Акцыя на Кастрычніцкай плошчы

У цэнтры Менску адбылася жалобная акцыя памяці Ірыны Казулінай.


19.45 Удзельнікі жалобнай акцыі ўсталявалі партрэт Ірыны Казулінай каля касьцёлу і паставілі ля яго мноства сьвечак і зьнічоў, паклалі кветкі. На гэтым акцыя завяршаецца.



Адзін зь яе ўдзельнікаў Ігар Рынкевіч сказаў:

"Сям'я, родныя і паплечнікі вельмі ўдзячныя ўсім, хто прыйшоў на акцыю, бо ў дзяржаўных мэдыях блякуецца ўся інфармацыя, зьвязаная са сьмерцю Ірыны Казулінай. Тут было больш за тысячу чалавек. Мы мяркуем, што калі ўлады не адумаюцца і ня вызваляць Аляксандра Казуліна на час пахаваньня, то гэтыя акцыі будуць паўтарацца. Заўтра а 18-й гадзіне зноў на Кастрычніцкай плошчы. І нам давядзецца зноў апэляваць да грамадзкасьці".


19.20 Удзельнікі жалобнага шэсьця ля Чырвонага касьцёла. Сьвятар Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы Леанід Акаловіч чытае малітву.
Людзі дайшлі да плошчы Незалежнасьці. Адзін з удзельнікаў жалобнай акцыі Мікола Статкевіч сказаў:

"Чалавечы, маральны абавязак ушанаваць памяць гэтай жанчыны, падтрымаць гэтую сям'ю, падтрымаць Аляксандра Казуліна, які знаходзіцца ў зьняволеньні, ня мае нават магчымасьці разьвітацца са сваёй жонкай. У мяне пачуцьцё глыбокага абурэньня паводзінамі ўлады і яе кіраўніка".

19.05
Людзі дайшлі да будынку КДБ і зноў разгарнулі расьцяжку "Свабоду Казуліну".

19.00
Удзельнік акцыі Анатоль Лябедзька сказаў у інтэрвію радыё “Свабода”:

“Сёньня такі ціхі марш па вуліцах. Я думаю, сабралася каля дзьвюх тысячаў грамадзянаў па абвестцы, якая была ў інтэрнэце і сыходзіла ад родных і блізкіх Ірыны Казулінай, і якую падтрымаў прэзыдыюм аб’яднаных дэмсілаў. Але найперш я прыйшоў сюды як неабыякавы чалавек, бо сытуацыя ўжо выйшла з палітычнага ў маральнае рэчышча. І тое, што ўлада гэтага ня хоча зразумець – гэта самае страшнае. Але людзі будуць зьбірацца і ўжо ёсьць такая інфармацыя сабрацца заўтра на Кастрычніцкай плошчы.


Я думаю, сёньня выйшлі некалькі тысячаў, але сотні тысяч людзей цяпер на баку сям’і Казуліных, а не на баку Аляксандра Лукашэнкі, які нават не пажадаў, які нават не пажадаў скарыстаць мажлівасьць, якую дае заканадаўства і адпусьціць А.Казуліна на пахаваньне жонкі”.

18.50
Людзі з партрэтамі Ірыны Казулінай і запаленымі сьвечкамі ідуць да Чырвонага касьцёлу.
Удзельнікі акцыі пачалі рухацца па ходніках у бок Чырвонага касьцёлу.

18.35
Уздоўж праспэкту Незалежнасьці ўдзельнікі акцыі разгарнулі расьцяжку "Свабоду Казуліну".
Удзельнікі акцыі выклалі на плошчы крыж з запаленых сьвечак.

18.30
Нягледзячы на дождж, на Кастрычніцкую плошчу падыходзяць людзі. У ланцугу памяці каля 500 чалавек. Людзі трымаюць партрэты Ірыны Казулінай, кветкі і запаленыя сьвечкі.

Сярод удзельнікаў акцыі Ігар Рынкевіч, Анатоль Лябедзька, Аляксандар Дабравольскі, Мікола Статкевіч й іншыя.

18.15
Уздоўж усёй плошчы расьцягнуўся ланцуг людзей са сьвечкамі і партрэтамі Ірыны Казулінай.


Міліцыянты папярэджвалі, каб удзельнікі акцыі разыходзіліся, бо "Кастрычніцкая плошча - ня месца для праяваў жалобы".
Міліцыянты назіраюць за ходам акцыі.


На плошчу па розных ацэнках выйшлі каля трохсот чалавек. Сярод удзельнікаў дочкі палітвязьня Аляксандра Казуліна, моладзевыя актывісты, палітыкі.