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч падтрымаў і ўхваліў вызваленьне Аляксандра Казуліна, якога часова адпусьцілі з турмы на пахаваньне жонкі Ірыны.
Каталіцкі касьцёл возьме ўдзел у разьвітаньні зь нябожчыцай.
Таксама мітрапаліт запрасіў вернікаў Беларусі на тэлемост з Ватыканам, які адбудзецца 1 сакавіка.
Тадэвуш Кандрусевіч сказаў, што ведае пра Ірыну Казуліну як пра верніцу-каталічку. Таму, калі сваякі зьвярнуліся да пробашча Чырвонага касьцёла па дазвол паставіць там труну для малітвы і разьвітаньня, то такая згода была дадзеная:
“Я сёньня ў інтэрнэце прачытаў, што нехта да мяне зьвярнуўся, каб я зьвярнуўся да прэзыдэнта і гэтак далей. Я ніякага ліста не атрымоўваў, але я вельмі падтрымліваю і вельмі задаволены, што Казулін змог прыехаць на пахаваньне сваёй жонкі, што гэта адбылося. Гэта вельмі гуманна і вельмі добра”.
Мітрапаліт заклікаў таксама ўсіх вернікаў Беларусі ўзяць удзел у тэлемосьце з Ватыканам, які адбудзецца 1 сакавіка. Гэта будзе супольная малітва 10 краінаў сьвету, прысьвечаная VI Эўрапейскаму дню студэнтаў. Па сутнасьці, гэта віртуальны візыт у Беларусь Папы Рымскага, кажа Тадэвуш Кандрусевіч:
“Я мяркую, што гэта вельмі вялікая падзея і для Беларусі. Бо я ня ведаю, якая яшчэ акцыя можа так шмат сказаць пра нашую краіну”.
Тэлемост з Ватыканам будзе праходзіць у архікатэдральным касьцёле Панны Марыі. Сюды зьбяруцца каталікі і вернікі розных канфэсіяў з усіх рэгіёнаў Беларусі, кажа ксёндз-пробашч Аляксандар Амяльчэня:
“У памяшканьні архікатэдры будзе ўсталявана восем плазмавых экранаў. У касьцёле ёсьць сутарэньні, і там мы таксама паставім альбо экран, альбо праектар, каб магло патрапіць больш людзей. Мы запрашаем кожнага”.