Пра што пісалі беларускія газэты 21 лютага ў розныя гады мінулага.
“Оршанский вестник” у 1918 годзе зьмясьціў аб’яву падатковага інспэктара Лясьнеўскага: “Асобы, якія атрымалі ў папярэднім 1917 годзе прыбытак зь якіх бы там ні было крыніц звыш адной тысячы рублёў, абавязаны падаць не пазьней за 1 сакавіка г.г. (паводле новага стылю) заяву аб сваім прыбытку ва ўчастковую па падаходным падатку ўстанову таго падаходнага ўчастку, у якім платнікі мелі месца жыхарства 15 сьнежня мінулага 1917 году”.
На старонках “ЛіМу” ў 1948 годзе старшы тэхноляг Менскага аўтазаводу М.Фёдараў сьцьвярджае: “Няспыннае захвальванне кожнага новага твору Шастаковіча, Пракоф’ева і іншых нашымі музычнымі крытыкамі прымушала падумаць: ці не адстаў я са сваім густам, што не магу зразумець і станоўча ацаніць творы кампазітара? Пастанова ЦК ВКП(б) аб оперы “Вялікая дружба” В.Мурадэлі, урэшце, вырашыла сумненні многіх мільёнаў совецкіх людзей. Аказалася, не мы адсталі, а кампазітары-фармалісты адарваліся ад народа”.
“Бацькаўшчына” на гэтым тыдні 1958 году апавядае пра беларускі асяродак у бэльгійскім горадзе Лювэне: “Беларускі студэнцкі ансамбль зарганізаваны незабыўным кампазытарам Мікалаем Равенскім, аб’езьдзіў ня толькі Бэльгію, але й рабіў выступы ў Нямеччыне, Францыі, Ангельшчыне. Наш хор пакінуў па сабе трывалы сьлед — сэрыю грамафонных дыскаў з нацыянальнымі, народнымі й рэлігійнымі песьнямі. Дыскі гэтыя ня толькі былі раскупленыя, але й скапіяваныя (незаконна!) аднэй з амэрыканскіх фірмаў”.