Апытаньне на вуліцах Менску.
Паводле савецкай традыцыі, 23 лютага ў Беларусі адзначаецца Дзень абаронцаў айчыны. Сёлета таксама адзначаюць 90-годзьдзе ўзброеных сіл. Ці варта адзначаць сьвята абаронцаў айчыны 23 лютага?
Карэспандэнтка: “Ці тая дата 23 лютага, каб адзначаць Дзень абаронцаў айчыны? Ці магла б быць іншая дата?”
Юнак: “Якая розьніца? Я прывык”.
Спадарыня: “Мне ўсё роўна, у прынцыпе. Дваццаць трэцяга дык дваццаць трэцяга”.
Спадар: “Я служыў, а таму я буду адзначаць 23-га. А хто не, то можа і ў іншы дзень. А для мяне гэта сьвятое”.
Спадарыня: “Гэта нашая гісторыя, нашая традыцыя. Ад сваіх традыцыяў мы не адмаўляемся. Іх трэба берагчы”.
Спадар: “Можна і 23-га. Бо так прынята. Ня больш за тое”.
Спадарыня: “Я лічу, што ў нашых мужчын павіннае быць сваё сьвята. І мяняць гэтую дату, пэўна, ня мае сэнсу. Гэта спатрэбіцца шмат часу, каб прыжывалася новая дата. І калі гэтая традыцыя ўжо спрадвеку склалася, у гэты дзень сьвяткавалі нашыя дзядулі і таты, якія служылі, абаранялі нашую радзіму, варта іх паважаць”.
Юнак: “Можна было б прымеркаваць і да 9 траўня, каб занадта шмат сьвятаў не было. Але ўсё ж ня варта мяняць. Традыцыя. А з чым зьвязаная – ня ведаю”.
Карэспандэнтка: “Ці тая дата 23 лютага, каб адзначаць Дзень абаронцаў айчыны?”
Юначка: “Можа, і ня тая. Паводле старога календара гэта жаночы дзень, дзень 8 сакавіка. А яго зрабілі Днём абаронцаў айчыны. Таму гэта ня самы лепшы дзень”.
Юнак: “23 лютага 50 гадоў таму нашую краіну вызвалілі ад нямецка-фашыстоўскіх захопнікаў. Таму мы і адзначаем гэтую дату 23 лютага. Мы, студэнты, не служылі ў войску, а таму 23 лютага мы не адзначаем”.
Юначка: “23 лютага – гэта дзень вызваленьня ад фашыстоўскіх захопнікаў. Таму патрэбна і варта адзначаць гэтае сьвята ў нашай краіне”.