Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Эфір 20 лютага.
Учора Аляксандар Лукашэнка прадставіў кіраўнікоў Канстытуцыйнага суду і пракуратуры. Ці можа Канстытуцыйны суд стаць органам рэальнага ўплыву на канстытуцыйную законнасьць у краіне? Ці сапраўды праваахоўныя органы пачалі выходзіць з-пад кантролю кіраўніка дзяржавы? Чаму абвастраецца міжклянавае суперніцтва?
Удзельнікі: старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі 12 скліканьня, генэрал-лейтэнант міліцыі ў адстаўцы Мячыслаў Грыб і былы начальнік Галоўнага дзяржаўна-прававога ўпраўленьня адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі Аляксандар Пласкавіцкі.
Пласкавіцкі: “...Няма нічога больш сьмешнага, чым Канстытуцыйны суд у такой дзяржаве”
Валер Карбалевіч: “Ракіроўка кіраўнікоў Канстытуцыйнага суду (КС) і пракуратуры адбылася амаль два тыдні таму і выклікала зацікаўленыя камэнтары незалежных журналістаў і экспэртаў. Але толькі ўчора, прадстаўляючы новых кіраўнікоў, Лукашэнка растлумачыў прычыны свайго рашэньня. Зь ягонага выступу вынікае, што ён незадаволены працай як КС, так і пракуратуры.
Калі рэзюмаваць прэтэнзіі кіраўніка дзяржавы да КС, то можна адзначыць, што ён незадаволены бязьдзейнасьцю гэтага органа. “КС не павінен быць замкнёнай сыстэмай, адарванай ад дзяржавы і грамадзтва”, — сказаў Лукашэнка. Пасьля паседжаньня новы старшыня КС Міклашэвіч расказаў пра пляны актывізацыі дзейнасьці гэтага інстытуту. Ён адзначыў, што КС будзе рабіць папярэднюю ацэнку законапраектаў на прадмет іх адпаведнасьці Канстытуцыі, рабіць афіцыйныя заключэньні адносна дзейнасьці дзяржаўных органаў і інш. Дык ці можа Канстытуцыйны суд стаць органам рэальнага ўплыву на канстытуцыйную законнасьць у краіне?”
Мячыслаў Грыб: “Найперш падаецца цікавым, што і адна, і другая ўстанова працавалі ня вельмі задавальняюча, як вынікае са словаў Лукашэнкі. А для выпраўленьня іх дзейнасьці памянялі кіраўнікоў. Дзіўнае рашэньне.
Паводле Канстытуцыі 1994 году КС меў права прымаць да разгляду з уласнай ініцыятывы розныя прававыя акты. Але Канстытуцыя ў варыянце 1996 году гэтае права ў КС забрала. Цяпер, каб ён мог разгледзець пытаньне, трэба, каб у суд зьвярнуліся вышэйшыя дзяржаўныя інстытуты.
Лукашэнка стварыў той суд, які хацеў. Цяпер КС ні за што не адказвае. Ён праседзеў 12 гадоў ціха, спакойна, як у Бога за пазухай, дакладней, за пазухай у кіраўніка дзяржавы”.
Карбалевіч: “А вось сп. Міклашэвіч прапануе пачаць працаваць, распавядае пра нейкія новыя функцыі КС”.
Грыб: “Ягоныя ініцыятывы нічога ня вартыя. КС можа ўносіць прапановы, але яны ня будуць мець прававой сілы. Бо гэта не ўваходзіць у паўнамоцтвы КС. Калі Лукашэнка хоча, каб КС пачаў сур’ёзна працаваць, то трэба пашырыць яго правы. Бо цяпер яго паўнамоцтвы абмежаваныя, суду сказалі капаць ад паркану да абеду. Ён і капае да абеду”.
Аляксандр Пласкавіцкі: “У Беларусі існуе манархія, але не канстытуцыйная, а валюнтарысцкая. Таму няма нічога больш сьмешнага, чым КС у такой дзяржаве. Яму няма тут чаго рабіць.
Тое, што кажа Міклашэвіч, азначае спробу знайсьці сабе грамадзка значную справу. Папярэдняя прававая экспэртыза не ўваходзіць у паўнамоцтвы КС. Бо ён павінен наглядаць за тым, каб нарматыўныя акты, якія выдаюць дзяржаўныя органы, адпавядалі Канстытуцыі.
