Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”.
Эўрапейскі парлямэнт прыняў учора рэзалюцыю па беларускім пытаньні. Чаму гэты дакумэнт зьявіўся менавіта цяпер? Як можна пракамэнтаваць зьмест рэзалюцыі? Якая можа быць рэакцыя беларускіх уладаў?
Удзельнікі перадачы: палітоляг Андрэй Фёдараў і старшыня зарэгістраванага ў Польшчы Беларускага Шуманаўскага таварыства Ігар Лялькоў.
Чаму гэты дакумэнт зьявіўся менавіта цяпер?
Валер Карбалевіч: “Можна сьцьвярджаць, што з новага году пачаўся пэрыяд пацяпленьня дачыненьняў паміж Беларусьсю і Эўразьвязам (ЭЗ). У адказ на патрабаваньне Захаду вызвалена большасьць палітзьняволеных. Вырашаецца пытаньне аб адкрыцьці прадстаўніцтва Эўракамісіі ў Менску. Лукашэнка сустрэўся з амбасадарам Нямеччыны ў Беларусі Вайсам. Зьявілася неафіцыйная інфармацыя, што міністар замежных спраў Беларусі Мартынаў у Бэрліне меў сустрэчы ў МЗС Нямеччыны.
Даволі жорсткая рэзалюцыя Эўрапарлямэнту па Беларусі трохі выпадае з гэтага агульнапалітычнага кантэксту. Чаму яна зьявілася менавіта цяпер? Ці прынялі яе адмыслова, як сьвядомы дыпляматычны ход ЭЗ дзеля таго, каб паўплываць на цяперашні этап дачыненьняў паміж Беларусьсю і Эўропай? Або гэтае пытаньне было ўнесена ў парадак дня Эўрапарлямэнту даўно і знаходзіцца па-за кантэкстам цяперашняга пацяпленьня ў дачыненьнях?”
Андрэй Фёдараў: “Наўрад ці Эўрапарлямэнт так плянуе сваю дзейнасьць, што, вось у лютым прымае рэзалюцыю па Беларусі, а ў сакавіку — па іншай краіне. Хутчэй ён працуе сытуатыўна.
Але ў дадзены момант я ня бачу такой відавочнай нагоды, зь якой можна было б зьвязаць прыняцьце гэтай рэзалюцыі. Я думаю, што гэта вынік працы дэлегацыі Эўрапарлямэнту па сувязі зь Беларусьсю. Там цяпер новы кіраўнік, і, магчыма, ён хацеў бы заявіць пра сябе.
Каля году Эўрапарлямэнт не прымаў рэзалюцыяў па беларускім пытаньні. Гэтым дакумэнтам Эўрапарлямэнт нагадаў Беларусі, што дзеяньні беларускіх уладаў адсочваюцца. І адначасова гэта сыгнал дэмакратычным сілам Беларусі, што іх не пакінулі ў адзіноце.Ня думаю, што гэта зроблена з падачы Эўракамісіі. Эўрапарлямэнт у сваіх дзеяньнях незалежны”.
Ігар Лялькоў: “Можна пагадзіцца, што пэўны ўплыў на прыняцьце цяпер гэтай рэзалюцыі зрабіла зьмена кіраўніцтва дэлегацыі па Беларусі. Для новага кіраўніка Пратасевіча важна было адразу абазначыць пазыцыю ЭЗ у дачыненьні да Беларусі.
Найперш гэта дэманстрацыя прынцыповасьці пазыцыі ЭЗ у зьвязку з тым пацяпленьнем, пра якое вы казалі, а хутчэй — з тымі спэкуляцыямі, што палітыка ЭЗ у дачыненьні да Беларусі можа зьмяніцца. Эўрапарлямэнт паказаў, што стаіць на грунце тых 12 умоваў далучэньня Беларусі да эўрапейскай палітыкі добрасуседзтва, якія былі вылучаныя ў лістападзе 2006 году. Таму вызваленьне палітвязьняў — дый тое няпоўнае — гэта выкананьне толькі адной з 12 умоваў.
Таксама гэта было нешта накшталт папераджальнага стрэлу перад выбарамі Палаты прадстаўнікоў, якія маюць адбыцца ў верасьні гэтага году. Эўрапарлямэнт, як, дарэчы, і нямецкі амбасадар Вайс на сустрэчы з Лукашэнкам, падкрэсьлівае, што гэтыя выбары будуць лякмусавай паперкай, якая засьведчыць, ці сур’ёзныя ў беларускіх уладаў намеры зьмяніць стасункі з ЭЗ у пазытыўны бок”.
Зьмест рэзалюцыі
Карбалевіч: “Як можна пракамэнтаваць зьмест рэзалюцыі Эўрапарлямэнту па Беларусі?”
Фёдараў: “У тэксьце рэзалюцыі знайшлі адлюстраваньне пазытыўныя зрухі ў палітыцы афіцыйнага Менску. Там адзначана і вызваленьне палітзьняволеных, і вырашэньне пытаньня аб адкрыцьці прадстаўніцтва Эўракамісіі ў Менску.
Зь іншага боку, былі нагаданыя ранейшыя патрабаваньні ЭЗ: правядзеньне дэмакратычных выбараў, свабода мэдыяў”.
