Агляд тэлефанаваньняў за 21 лютага.
Шаноўныя слухачы! Мы ўдзячныя за вашыя меркаваньні і прапановы. Вы робіце наша з вамі радыё больш зьмястоўным і цікавым. Аўтар найлепшага званка, паведамленьня, падказкі будзе атрымліваць прыз.
Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: 8-029-391-22-24.
Сёньня амэрыканскія вайскоўцы зьбілі ракетай спадарожнік, які выйшаў з пад кантролю. Спадарожнік пад назвай USA 193 мае памер як невялічкі аўтобус і важыць каля дзевяці тонаў. У студзені Пэнтагон паведаміў, што сыстэма энэргазабесьпячэньня спадарожніка сапсавалася, а сам ён утрымлівае небясьпечнае рэчыва. Чакаецца, што больш за палову адломкаў спадарожніка ўпадуць на Зямлю цягам 15 гадзін пасьля таго, як яго саб’юць.
Сёньня мы атрымалі такое тэлефанаваньне:
Ільля Копыл, Менск: “На расейскіх тэлеканалах ужо шмат часу ідзе лямант наконт спадарожніка ЗША, які зьбіўся з арбіты і прадстаўляе небясьпеку для расейскай тэрыторыі. Расейцы выказалі пратэст. І калі ЗША заявілі, што маюць намер зьбіць спадарожнік ракетай, з боку Расеі зноў раздаўся пратэстны лямант, маўляў, такім чынам ЗША праводзяць выпрабаваньне сваіх новых ракетаў супрацьракетнай абароны. Расея як капрызная кабета — ён нельга дагадзіць. Яна ўсё і ўсім робіць насуперак. Дзякуй за ўвагу”.
Слухачы “Свабоды” адгукаюцца на абвяшчэньне незалежнасьці Косава. Новую краіну ўжо прызналі ЗША, Аўстралія, Аўганістан ды шэраг эўрапейскіх дзяржаваў.
Спадар: “Дзякуй вялікі, што нарэшце альбанцы аб'яднаюцца і вернуць свае этнаграфічныя тэрыторыі. Таго самага хочацца пажадаць і беларусам. І дзякуй Богу, што гэта нарэшце адбылося. Жыве Беларусь!”
СМС-паведамленьне, якое мы атрымалі ад Ірыны на нумар мабільнай сувязі 391-22-24: “Мы шукаем, у які садок аддаць сына, і неяк у разгубленасьці. Заводзкі — Партызанскі раён, можа параіце што-небудзь”.
Слова кіраўніцы менскай арганізацыі Таварыства беларускай школы Крысьціне Вітушцы:
“Фармальна беларускія садкі ёсьць ва ўсіх раёнах Менску. У тым ліку ў Заводзкім і Партызанскім. Аднак рэальнае напаўненьне беларускасьцю гэтых садкоў выклікае сумнеў.У любым выпадку раю зьвярнуцца на партал dzietki.org, дзе ёсьць сьпіс усіх беларускіх садкоў Менску. Акрамя таго, на форуме бацькі абмяркоўваюць садкі і абіраюць найлепшы”.
Наступнае СМС-паведамленьне: “Рыхтуецца паступова глеба, для продажу МАЗа. Я тут працую i ўсё гэта бачна добрым вокам. Продаж мае адбыцца Расеi. Хутка прададуць i краiну ў тым жа кiрунку”.
13 лютага дырэктарка Фонду дзяржаўнай маёмасьці Натальля Жарнасек заявіла, што “прадметных прапановаў па рэфармаваньні такіх буйных прадпрыемстваў, як МТЗ, МАЗ, БелАЗ, БМЗ не паступала”. Чыноўніца, праўда, дадала, што ўрад Беларусі разглядае магчымасьць разьдзяржаўленьня шэрагу буйных прадпрыемстваў.