П.Рудкоўскі: “Мілінкевіч – гэта Пазьняк безь сьляпога прынцыпалізму”

Грамадзкі рэдактар гэтага тыдня – Пётра Рудкоўскі. Яму трыццаць гадоў. Нарадзіўся ў Канвелішках Воранаўскага раёну. Закончыў Ягелонскі ўнівэрсытэт. Тэоляг, філёзаф, каталіцкі дыякан, сябра Дамініканскага ордэну. Сёньня журналіст Аляксандар Уліцёнак абмяркоўвае зь Пётрам Рудкоўскім некаторыя аспэкты перапляценьня колішняга й цяперашняга ў грамадзкай сьвядомасьці.

Уліцёнак: “На чым грунтуецца беларускі аўтарытарызм, спадар Пётра, – на людзях, якіх вы назвалі нэасаветамі?”

Рудкоўскі: “У грамадзтве іх недзе 30 зь невялікім працэнтаў – людзей з так званым “унутраным камунізмам”. Іншая справа, што на сымбалічным узроўні, на ўзроўні надрацыйным у савецкай культуры даволі моцныя пазыцыі. Настолькі, што яна падаецца ўсюдыіснай: савеччына захавалася ў назовах цэнтральных вуліц і плошчаў, у помніках Леніну, у бясконцых згадках пра мінулую вайну як ключавы знаку моцы савецкай ідэі. А моцная культурная альтэрнатыва адсутнічае. У вынікуу нэасаветызм і зьяўляецца дамінуючым культурным тыпам”.

Уліцёнак: “У сваіх працах вы нярэдка апэлюеце да асобы Зянона Пазьняка. Напрыклад, называеце яго “нявольнікам гісторыі”. Што стаіць за гэтай мэтафарай?”

Рудкоўскі: “Нявольнік гісторыі” ў тым сэнсе, што ён выразна залежыць ад пэўнага вобразу Беларусі, створанага зь гістарычнага матэрыялу. Прычым – бяз добрай здольнасьці яго актуалізацыі. Ці актуалізацыі сваёй тактыкі. Сваёй практычнай дзейнасьці.

Тактыка Зянона Пазьняка абумоўленая вось гэтым рамантычным, амаль што утапійным вобразам Беларусі як Вялікага княства Літоўскага”.

Уліцёнак: “А з чым, у такім разе, у вас асацыіруецца, напрыклад, Аляксандар Мілінкевіч?”

Рудкоўскі: “Асацыірецца зь Зянонам Пазьняком – толькі пазбаўленага сьляпога прынцыпалізму. Пазбаўленага сьляпога радыкалізму”.

Уліцёнак: “Калі Зянон Пазьняк – “нявольнік гісторыі”, то каго ў Беларусі яна “разьняволіла” і ці так ужо тое добра?”

Рудкоўскі: “Большасьць цяперашніх культурных, палітычных сілаў зусім не зьняволеныя гісторыяй. Аднак гэтая “незьняволенасьць” можа мець таксама нейкі крайні варыянт. Бо нігілістычныя стасункі з гісторыяй альбо з той спадчынай, якую мы атрымалі з даўніх часоў, – зьява прыкрая. І на яе тле Зянон Пазьняк мае рацыю. У тым сэнсе, што ён паказвае на вялікую вартасьць гістарычнага вымярэньня. Аднак варта было б, каб такое яго стаўленьне пазбавілася утапізму ці рамантызму”.