21 лютага – Міжнародны дзень роднай мовы. Ці існуе цяпер рэальнае напаўненьне статусу дзяржаўнасьці беларускай мовы? Ці ёсьць сэнс, змагаючыся за беларускую мову, зьвяртацца да дзяржаўных органаў, ці займацца адраджэньнем мовы павінна толькі грамадзянская супольнасьць? На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы “Экспэртыза “Свабоды” адказваюць старшыня ТБМ Алег Трусаў і мовазнаўца Зьміцер Саўка.
Цыганкоў: Паводле Канстытуцыі, беларуская мова зьяўляецца дзяржаўнай у Рэспубліцы Беларусь. Але ці ёсьць хоць якое рэальнае напаўненьне гэтага статусу? Адны кажуць, што гэтая дзяржаўнасьць нечым забясьпечваецца, іншыя лічаць, што беларуская мова знаходзіцца на мяжы зьнікненьня...
Трусаў: Чуткі пра зьнікненьне беларускай мовы значна перабольшаныя. Мы ў значна лепшай сытуацыі, чым некаторыя эўрапейскія народы – напрыклад, шатляндцы, ірляндцы, брэтонцы. У нас беларускую мову разумеюць усе жыхары Беларусі, у тым ліку й небеларусы.
Калі зьменіцца палітычная сытуацыя, то мова стане дзяржаўнай на працягу некалькіх гадоў у поўным сэнсе гэтага слова. Уціск беларускай мовы – тут ня столькі эканамічныя прычыны, колькі палітычныя. Зьменіцца палітычная сытуацыя – перастануць мяняць беларускую мову на расейскія нафту і газ, і ўсё будзе нармальна.
Цыганкоў: Але давайце ўсё ж пагаворым не пра будучыню, а пра сёньняшні стан мовы...
Трусаў: Сёньня ідуць вельмі цікавыя працэсы. Яшчэ гадоў 20 назад носьбіты беларускай мовы былі вяскоўцы, якія захоўвалі гэтую мову некалькі апошніх стагодзьдзяў. Цяпер вёска вымірае, яе жыхары перайшлі на “трасянку”, перамешаную з расейскім матам. Цяпер актыўныя носьбіты мовы – гэта гарадзкая эліта і моладзь. І гэта добра, бо менавіта ў гарадах адбываюцца рэвалюцыі, у гарадах мяняюцца палітычныя сыстэмы. Таму скажам “дзякуй” вёсцы і будзем разьвіваць мову найперш у Менску і вялікіх гарадах.
“Настройвацца на тое, што палітычныя зьмены адразу ўдыхнуць жыцьцё ў беларускую мову, было б заўчасным і малаверагодным”
Саўка: Калі казаць пра сытуацыю 20-гадовай даўніны, то цяпер яна незраўнёна лепшая. Тады “саветы” таксама не падтрымлівалі беларускай мовы, нават рабілі нямала, каб яна зьнікла – яна й зьнікала.
Цяпер улады нічога ня робяць, каб яе падтрымаць, часам нават стараюцца яе зьнішчыць канчаткова – не скажу, што вельмі стараюцца, але пэўныя намаганьні прыкладаюць. І, нягледзячы на гэта, мова жыве – прынамсі, яна ня страчвае пазіцыяў. І калі мы паглядзім, што тысячы маладых людзей у Менску гавораць па-беларуску, то гэта незраўнёна больш аптымістычная карціна.
Аднак я далёкі ад таго, каб з пэўнасьцю цьвердзіць, што пасьля зьмены палітычнай сытуацыі адразу праз пару гадоў грамадзтва стане беларускамоўным. Я думаю, на гэта пойдуць дзесяцігодзьдзі.
Дарэчы, адкрыцьцё межаў, сканчэньне міжнароднай ізаляцыі прывядзе да таго, што найбольш актыўныя беларусы паедуць у Эўропу, далей. Настройвацца на тое, што палітычныя зьмены адразу ўдыхнуць жыцьцё ў беларускую мову настолькі, што яна зможа абсалютна прэваляваць у межах Беларусі, было б заўчасным і малаверагодным.
