Сёньня ў Бялградзе на ініцыятыву ўраду Сэрбіі прайшоў шматтысячны мітынг пратэсту супраць незалежнасьці Косава. Прэзыдэнт Сэрбіі Борыс Тадзіч сустрэўся ў Бухарэсьце з кіраўніцтвам Румыніі, якая назвала выхад Косава са складу Сэрбіі “проціпраўным дзеяньнем”.
У народным сходзе, скліканым сёньня ў Бялградзе ўрадам Сэрбіі, бяруць удзел дзясяткі тысяч чалавек. Каб забясьпечыць масавасьць акцыі, чыгунка прапанавала бясплатныя квіткі тым, хто накіроўваўся ў сталіцу, былі адмененыя заняткі ў школах.
Улады заявілі, што зробяць усё магчымае, каб сёньняшняя акцыя прайшла мірна. У нядзелю і панядзелак былы закіданыя камянямі пасольствы ЗША і Турэччыны ў Бялградзе, а таксама пашкоджаны будынак пасольства Славеніі, якая старшынюе цяпер у Эўразьвязе. Міністар інфраструктуры Сэрбіі Велімір Іліч сказаў, што гэтыя дзеяньні былі пратэстам сэрбскай моладзі супраць разрываньня краіны і што такія інцыдэнты зьяўляюцца праявай дэмакратыі.
У панядзелак сотні сэрбскіх дэманстрантаў разграмілі два памежныя пасты паміж паўночным Косавам і Сэрбіяй, у адказ кантынгент НАТО ў Косаве на суткі заблякаваў мяжу.
Міністар замежных справаў Сэрбіі Вук Ераміч, выступаючы ўчора ў Эўрапарлямэнце, заявіў:
“Сэрбія ніколі не прызнае незалежнасьці Косава, і Сэрбія будзе зубамі і пазногцямі змагацца за тое, каб Косава ня стала цалкам прызнаным, сувэрэнным чальцом міжнароднай супольнасьці. Гэта азначае – ніякага месца ў ААН, ніякага месца ў АБСЭ”.
Паводле сэрбскага міністра, “некаторыя краіны Эўразьвязу сваімі дзеяньнямі далі патэнцыйным этнічным і рэлігійным паўстанцкім рухам моцную зброю, пра дапамозе якой яны змогуць дамагацца прызнаньня”.
Сёньня сэрбскі прэзыдэнт Тадзіч наведаў суседнюю Румынію, адну з краінаў Эўразьвязу, якія адмовіліся прызнаць незалежнасьць Косава. Прэзыдэнт Румыніі Траян Басэску, які раней назваў дэклярацыю аб незалежнасьці Косава “незаконным актам”, сёньня заклікаў Сэрбію не ісьці па шляху самаізаляцыі.
Тым часам Эўразьвяз пачаў разгортваць сваю місію ў Косаве. Прадстаўнік Зьвязу ў Косаве Пітэр Фэйт аддаў загад разьмясьціць у Косаве дзьве тысячы эўразьвязаўскіх паліцыянтаў. Гэта выклікала пратэсты Сэрбіі, Расея назвала разьмяшчэньне місіі Эўразьвязу ў Косаве “парушэньнем міжнароднага закону”.
Пітэр Фэйт заклікаў косаўскіх сэрбаў да супрацоўніцтва:
“Мы разам з урадам Косава пасылаем сыгнал косаўскім сэрбам, што іх законнае месца – тут, што мы запрашаем іх да супрацы зь іншымі грамадзянамі дзеля будучыні Косава”.