Сваякі Аляксандра Казуліна па-ранейшаму спадзяюцца, што яго хутка вызваляць. Карэспандэнт “Радыё Свабода” пазваніў дачцэ палітыка Вользе Казулінай.
“Да нас даходзяць зьвесткі, што бацьку адпусьцяць ужо сёньня. Нібыта рашэньне прынятае і зараз толькі афармляецца. Але афіцыйна гэтыя зьвесткі ніхто не пацьвердзіў. Мы чакаем”.
Карэспандэнт: “Вы спрабавалі камусьці тэлефанаваць з афіцыйных асобаў”.
“Не! А каму тэлефанаваць? Усім зразумела, што ў гэтай краіне рашэньні адносна асноўнага апанэнта ўлады прымае асабіста Аляксандар Лукашэнка і ніхто іншы. Ніякая не пракуратура, і не калёнія. Тэлефанаваць яму? Зараз час “ч”. Увесь сьвет сочыць за тым, ці выпусьціць ён Аляксандра Казуліна. У яго магчымасьць даказаць, што словы пра клопат адносна нашай мамы былі шчырымі”.
Паводле былога адваката Казуліна Ігара Рынкевіча, пытаньне пра вызваленьне Аляксандра Казуліна нібыта адкладзенае на панядзелак, 25-га лютага.
“Калі яго выпусьцяць сёньня, то хутчэй за ўсё толькі на час пахаваньня. Калі заўтра, то магчыма вызваленьне цалкам”, -- мяркуе Ігар Рынкевіч.
У віцебскай калёніі дзяжурны адмаўляецца паведамляць зьвесткі пра Аляксандра Казуліна.