Сёньня ў Кіеве актывісты ініцыятывы “Салідарнасьць” арганізавалі акцыю каля офісу дабрачыннага фонду першай лэдзі Ўкраіны Кацярыны Юшчанкі.
Яны зьвярнуліся да яе з просьбаю дапамагчы сям’і Казуліных дамагчыся прысутнасьці Аляксандра Казуліна на пахаваньні жонкі.
Удзельніца акцыі Анастасія лічыць, што такія акцыі могуць схіліць улады Беларусі праявіць чалавечнасьць у цяперашняй сытуацыі:
“Мы зьвяртаемся да спадарыні Кацярыны Юшчанкі з просьбаю падтрымаць сям’ю Казуліна, вызваліць яе ад тых мучэньняў, якія яна цяпер зазнае. Калі не ўдалося ўратаваць жонку палітыка, то трэба ўратаваць прынамсі яго самога і ягоных дочак. Калі грамадзкасьць і яе лідэры ня будуць нічога рабіць, то памерці могуць і сам Аляксандар Казулін, і ягоныя дочкі”.