Эўрапейскі парлямэнт 21 лютага аднадушна прыняў рэзалюцыю па Беларусі, дзе заклікаў беларускія ўлады вызваліць палітзьняволеных, даць свабоду слова і правесьці свабодныя выбары. Эўрапейскія дэпутаты вітаюць датэрміновае вызваленьне актывістаў дэмакратычнай апазыцыі і рашэньне аб адкрыцьці ў Менску прадстаўніцтва Эўракамісіі. Але ў рэзалюцыі выказаная і глыбокая заклапочанасьць станам рэчаў у галіне дэмакратыі, правоў чалавека, перасьледам прадстаўнікоў апазыцыі, дэманстрантаў, ціскам на недзяржаўныя СМІ, няўрадавыя арганізацыі. Як рэзалюцыю Эўрапарлямэнту ацэньвае афіцыйны Менск, а як — прадстаўнікі палітычных партыяў?
Начальнік Упраўленьня інфармацыі, прэсавы сакратар беларускага МЗС Андрэй Папоў лічыць, што вось гэткім чынам Эўрапарлямэнт, эўрапейскія палітыкі намагаюцца ўзяць пад увагу разьвіцьцё стасункаў паміж Беларусьсю і Эўропай:
“Прынцыпова важным нам падаецца тое, што проста прыняць дакумэнт — гэта недастаткова. Важна забясьпечыць, каб гэты дакумэнт быў добрым падмуркам для разьвіцьця сапраўды ўзаемапаважлівага, прагматычнага, узаемавыгаднага дыялёгу паміж Эўрапейскім Зьвязам і Беларусьсю. З гэтага пункту гледжаньня прыняты ўчора дакумэнт у нас пакідае дваістае ўражаньне. Відавочна, што ў ім утрымліваюцца супярэчлівыя палажэньні. Напэўна, гэта сьведчыць пра тое, што большасьць аўтараў гэтага дакумэнту мае больш такое тэарэтычнае ўяўленьне пра тое, што ёсьць сучасная Беларусь.
Але ёсьць і элемэнты, якія маюць пазытыўны накірунак, прынамсі што да разьвіцьця міжчалавечых стасункаў паміж Беларусьсю і Эўропай. Паглядзім, што нам час пакажа”.
"Галоўны недахоп гэтай рэзалюцыі — тое, што гэта не дакумэнт прамога дзеяньня"
Старшыня АГП Анатоль Лябедзька ў цэлым задаволены ўвагай Эўрапарлямэнту да сытуацыі ў Беларусі. Ён выказаў спадзяваньне, што ў бліжэйшай пэрспэктыве іншыя міжнародныя арганізацыі — Парлямэнцкія асамблеі АБСЭ і Рады Эўропы — таксама прымуць рэзалюцыі, дзе будзе зроблены акцэнт на тых праблемах і недахопах, якія сёньня ёсьць у Беларусі. Што да ўчорашняй рэзалюцыі Эўрапарлямэнту, спадар Лябедзька заўважае:
“Галоўны недахоп гэтай рэзалюцыі — тое, што гэта не дакумэнт прамога дзеяньня. І ён разьлічаны на структуры, на краіны з пэўнай палітычнай культурай. Натуральна, што беларускі рэжым пад гэтыя крытэры не падпадае. Разам з тым фіксацыя сёньняшняга стану на ўзроўні Эўрапарлямэнту — гэта вельмі важна. Чаго тут бракуе — трэба было б вельмі выразна сказаць, што калі сытуацыя з выбарчым кодэксам, з практыкай яго прымяненьня застанецца такой, якая яна ёсьць сёньня, то Эўрапейскі парлямэнт ня будзе накіроўваць міжнародных назіральнікаў на выбарчую кампанію ў Беларусі”.
"Узаемны інтарэс павінен быць ацэнены кожным бокам"
Сябра пастаяннай камісіі па міжнародных справах і сувязях з СНД Палаты прадстаўнікоў Сяргей Гайдукевіч адзначае, што ў стасунках паміж афіцыйным Менскам і Эўропай ёсьць станоўчыя зрухі:
“Я прыхільнік таго, каб як мага хутчэй знайсьці супольнае ўзаемаразуменьне. Павінна ўсё ж такі вырашацца пытаньне пакрокавай стратэгіі. Гэта адзіны варыянт, які на сёньняшні дзень ужо дае плён. Узаемны інтарэс павінен быць ацэнены кожным бокам. Гэта лепш, чым нічога. Рух абавязкова павінен адбывацца”.
Карэспандэнтка: “Але ўжо зрухі ёсьць?”
“Ёсьць. Рух наперад і з боку беларускай дзяржавы, і з боку Эўрапейскага Зьвязу відавочны. Хіба ж гэта дрэнна, калі ёсьць рух?”
У сваёй рэзалюцыі дэпутаты Эўрапарлямэнту заклікаюць Камісію і Раду Эўразьвязу, а таксама краіны шэнгенскага пагадненьня разгледзець магчымасьць зьніжэньня кошту і спрашчэньня візавай працэдуры для беларусаў. Ёсьць прапанова шырэй дапамагаць грамадзянскай супольнасьці Беларусі, недзяржаўным СМІ, трэцяму сэктару і студэнтам, якія вучацца за мяжой.