25 сакавіка споўніцца 90 гадоў абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі. Як, на погляд беларускай інтэлігенцыі, варта адзначаць гэтае сьвята?
Звольненая за свае апазыцыйныя погляды віцебская настаўніца Тацяна Севярынец, мясцовая актывістка і маці вядомага палітыка Паўла Севярынца прапануе зрабіць сьвяткаваньне як мага больш публічным і масавым.
Севярынец: Я лічу, што гэта – наша агульнае нацыянальнае сьвята. І адзначаць яго мы мусім усе разам. Зь песьнямі, з балёнікамі – прыгожа! Трэба паказаць, што гэтае сьвята – агульнае. Таму, я лічу, яно мусіць выйсьці на вуліцы – і ў Віцебску, і ва ўсіх іншых гарадох. І, канешне ж, было б пажадана, каб тыя, хто ахоўвае ў нас правапарадак – амапаўцы, міліцыянты – таксама разумелі, што ў людзей сьвята. І таму яны мусяць ня стрымліваць людзей, а самі ўліцца ў шэрагі тых, хто будзе сьвяткаваць.
Трэба, каб гэтае сьвята адчулі й тыя, хто нават ня ведае, што такое БНР. Такіх таксама шмат. І няхай нехта запытаецца: "Што гэта такое?" А яму патлумачаць. Няхай кожны ўведае сваю гісторыю, і, можа, менавіта з гэтага моманту нехта пачне ўсьведамляць сябе беларусам. Можа, гэта кране ягонае сэрца.
Карэспандэнтка: А чым ёсьць для Вас асабіста гэтая падзея -- 90-я ўгодкі БНР?
Севярынец: БНР для мяне – гэта сьведчаньне самаўсьведамленьня беларусаў нацыяй: тыя, хто хацеў "людзьмі звацца", змагаліся гэтую рэспубліку. Таму й цяпер мы павінны аб"яднацца ўсе разам – усе тыя, хто адчувае сябе беларусам.