Але ў валюнтарысцкай манархіі за гэтым няма сэнсу наглядаць. Бо тут дамінуюць не прававыя нормы, а воля аднаго чалавека. А за гэтым наглядаць увогуле немагчыма.
Карбалевіч: “Калі гэтыя ідэі Міклашэвіча рэалізуюцца, то КС ператворыцца з органа канстытуцыйнага нагляду ў юрыдычную кансультацыю пры кіраўніку дзяржавы. Хоць якая карысьць, бо ў сваім сёньняшнім стане КС — бескарысны орган”.
Пласкавіцкі: “Не ператворыцца. Праблема ня ў гэтым. Прававыя экспэртызы робяць шмат якія органаы. Але кіроўная асоба ні да кога не прыслухоўваецца”.
Ці сапраўды праваахоўныя органы выходзяць з-пад кантролю?
Карбалевіч: “Лукашэнка таксама выказаў прэтэнзіі і на адрас працы пракуратуры. Ён абураўся тым, што ў супрацоўнікаў пракуратуры існуюць “асобныя амбіцыйныя самалюбныя пляны”, што ў судах і пракуратуры пры разглядзе спраў глядзяць на тое, што скажа Эўропа. То бок, калі казаць іншымі словамі, сэнс прэтэнзіяў зводзіцца да таго, што пракуратура выходзіць з-пад кантролю. І паабяцаў узмацніць асабісты кантроль за ёй. Дакладна тыя самыя прэтэнзіі былі выказаныя Лукашэнкам на адрас КДБ улетку, калі там таксама адбылася зьмена кіраўніка. Дык ці гэта тэндэнцыя выявілася, што праваахоўныя, сілавыя структуры пачалі выходзіць з-пад кантролю, ці гэта прэвэнтыўныя страхі?”
Грыб: “Я не заўважыў такой тэндэнцыі. Праблема ў тым, што паводле Канстытуцыі пракуратура можа наглядаць за тым, каб дзейнасьць дзяржаўных органаў адпавядала законам, толькі да ўзроўню міністэрстваў. А вось вышэй за гэты ўзровень такога кантролю няма ўвогуле.
Калі сачыць за “палітычнымі” крымінальнымі і адміністрацыйнымі справамі, то пракуратура дакладна выконвала не законы, а ўказаньні зьверху. Тут можна ўзгадаць і суд над Казуліным, і суд над Зьдзьвіжковым. Таму я не разумею прэтэнзіяў Лукашэнкі.
Іншая справа, што кіраўніцтва заўсёды шукае вінаватых. Калі патрэбна, то вінаватым будзе і пракуратура, і міліцыя, і КДБ. А што тычыцца папрокаў на адрас пракуратуры, што тая зьвяртае ўвагу на палітыку, то ў нас паўсюль палітыка”.
Пласкавіцкі: “Сэнс выказваньняў кіраўніка дзяржавы палягае ў наступным: слухайце “бацьку”, і будзе ўсё добра, а хто ня будзе слухаць, таму будзе дрэнна. А тое, што Лукашэнку бачыцца непаслухмянасьць, то гэта не рэчаіснасьць, а страх”.
Клянавая барацьба
Карбалевіч: “З выступу Лукашэнкі вынікае, што кіраўнічыя працаўнікі адміністрацыі прэзыдэнта ўмешваюцца ў справы праваахоўных органаў. І яму падалі кампрамат на адну высокую службовую асобу, “члена палітбюро”, як выказаўся кіраўнік дзяржавы, нібыта яна брала хабар. Але пададзеныя факты Лукашэнку падаліся непераканаўчымі. Што гэта – новы этап міжклянавых разборак? Ці што іншае?”
Грыб: “У такім закрытым грамадзтве, як наша, клянавыя канфлікты за набліжэньне да кіраўніка – гэта звычайная зьява.
Паводле Канстытуцыі ўсе грамадзяне роўныя. Але каб завесьці крымінальную справу адносна высокай дзяржаўнай асобы, трэба дазвол з самага верху”.
Карбалевіч: “Сапраўды, падаецца цікавым, што з пытаньнем пра хабар чыноўнікі ідуць не ў пракуратуру, а да кіраўніка дзяржавы”.
Пласкавіцкі: “Я лічу, што такога не было насамрэч. Калі б гэта было на самой справе, то кіраўнік дзяржавы не агучваў бы гэта ў эфіры да высьвятленьня ўсіх абставінаў. Нехта нацкоўвае адных высокіх чыноўнікаў на другіх”.