У Польшчы ініцыятыва была зрэалізаваная з падтрымкі ўладаў і дзякуючы дапамозе мовазнаўцаў, радыё і тэлебачаньня.
Ініцыятаркай агульнарэспубліканскага лінгвістычнага конкурсу была радыё-журналістка з гораду Катавіцэ Крыстына Бохэнэк, цяперашняя сэнатарка. Як яна сама разказвае, у 1985 годзе, пасьля нараджэньня дачкі, яна была ў дэкрэтным адпачынку, мела шмат часу, слухала радыё і глядзела тэлебачаньне. Яе непрыемна уражвала неахайная мова палітыкаў, прымітыўная тэрміналёгія, зьбітыя фразы і наагул дрэнннае знаёмства са сваёй роднай мовай на вуліцы і ў розных СМІ. Вось тады яна даведалася, што вядомы францускі публіцыст Bernard Pivot, які займаўся пытаньнямі культуры, з дапамогай Ўнівэрсытэту Сарбоны і Міністэрства культуры Францыі арганізаваў чэмпіянат краіны па францускай артагравіі. Бэхэнэк вырашыла, што калі праверка знаёмства з роднай мовай мае сэнс у французаў, дык з улікам складанай артаграфіі польскай мовы – тым болей конкурс мае сэнс у Польшчы.
Пры падтрымцы уладаў
Пасьля адпачынку Крыстына Бохэнэк падзялілася сваімі думкамі з кіраўніцтвам публічнага Радыё ў Варшаве, і тое падтрымала ейную ініцыятыву. Годам пазьней адбываўся Кангрэс культуры польскай мовы. Журналістка зьявілася на Кангрэсе, размаўляла з выдатнымі мовазнаўцамі і прапанавала прафэсару Валеру Пісарку, каб той узначаліў журы. Прафэсар ды іншыя мовазнаўцы пагадзіліся, і такім чынам, у 1987 годзе ў сядзібе рэгіянальнага аддзяленьня Польскага Радыё адбылася першая дыктоўка з удзелам некалькіх соцень чалавек.
Варта адзначыць, што гэта адбывалася яшчэ пры камунізме, на бюджэтныя сродкі дзяржаўнага радыё і тэлебачаньня, Акадэміі навук і Міністэрства культуры. Ад пачатку 70-х гадоў да часу ўступленьня Польшчы ў Эўразьвяз у краіне праводзіўся курс на моўную і культурную уніфікацыю. Маўляў: «усе мы жывем у Польшчы і ўсе мы – палякі». Цяперашні ўрад таксама падтрымлівае прапагандаваньне польскай мовы як карыснае і патрэбнае.
Як праводзіцца дыктоўка?
Пачаткі былі сьціплыя, але з кожных годам удзельнікаў было ўсё больш. Аргкамітэт выпрацаваў дакладныя правілы конкурсу названага “агульнанацыянальнай дыктоўкай”. Ахвотныя выказаць свае ведаы павінны былі своечасова запоўніць і прыслаць сваю заяўку. Прымаецца абмежаваная колькасьць заявак, ня болей як 6 тысяч, бо гэтулькі чалавек зьмяшчаецца ў вялікай канцэртна-спартовай залі ў Катавіцах.
Конкурс праводзіцца ў двух асноўных ўзроставых групах: да 16-ці гадоў і старэйшыя за 16. Яны павінны без аніякіх слоўнікаў ды энцыкляпэдыяў, без дапамогі звонку напісаць адмысловы, складаны тэкст, падрыхтаваны нейкім філёлягам, альбо атрыманы ў рамках асобнага конкурсу на найлепшую дыктоўку. Кожны дарослы паляк можа прапанаваць свой тэкст дыктоўкі памерам да 220 знакаў і атрымаць за гэта ўзнагароду 4 тысячы даляраў. Тэксты – як правіла вельмі складаныя, зь вялікай колькасьцю слоў з розных галінаў ведаў, з назовамі рэдкай фаўны і флёры – зачытвае прафэсійны дыктар альбо актор. Польская артаграфія надзвычай складаная. Шмат словаў і літараў аднолькава вымаўляюцца, але інакш пішуцца .
Тэхнічны бок
Удзельнікі конкурсу прыяжджаюць у Катавіцэ, пасяляюцца і харчуюцца за свой кошт. Першапачаткова ўзнагароды былі чыста сымбалічныя, але паступова тры галоўныя пераможцы атрымлівалі ўсё больш каштоўныя ўзнагароды – ад 15, 10, і 5 тысяч даляраў, а яшчэ два дзясяткі чалавек – рэчавыя ўзнагароды. Калі правільных адказаў шмат – праводзіцца дадатковы конкурс сярод тых, хто напісаў беспамылкова. Ад 93-га году ў рамках дыктоўкі праводзяцца дадатковыя конкурсы для палітыкаў, актораў, спартоўцаў і бізнэсоўцаў. Сама дыктоўка трансьлюецца ў жывым эфіры па дзяржаўным радыё і тэлебачаньні, і ў гэты дзень сотні тысяч людзей сядаюць перад тэлевізарамі і радыёпрыймачамі, каб паспрабаваць свае сілы і паўдзельнічаць у дыктоўцы.
Пашырэньне конкурсу
Агульнарэспубліканская дыктоўка стала нагэтулькі папулярнай, што яе цягам году пачалі асобна праводзіць на абласным альбо гарадзкім узроўзні. Паводле настаўнікаў, у цяперашні час дыктоўка стала тым болей патрэбна, паколькі моладзь усё меней чытае, пашыраецца ўплыў масавай культуры і ўжываньне іншамоўных словаў, а мова інтэрнэту і эсэмэсаў мае мала супольнага з артаграфіяй. І гэта пры тым, што польскай мове не пагражае маргіналізацыя, няма той небясьпекі з боку расейскай мовы, як гэта адбываецца ў некаторых былых савецкіх рэспубліках. Проста шмат хто ўсьведамляе, што сучасная мова становіцца ўсё больш спрошчанай і прымітыўнай. Зразумела, падчас такіх дыктовак здараецца шмат неспадзевак і забаўных гісторыяў, бо аказалася, што дрэнна ведаюць артаграфію роднай мовы тыя, хто павінен яе ведаць: галоўныя рэдактары папулярных выданьняў, журналісты і настаўнікі. Нават прафэсійныя мовазнаўцы робяць памылкі і прызнаюць, што яны саромеюцца удзельнічаць у конкурсе.