Агляд форумаў і блогаў беларускага інтэрнэту.
21 лютага ўва ўсім сьвеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. На сайце Арганізацыі Аб'яднаных Нацыяў у Беларусі напісана:
“Культура сьвету можа існаваць толькі тады, калі людзі маюць магчымасьць карыстацца роднай мовай вольна і ў поўнай меры ў любых абставінах свайго жыцьця. (...) На працягу трох апошніх стагодзьдзяў мовы выміраюць і зьнікаюць з нарастаючай хуткасьцю. Сёньня каля паловы ад 6000 моваў, на якіх размаўляюць у сьвеце, знаходзяцца пад пагрозай зьнікненьня”.
На сайце газэты “Наша Ніва” можна прачытаць выказваньні міністра абароны Беларусі Леаніда Мальцава на сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі:
“Праблем зь беларускай мовай у войску не было і ня будзе. Напрыклад, прысягу Жалезьнічэнка мог прымаць на любой дзяржаўнай мове, але не зрабіў гэтага – гэта яго права. Калі ёсьць жаданьне, то загады ён будзе атрымліваць па-беларуску. Няма праблем. Але калі ён адзін такі, то гаварыць пра гэта бессэнсоўна, трэба, каб такіх салдатаў бы хоць бы ўзвод. Ёсьць праблема ў сьвядомасьці людзей, якія ня хочуць зьдзяйсьняць свайго канстытуцыйнага абавязку. Кідаць лёзунгі яны могуць, а даць свой прыклад ня могуць”.
Камэнтары. Ліс: “Наконт статусу дзяржаўнай беларускай мовы ў войску міністру таксама лепш памаўчаць. Ён жа ня скажа, што службоўцы здаюць іспыты на веданьне дзяржаўнай беларускай мовы. Ён ня скажа, што дакумэнтацыя ў войску пераважна вядзецца на беларускай мове. Пра гэта могуць трындзець толькі штатныя прапагандысты з вайсковай газэткі. Міністар жа ня скажа, што ў ваенкаматах ёсьць блянкі анкет на беларускай мове... Шмат чаго ён ня можа сказаць”.
За Беларусь!: “Згодны на 100%, вайсковыя загады па-беларуску будуць даваць тады, калі ў казарме ці пасьля “вольна-разысьціся” будуць размаўляць па-беларуску. Усё астатняе – мары ці жаданьне паставіць воз паперадзе кабылы”.
Люты 21: “Хочам беларускае войска, але па-беларуску гаворыць ува ўсёй частцы адзін толькі чалавек, хочам беларускую школу, а заяваў ад бацькоў ляжыць толькі адна ці ў найлепшым выпадку пара-тройка. Таму й могуць глядзець улады праз пальцы на ўсе “дамаганьні беларускай мовы”, пакуль самі “нацыяналісты” будуць нават паміж сабой размаўляць па-расейску, а па-беларуску агучваць толькі прыгожыя лёзунгі”.
На сайце газэты “СБ. Беларусь сегодня” прадусар групы “Ляпис Трубецкой” Яўген Калмыкоў заяўляе:
“Па вызначэньні артысты павінны ставіць перад сабой важкія задачы. Чаму ў нас ніхто ня думае аб тым, як скарыць сьвет? Максымум, пра што мараць нашыя музыкі, – як бы расейскі рынак засвоіць. Часта мне тэлефануюць і кажуць: “Дапамажы ў Маскве раскруціцца”. Чаму ў Маскве, а не ў Нью–Ёрку? Сьвет жа вялікі”.
Галіна Пыркова: “Пра які сусьветны/эўрапейскі рынак гаворка ідзе, калі беларускія артысты самі за сябе ўсё робяць? Адна рэч, калі артысты самаўпэўнена кажуць, што ім ніхто не патрэбны, што будуць рабіць так, як яны самі лічаць патрэбным. Іншая рэч, калі людзі, якія знаходзяцца зь імі побач і горда называюць сябе прадусарамі, толькі радыя прамяняць адзін выступ у Маскве на тры вясельлі ў Менску”.
Алег Пшанцаў: “У нас няма талковых прадусараў і кампазытараў, здольных стварыць добрую музыку, якую Эўропа з задавальненьнем “купіць”. Палякі на дыскатэках у Варшаве танчаць пад музыку сваіх тэхна- і R’n'B-калектываў, а беларусы ў Менску адрываюцца пад расейскую папсу. Калі з рокам у нас нешта яшчэ атрымліваецца, дык талковай беларускай поп-музыкі проста няма. Ёсьць танная пародыя на расейскіх выканаўцаў”.
У суполцы “Жывога журналу” minsk_by карыстальнік shakirashakira задалася пытаньнем: “Скажэце, калі ласка, дзе ў нашай выдатнай сталіцы можна закінуць манэтку з жаданьнем ці які-небудзь камень пацерці і жаданьне загадаць? Тэрмінова трэба зьдзейсьніць чарадзейства!”
У адказ ёй напісалі наступнае. alexnovik: “Кладзяце манэту ў чорны пакет і кідаеце ў сьметнік каля 38-га дому па К.Маркса. Вы не паверыце, якія цуды адбудуцца”.
zhannik: “У Лошыцкім парку ёсьць дрэва жаданьняў. Каля маёнтку ёсьць дрэва (ці тое, што ад яго засталося), на якім усе ахвочыя пішуць жаданьні. Кажуць, яны збываюцца”.
xenos_by: “Яго спалілі”.
midori_tan: “Вось яшчэ два месцы. 1. Вакзал, трэці ўзровень, мост пад дахам-пірамідай, у цэнтры залатая пліта: становіцеся і загадваеце. 2. Чырвоны касьцёл, фігура анёла зьлева ад уваходу, кажуць, трэба дакрануцца да фігуры”.
ak_bara: “У фантанчыку на Востраве сьлёз бачыла манэткі, а дрэва жаданьняў ёсьць яшчэ ў Парку чалюскінцаў”.
secondhead: “Так!.. Востраў сьлёз, там камень, на ім анёл, хлопчык з крыламі зь мэталу, бронзавы пісюн, гэтаму хлопчыку прынята ў нас у горадзе церці”.