Наколькі перадвыбарчая рыторыка Мядзьведзева супадае з той палітыкай, якую праводзіць цяпер Уладзімір Пуцін?
У Расеі набліжаюцца прэзыдэнцкія выбары. Няма амаль ніякага сумневу, што пераможа пераемнік Уладзіміра Пуціна Дзьмітры Мядзьведзеў. Але ці сапраўды ён будзе пераемнікам?
Дзьмітры Мядзьведзеў праводзіць даволі дзіўную перадвыбарчую кампанію. Кожнага дня ён езьдзіць па Расеі. Кожнага дня выступае з праграмнымі заявамі, але робіць усе гэта як віце-прэм’ер расейскага ўраду, амаль ня згадваючы пра тое, што зьяўляецца яшчэ і кандыдатам у прэзыдэнты. Між тым менавіта цяпер ён фармулюе, якую палітыку будзе праводзіць цягам бліжэйшых чатырох год у якасьці кіраўніка дзяржавы.
Усе экспэрты адзначаюць яўную лібэральную скіраванасьць перадвыбарчых выступаў Мядзьведзева. Найбольш яскрава ён прадэманстраваў гэта падчас выступу на Краснаярскім эканамічным форуме. “Свабода лепш, чым несвабода”, – так Мядзьведзеў сфармуляваў галоўны прынцып уласнай палітычнай праграмы і дэкляраваў зьмяншэньне ролі дзяржавы у эканоміцы і палітыцы.
Найбольш радыкальна прагучалі ягоныя думкі пра эканамічную палітыку. Кандыдат у прэзыдэнты паабяцаў рэзкае зьніжэньне падаткаў, а для малога бізнэсу – радыкальнае спрашчэньне справаздачы па падатках.
Так, па словах Мядзьведзева, у бліжэйшы час падатковая дэклярацыя для малога бізнэсу будзе памерам усяго адну старонку. Гэта вельмі важнае абяцаньне, бо, па словах экспэртаў, цяпер у Расеі вельмі складаная сыстэма выплаты падаткаў і з-за гэтага шмат хто проста не жадае пачынаць свой бізнэс.
Абяцаньне зьменшыць падаткі адрозьнівае Дзьмітрыя Мядзьведзева ад Уладзіміра Пуціна. На думку экспэртаў, падатковая рэформа ў Расеі спынілася яшчэ пасьля першага прэзыдэнцкага тэрміну Пуціна і гэта турбуе бізнэс.
Антон Данілаў-Данільянц, які цягам сямі год, да 2004 году, кіраваў эканамічным упраўленьнем адміністрацыі прэзыдэнта Расеі, сказаў карэспандэнту Радыё Свабода: “Мы ведаем, што шмат хто з бізнэсмэнаў разглядае інвэстыцыі ў тую ж Прыбалтыку ці Кітай, як больш пэрспэктыўныя, чым інвэстыцыі ў расейскую эканоміку”.
Мядзьведзеў абяцае спыніць каапэрацыю чыноўнікаў і буйнога бізнэсу. У прыватнасьці, прадстаўнікі дзяржавы больш ня будуць кіраваць нават тымі прадпрыемствамі, дзе ёсьць доля дзяржаўнага капіталу. Цяпер гэта паўсюдная практыка.
Паказальна, што днямі адразу тры аўтарытэтныя інвэстыцыйныя банкі – “Deutsche Bank”, "Тройка Диалог" i "Ренессанс Капитал" – даслалі сваім кліентам аналіз выступаў Дзмітрыя Мядзьведзева, дзе прызналі эканамічную праграму кандыдата ў прэзыдэнты вельмі лібэральнай.
Рыторыка Мядзьведзева адрозьніваецца ад заяваў Пуціна яшчэ і меншай антызаходняй скіраванасьцю. Відавочна, што яшчэ не прыйшоўшы да улады, Мядзьведзеў ужо фармулюе крыху іншую скіраванасьць зьнешняй палітыкі.
Ён абяцае грамадзянам таксама і тое, што у краіне стане менш чыноўнікаў, ды больш незалежныя суды.
Праўда, назіральнікі адзначаюць, што шмат якія з гэтых тэзісаў агучваў у свой час і Ўладзімір Пуцін, што не перашкодзіла яму праводзіць іншую палітыку. Дзьмітрыю Мядзьведзеву яшчэ давядзецца даказваць, што ягоныя словы ня разыходзяцца са справамі.