Кубінцы, якія жывуць у Беларусі, неадназначна ацэньваюць амаль паўвекавую эпоху камандантэ — лідэра кубінскай рэвалюцыі Фідэля Кастра.
Шмат хто зь іх застаўся на тэрыторыі былога Саюзу перадусім з-за таго, што не захацеў вяртацца ў “камуністычны аазіс” на высьпе Свабоды.
У Пінскім індустрыяльна-пэдагагічным тэхнікуме, які рыхтаваў майстроў вытворчага навучаньня, за некалькі дзесяцігодзьдзяў адукацыю атрымалі тысячы кубінцаў. Для многіх горад стаў родным — маладыя людзі знайшлі тут будучых жонак, нарадзілі дзяцей.
Малодшы Рауль працягне курс Фідэля
Хасэ пасьпеў папрацаваць нават трактарыстам у калгасе “Асьнежацкі”, а цяпер трымае некалькі шапікаў на рэчавым рынку Пінска:
“У горадзе кубінцаў цяпер літаральна пару чалавек. Па Беларусі, мяркую, дастаткова, асабліва ў Менску. Хтосьці вучыўся, ды так і застаўся — з розных прычынаў. Аднаго ў нас Іван завуць, лято займаецца, распаўсюджвае квіткі. Другі, Камілё, выкладае нейкія амэрыканскія танцы...”
Карэспандэнт: “А што вы думаеце наконт магчымасьці пераемнасьці ўлады на Кубе?”
Напачатку будзе працягвацца ранейшы курс.
Без замірэньня з ЗША руху наперад ня будзе
Эўхэніё скончыў Менскую вышэйшую інжынэрную зэнітна-ракетную вучэльню. Ажаніўся, вярнуўся на радзіму з жонкай, там нарадзілася дачка Адалі. Нейкі час працаваў на высокай вайсковай пасадзе. Аднак празь пяць гадоў сям’я зноў вярнулася ў Беларусь. Цяпер афіцэр працуе на будоўлі:
“Калі я сюды зноў прыехаў, то гэта значыць толькі адно: там складана. Там вельмі цяжка. Цяпер праз тэлевізар нічога пэўнага не паказваюць, толькі кароткія сюжэты: нейкія бананы прадаюць, рынкі прыватныя нібыта адкрылі. Ня ведаю, ці верыць... Але калі былі апошні раз на Кубе, яшчэ ў 1990-х, то было вельмі складана: працы не было, прадуктаў харчаваньня як такіх таксама не было. Усё па картках, вы ж уяўляеце...”
Карэспандэнт: “Пры канцы існаваньня СССР гэтаксама было...”
Калі ў вас былі праблемы, то ў параўнаньні з Кубай гэта — драбяза
Карэспандэнт: “Кардынальных зьменаў пасьля адстаўкі Фідэля Кастра ўсё ж чакаць варта?”
“Я вам скажу тое ж, што астатнія: Рауль будзе працягваць тую ж лінію, таму нічога ня зьменіцца. Хіба, можа, у яго зьявяцца нейкія стасункі з Амэрыкай, бо ў іншым выпадку чакаць зьменаў не выпадае”.
Карэспандэнт: “То бок пакуль Куба не памірыцца з ЗША, нічога ня будзе?”
“Ня будзе нічога. Амэрыка нас блякуе з усіх бакоў, а з Амэрыкай ніхто зь іншых краінаў ня хоча мець канфлікту, парушаць блякаду. Таму ўсё пакуль застанецца, як і дагэтуль”.
Браты Кастра: жорсткі малодшы і добры старэйшы
У сярэдзіне 1960-х Мікалай Трухан пад выглядам “спэцыяліста ў цывільным” прабыў на Кубе два гады, рыхтаваў інструктараў супрацьракетнай абароны. Кубінская місія трымалася ў найвышэйшым сакрэце, а зваротным адрасам для ліставаньня быў адрас... Маскоўскай цэнтральнай турмы. Мае пэрсанальную ганаровую грамату, атрыманую з рук Рауля Кастра:
“Мы выконвалі працу, і Рауль Кастра са сваёй службай прыяжджаў у нашу штаб-кватэру амаль кожны дзень. Бо мы навучалі інструктараў кубінскіх і шмат што іншае. І аднойчы ён сказаў, што трэба ўзнагародзіць найлепшых. Вось я і трапіў у ляўрэаты. Атрымаў “Diploma de honor” — ганаровы дыплём з гравіроўкай, цісьненьнем. Канечне, прыемна было атрымаць, уручаў сам Рауль на агульным сходзе, у актавай залі”.
Карэспандэнт: “А самога Фідэля ня бачылі?”
“Ну чаму? На Плошчу Рэвалюцыі неаднаразова езьдзілі, таксама ў цывільным. І па 2—3 гадзіны, хоць нясьцерпна пякло сонца, слухалі. Амаль нічога не разумелі, але ён такі палымяны, што слухаеш, разявіўшы рот. Але гэта хвароба, псыхоз сапраўдны”.
Карэспандэнт: “Калі параўнаць Рауля і Фідэля...”
Рауль — жорсткі, Фэлікс Дзяржынскі, як мы называлі
Колькі ўсяго кубінцаў у Беларусі — у дыпляматычным прадстаўніцтве Кубы ў Менску ня ведаюць нават прыблізна. Самі кубінцы кулюарна кажуць: каб ня мець праблемаў, лепш на афіцыйным узроўні ўвогуле “не засьвечвацца”.