Студэнта трэцяга курса аграэкалягічнага факультэту Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі Ігара Пажарынскага адлічылі нібыта за непасьпяховасьць у навучаньні.
Студэнт з гэтым не згаджаецца й зьвязвае адлічэньне са сваёй грамадзкай дзейнасьцю. Сваё права вучыцца ў акадэміі ён зьбіраецца адстойваць праз суд.
Мяне “завалілі” складанымі пытаньнямі. Задавалі пытаньні хвілінаў сорак.
Ігар Пажарынскі кажа, што сваіх поглядаў у акадэміі не хаваў. Ён быў карэспандэнтам недзяржаўнай газэты “Ўзгорак”, рэдагаваў студэнцкую газэту “Студэнцкі гарадок”, а таксама зьбіраў подпісы студэнтаў супраць будаўніцтва ў Горацкім раёне атамнай электрастанцыі.
Выкладчыкі папярэджвалі студэнта, што калі ён ня спыніць сваёй грамадзкай актыўнасьці, яго адлічаць з акадэміі.
Сам Ігар Пажарынскі ацэньвае свой узровень ведаў як сярэдні. Сэсіі ён хоць і не на выдатна, але здаваў.
А вось у мінулую сераду на апошнім экзамэне сэсіі камісія была настроеная, каб я яго ня здаў, кажа Ігар Пажарынскі:
“Мяне “завалілі” складанымі пытаньнямі. Задавалі пытаньні хвілінаў сорак. Я адказваў, як мог. Мне сказалі, што ўжо ўсё, ніякіх спраў ня будзе. Я камісіі кажу — дазвольце мне яшчэ раз здаць, я ж ведаю гэты прадмет. Я іх усё ж пераканаў, яны мне дазволілі ў пятніцу яшчэ раз прыйсьці і здаць. Я прыходжу ў пятніцу ў дэканат, а мне сакратарка кажа: ты ўжо адлічаны”.
Пакуль што студэнта Пажарынскага не азнаёмілі з загадам пра адлічэньне. Сёньня ён яшчэ наведваў заняткі
Загад ужо прыйшоў з акадэміі празь непасьпяховасьць. Ён цягам дзесяці месяцаў можа свае правы аднавіць
Карэспандэнту “Свабоды” ў дэканаце паведамілі, што загад падпісаны. Студэнт ня здаў экзамэнаў і наагул не адзначаўся вялікімі ведамі. Адлічэньне Пажарынскага з акадэміі ніяк не зьвязана зь ягонай грамадзкай дзейнасьцю, запэўнілі ў дэканаце:
“У нас навучальны працэс, усё астатняе нас не цікавіць”.
Ці меў магчымасьць студэнт пераздаць іспыты? Экзамэнацыйная ж камісія такі шанец яму дала:
“Правільна, ён можа і павінен здаць, каб аднавілі яго, але мы ж яго ўжо адлічылі. Загад ужо прыйшоў з акадэміі празь непасьпяховасьць. Ён цягам дзесяці месяцаў можа свае правы аднавіць”, — зазначылі ў дэканаце.
Ігар Пажарынскі будзе адстойваць сваё права вучыцца ў акадэміі, калі давядзецца, то й праз суд. Пра рашэньне дэканату хлопец ужо паведаміў бацькам, тыя будуць падтрымліваць сына.
Заўтра актывісты Горацкай кааліцыі дэмакратычных сіл плянуюць правесьці на тэрыторыі акадэміі акцыю пратэсту супраць адлічэньня Ігара Пажарынскага.