“Калі мы пішам лісты чыноўнікам, мы заўсёды цытуем кіраўніка дзяржавы”
Цыганкоў: Многія шчырыя прыхільнікі адраджэньня беларускай мовы лічаць, што цяперашняя дзяржава як мінімум не спрыяе існаваньню беларускай мовы, а хутчэй нават варожая да мовы. І змагацца за пашырэньне і годны статус мовы можа толькі грамадзянская супольнасьць, а не дзяржаўныя структуры. А вось ТБМ увесь час піша лісты ў розныя дзяржаўныя органы. Спадар Трусаў, як вы ставіцеся да сьцьверджаньняў, што дзяржава нічым не дапаможа беларускай мове?
Трусаў: Ня трэба рабіць зь дзяржавы нейкага монстра, які толькі сьпіць і бачыць, каб усё беларускае зьесьці. Дзяржава – гэта тысячы чыноўнікаў рознага ўзроўню. А гэта вельмі розныя людзі. У кожным раёне сытуацыя па-рознаму. У адным, калі прыходзіць кіраўнік, які сам валодае мовай і больш-менш адукаваны, там і школ беларускіх больш і рэкляма на вуліцах. І наадварот.
Цыганкоў: То бок вы лічыце, што няма нейкай адзінай устаноўкі?
Трусаў: Няма. Больш за тое, калі мы пішам лісты чыноўнікам, мы заўсёды цытуем кіраўніка дзяржавы, які казаў пра тое, як трэба шанаваць родную мову. Гэта вельмі дзейнічае. Вось нядаўна, калі ён выступаў на журфаку, здаецца, так ужо гэтых студэнтаў адбіралі, але выходзіць дзяўчына і задае пытаньне пра мову, выходзіць студэнт – і пытаньне пра ахову помнікаў. Разумееце, наколькі гэта жыве ў людзях. І наконт мовы там такія выказваньні, што літаральна заўтра будзем расьцяжкі вешаць пра тое, як трэба мову любіць.
Грамадзянская супольнасьць тады моцная, калі яна знаходзіць кантакт зь дзяржавай. Калі ты ідзеш на кантакт, а свае прынцыпы захоўваеш, то гэта не калябарацыя, гэта дыялёг.
Цыганкоў: Калі вы ўжо пачалі цытаваць Аляксандра Лукашэнку, то я прывяду іншую, вельмі знакамітую цытату з 1994 году, што “на беларускай мове нельга выказаць нічога вялікага”. Цяпер іншыя словы. Вы лічыце, што Лукашэнка зьмяніўся як чалавек ці зьмянілася палітычная акалічнасьць?
Трусаў: Рэзка зьмянілася палітычная сытуацыя, а ён вельмі чуйна на яе рэагуе. Яго ў шок прывяло, што большасьць моладзі на тэстах выбірае беларускую мову. І ён заявіў, што ў Менску кепска вучаць беларускую мову, трэба вучыць лепей. Пад ціскам абставінаў стаўленьне Лукашэнкі да беларускай мовы мяняецца.
“Заўсёды трэба стукацца ўва ўсе дзьверы”
Цыганкоў: Зьміцер, як вы ставіцеся да гэтай дылемы – дзяржава і мова? Што можна рабіць зь дзяржавай і безь дзяржавы?
Саўка: Што можна рабіць безь дзяржавы, тое й робіцца. Выдаюцца кніжкі, газэты, часопісы. Працуюць радыёстанцыі і тэлевізія “Белсат”.
Заўсёды трэба стукацца ўва ўсе дзьверы. І калі ў вас дасюль не апусьціліся рукі, калі ў вас ёсьць сілы змагацца далей – пішыце ў інстанцыі, сустракайцеся з чыноўнікамі, дамагайцеся беларускай школы, саду. Несумненна, трэба адстойваць у дачыненьні зь дзяржавай свае правы – правы размаўляць, карыстацца і чуць у адказ беларускую мову. Трэба імкнуцца размаўляць з уладаю, дамагацца сваіх правоў. Гэта цяжка, і часта чакае параза – але бываюць і перамогі.
Трусаў: Хачу дадаць, што трэба быць уласным прыкладам. Трэба, каб людзі, якія лічаць сабе патрыётамі, размаўлялі ўва ўсіх сытуацыях па-беларуску. І тады сытуацыя зьменіцца. Вось прыклады: адзін хлопец дабіўся мытнай дэклярацыі па-беларуску, другі ў войску запатрабаваў беларускую мову, трэці ў судзе. Тры чалавекі зварухнулі сытуацыю больш чым сотні лістоў.