25 студзеня дачасна сышоў з жыцьця 41-гадовы карэспандэнт газэты “Комсомольская правда в Беларуси” Вячаслаў Ткач.
Праз сорак дзён пасьля разьвітаньня з 36-гадовым намесьнікам дырэктара інфармацыйнай кампаніі БелаПАН Юрыем Шырокім у журналісцкім асяродку чарговая сумная навіна.
Дапамагаў людзям, як мог. І шмат каму дапамог. Зь любым пытаньнем можна было зьвярнуцца да Слаўкі
Вячаслава Ткача добра ведалі ня толькі журналісты, але і чытачы — шмат каму Вячаслаў дапамог пэрсанальна, дзяжурачы на “гарачых лініях” “Камсамолкі” і тыднёвіка “Ва-банк”. З асадкай і тэлефонам у руках ён бараніў правы простых людзей ад бюракратаў і чыноўнікаў усіх узроўняў.
Вячаслаў Ткач нарадзіўся 24 ліпеня 1966 году. Скончыў філялягічны факультэт БДУ, але сваё прызваньне знайшоў у журналістыцы. Пры канцы 1990-х адным зь першых залічаны ў штат беларускай рэдакцыі расейскага выданьня “Комсомольская правда”.10 гадоў ягонае прозьвішча было адной зь візытовак газэты. Але, як узгадваюць калегі, адрозна ад людзей, якія мэтанакіравана змагаюцца за месца пад сонцам, ён, здаецца, не змагаўся зусім. Яму прасьцей было адыйсьціся ў цень, саступіць, чым “рваць коўдру” на сябе. Прыхаваных і зьнешніх амбіцый, у тым ліку прагі кіраўнічых пасадаў, таксама не было. І ў гэтым ціхім існаваньні, як лічаць сябры, ці не галоўная ягоная праблема, якая ў пэўным сэнсе знайшла працяг і ў сямейным жыцьці.
Яго кінулі на перадавую — да чытачоў
Натальля Крывец прыйшла ў рэдакцыю ў адзін час з Вячаславам. Ткач адразу быў кінуты бадай на самы адказы кірунак:
“Ён адказваў на тэлефанаваньні чытачоў, адказваў на іх пытаньні. На нейкія пытаньні, бывала, і два, і тры дні корпаўся, каб знайсьці адказ. Дапамагаў людзям, як мог. І шмат каму дапамог. Адзін час адказваў на званкі чытачоў газэты “Ва-банк”. Там ён набіў на гэтым руку і потым вельмі шмат дапамагаў чытачам “Камсамолкі”. Зь любым пытаньнем можна было зьвярнуцца да Слаўкі. Такога нават не было, каб у тую ж хвіліну, выслухаўшы чытача, ён ня даў якой-небудзь парады. Ужо настолькі быў у яго вялізны досьвед у гэтым сэнсе, што ён папросту здымаў псыхалягічнае напружаньне зь людзей. Таму тут і балюча, і крыўдна, і шмат якія пачуцьці навальваюцца. Панядзелак быў для нас вельмі цяжкім днём”.
Слава быў для нас прыкладам, Прафэсіяналам зь вялікай літары
Практычна ўсе супрацоўнікі рэдакцыі ў адзін голас гавораць, што сапраўднае прызваньне Вячаслава — кухарства. Яму нават былі прапановы ад сур’ёзных рэстарацыяў “завязваць” зь пісаньнем і за добры заробак легалізаваць сваё хобі. Але радыкальна зьмяніць занятак было складана. Тым больш, як кажа аглядальнік “Комсомольской правды” Андрэй Асмалоўскі, быў у Ткача і іншы “канёк” — ён быў ледзьве ня штатным прыдумляльнікам загалоўкаў:
“Слава быў для нас прыкладам, Прафэсіяналам зь вялікай літары. Шматлікія ягоныя рэпартажы мы з задавальненьнем перачытвалі па некалькі разоў. Наш сябра быў чалавекам з арыгінальным пачуцьцём гумару, і калі ня ведаеш, які зрабіць загаловак — ідзі да Ткача, ён дапаможа. Вельмі любіў “пагуляць словамі”. Слава быў вельмі добры кулінар, і ўсе нашы дзяўчаты ў літаральным сэнсе вучыліся ў яго гатаваць, бегалі да яго па рэцэпты. А мы, мужчыны, вучыліся, як трэба ставіцца да сям’і, любіць жонку і дзіця... Нам вельмі будзе не хапаць Славы ня толькі як прафэсійнага журналіста, на якім шмат у чым трымалася “Камсамолка”, але і як добрага чалавека і сябра”.
Праблемы ў сям’і супалі з працоўнымі
Вячаслава Ткача знайшлі 25 лютага павешаным у лесе пад Менскам, у Ждановічах. Сьлядоў гвалту міліцыя ня выявіла. У рэдакцыі кажуць, што апошнім часам не было матэрыялаў, якія маглі б прывесьці да расправы над аўтарам. За выключэньнем хіба абурэньня кіраўніка тэлеканалу ОНТ Рыгора Кісяля на матэрыял Ткача пра пастановачнасьць забаўляльных шоў на тэлебачаньні. Скандал рэдакцыя прыцішыла, хоць журналіста, натуральна, па галаве не пагладзілі. Казалі пра канфлікты ў сям’і, але такое іх вырашэньне не стыкавалася зь бязьмежнай прывязанасьцю да 8-гадовага сына Ільлі — хлопчык быў ягоным сэнсам жыцьця. Дый пакінуць дзіця сіратой — ня лепшы спосаб разьвязаньня праблемаў. Натальля Крывец узгадвае, што зусім нядаўна ён загаварыў пра развод з жонкай:
“Мы яго падтрымалі, сказалі напаўжартам: ты, Слаўка, навучы яе кулінарыць так добра, як сам, і ўсё — вяртайся да яе. Ён неяк так сумна ўсьміхнуўся і адказаў: не, гэтым разам ужо не атрымаецца. І дадаў, што два тыдні, як яны рассталіся, а ён паехаў жыць да мамы. Наколькі мы ведаем, ён імкнуўся дамовіцца з жонкай, як яны надалей будуць бачыцца з сынам, то бок ужо пра нейкія моманты асобнага існаваньня. Як мне здаецца, для яго нават сама думка пра гэта была надзвычай цяжкая, што яны будуць ня разам. Ягоная Вольга — вельмі прыгожая, маладая, і ва ўсякім разе самая каханая. А што ў іх там насамрэч выйшла — зараз гэта ўжо ня мае ніякага значэньня”.
Пра ўсе гучныя крымінальныя здарэньні цягам дзесяці апошніх гадоў чытачы “Камсамолкі” даведваліся ад Вячаслава Ткача. І невытлумачальным зьбегам абставінаў стала тое, што так трагічна склалася яго ўласнае жыцьцё.
Вячаслаў Ткач будзе пахаваны заўтра ў Мар’інай Горцы, побач з бацькам.