Былы кандыдат на прэзыдэнта, лідэр незарэгістраванага руху “За Свабоду” Аляксандар Мілінкевіч распачаў сустрэчы з жыхарамі Віцебскай вобласьці ў райцэнтры Гарадок.
Размовы праходзяць пад пільным наглядам міліцыянтаў: недалёка стаяць некалькі службовых машын з супрацоўнікамі мясцовага РАУСу.
Адна з сустрэчаў заплянаваная сёньня на Гарадоцкім кірмашы. Як паведаміў мясцовы актывіст Леанід Аўтухоў, міліцыянты яшчэ ўчора папярэджвалі гандляроў і пакупнікоў, што сустрэча недазволеная, і што прысутнасьць на ёй можа мець наступствы – адказгнасьць за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі.
Пасьля сустрэчы ў Гарадку Аляксандар Мілінкевіч мае прыехаць у Віцебск. Нагадаем, што напярэдадні віцебскія актывісты падавалі ў гарвыканкам заяўку на правядзеньне сходу з удзелам палітыка ў кінатэатры "Мір", але атрымалі адмову. Намесьнік старшыні гарвыканкаму Павал Лосіч ў афіцыйным лісьце адказаў заяўнікам, што забараняе ня толькі праводзіць такі сход, але нават рыхтавацца да яго.