Лялькоў: “Фактычна зьмест рэзалюцыі нагадвае тыя 12 умоваў, якія былі высунутыя ЭЗ раней. Былі адзначаны пазытыўныя крокі Менску. І адначасова нагадваецца пра невыкананьне астатніх умоваў ЭЗ: свабодныя выбары, свабода мэдыяў. Беларускія ўлады крытыкуюцца за адвольныя затрыманьні, выключэньне дэмакратычнай моладзі з унівэрсытэтаў, прымяненьне сьмяротнага пакараньня. То бок гэта сыгнал, што Эўрапарлямэнт сочыць за сытуацыяй у Беларусі”.
Фёдараў: “Былая кіраўніца дэлегацыі Эўрапарлямэнта па Беларусі Элізабет Шродтэр, камэнтуючы гэтую рэзалюцыю, адзначыла, што яе роля палягае ў тым, каб ня даць беларускім уладам забыцца пра тыя ўмовы, якія ім выстаўляе ЭЗ. То бок Менску кажуць, што ніхто не забыты і нішто не забыта.
Лялькоў: “І што ня варта ўпадаць у эўфарыю на падставе адной сустрэчы нямецкага амбасадара з Лукашэнкам і сустрэчы Мартынава ў Бэрліне”.
Якая можа быць рэакцыя беларускага боку?
Карбалевіч: “Мінулым тыднем Лукашэнка два разы адзначыў, што вызваленьне палітзьняволеных адбываецца па патрабаваньні Захаду. І заявіў, што, маўляў, я выканаў усе ўмовы, цяпер паглядзім, чым адкажа Захад на нашу добрую волю.
І вось Захад адказаў. І такі адказ наўрад ці спадабаецца Лукашэнку. Якая можа быць рэакцыя беларускага боку? Як паўплывае прыняцьце гэтага дакумэнту на ўнутраную палітку Беларусі, лёс палітвязьняў, дачыненьні Беларусі з Захадам?”
Фёдараў: “Ня думаю, што беларускі бок будзе расцэньваць гэтую рэзалюцыю як канчатковы адказ Захаду. Эўрапарлямэнт прыняў ужо каля двух дзясяткаў рэзалюцый па Беларусі. Нельга сказаць, каб стаўленьне да іх у афіцыйнага Менска было вельмі сур’ёзным. Звычайна на іх адказваюць прадстаўнікі прэсавай службы МЗС.
ЭЗ разумее, што зусім пакідаць без увагі крокі насустрач, якія робіць беларускі бок, было б няправільна. Цяжка ўзважыць, якія захады ў адказ маглі б выглядаць адпаведнымі сытуацыі. Напрыклад, гэта магло б быць выкрэсьліваньне са сьпісу неўязных у краіны ЭЗ некалькіх беларускіх чыноўнікаў. Затым, здаецца, у Беларусі накрэсьліваецца нейкая эканамічная лібэралізацыя. У зьвязку з гэтым ЭЗ мог бы ўзмацніць эканамічнае супрацоўніцтва зь Беларусьсю”.
Карбалевіч: “Вось сам факт сустрэчы афіцыйных асобаў Беларусі і Нямеччыны хіба ня сьведчыць пра жэст у адказ на крокі беларускага боку?”
Лялькоў: “Ня думаю, што прыняцьце гэтай рэзалюцыі будзе мець нейкія непасрэдныя наступствы. Адна рэч — публічныя дэклярацыі, іншая рэч — рэальная палітыка.
Лукашэнка шукае падтрымкі звонку. Такую падтрымку можа даць не Кітай, Вэнэсуэла, Іран, а толькі Захад, найперш ЭЗ, бо з ЗША стасункі сапсаваныя
Усё залежыць ад таго, наколькі сур’ёзна беларускі рэжым зацікаўлены ў паляпшэньні дачыненьняў з Захадам. Менск зацікаўлены цяпер, найперш, у тым, каб ЭЗ не далучыўся да ЗША ў санкцыях супраць “Белнафтахіму”. І другое пытаньне — гэта вяртаньне Беларусі ў сыстэму гандлёвых прэфэрэнцыяў ЭЗ. У асноўным торг ідзе вакол гэтага. Калі афіцыйны Менск моцна прыціснуты гэтымі пытаньнямі, то можна чакаць крокаў на шляху лібэралізацыі”.
Фёдараў: “Акрамя гэтых эканамічных пытаньняў, у якіх зацікаўлены Менск, ёсьць і палітычныя пытаньні. Цяпер з Масквы адбываецца моцны ціск дзеля падаўжэньня інтэграцыі. І Лукашэнка шукае падтрымкі звонку. Такую падтрымку можа даць не Кітай, Вэнэсуэла, Іран, а толькі Захад, найперш ЭЗ, бо з ЗША стасункі сапсаваныя”.
Лялькоў: “Нямеччына ўзяла на сябе ролю пасярэдніка, “добрага паліцэйскага”. Гэта зьвязана з традыцыйным інтарэсам Бэрліна на ўсходзе Эўропы. Але апошнім часам яна стала саступаць ініцыятыву ў гэтым пляне новым сябрам ЭЗ: Польшчы, Літве, Чэхіі. І цяпер Нямеччына спрабуе аднавіць сваю вядучую ролю. Але думаю, што яна ажыцьцяўляе ўзгодненую палітыку ЭЗ”.
Фёдараў: “Тады Эўрапарлямэнт выконвае ролю “злога паліцэйскага”. Але, думаю, сустрэчы з афіцыйнымі асобамі Нямеччыны — гэта ня тое, што можа задаволіць Менск. Беларускае кіраўніцтва чакае канкрэтных крокаў па паляпшэньні эканамічных і палітычных стасункаў”.