Уступленьне Ўкраіны ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю (УГА) актуалізавала праблему сяброўства Беларусі ў гэтай міжнароднай структуры. Як могуць разьвівацца беларуска-ўкраінскія эканамічныя дачыненьні? Ці хутка Беларусь уступіць ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю? Якія праблемы ўзьнікнуць для беларускай эканомікі ў выпадку ўступленьня туды Расеі? Удзельнікі: эканамісты Барыс Жаліба і Аляксандр Чубрык.
Ці паўплывае ўступленьне Ўкраіны ў УГА на эканамічныя дачыненьні зь Беларусьсю?
Валер Карбалевіч: “Пытаньне сяброўства ва Ўсясьветнай гандлёвай арганізацыі актуальна для ўсіх постсавецкіх краін. Беларускае кіраўніцтва ўвесь час прапаноўвае, каб усе ўдзельнікі інтэграцыйных утварэньняў у межах СНД, кшталту Эўраазіяцкай эканамічнай супольнасьці і іншых, уступалі ў УГА разам. Але гэта не атрымоўваецца. Вось прынятае рашэньне аб уступленьні ў УГА Украіны. Гэтая краіна па выніках мінулага году — трэці гандлёвы партнэр Беларусі, гандлёвы абарот склаў у 2007 годзе каля 2,5 мільярда даляраў. Ці паўплывае на эканамічныя дачыненьні дзьвюх краінаў гэтае ўступленьне?
Барыс Жаліба: “Украіна ў гэтым пытаньні апярэдзіла Расею. Удзельная вага нашага гандлёвага абароту з Украінай невялікая, Украіна тут значна саступае Расеі і Эўразьвязу (ЭЗ). Ня думаю, што ўступленьне Ўкраіны ў УГА паўплывае на беларускую эканоміку.
Правілы УГА патрабуюць мінімальнага мыта, адмовы ад квотаў, усталяваньня прынцыпаў свабоднага рынку. Можна прагназаваць, што некаторыя ўкраінскія тавары будуць каштаваць таньней, а іншыя падаражэюць. Напрыклад, харчаваньне ў сьвеце каштуе даражэй, чым у Беларусі. Таму можа, скажам, падаражэць алей. Пратэкцыянісцкія мэтады абароны ўнутранага рынку не вітаюцца Ўсясьветнай гандлёвай арганізацыяй”.
Аляксандр Чубрык: “Істотна гэтая падзея не паўплывае на беларускую эканоміку. Ня думаю, што паўплывае гэта і на памер мыта ў гандлі паміж Беларусьсю і Ўкраінай. Бо гэта прадмет дамовы паміж двума гандлёвымі партнэрамі. Можа, пазьней толькі будуць адмененыя нейкія нямытавыя абмежаваньні на гандаль. Таксама Ўкраіна ня будзе ствараць праблемаў уступленьню Беларусі ў УГА.
Гандаль паміж Беларусьсю і Ўкраінай вельмі хутка разьвіваецца. Яшчэ колькі гадоў таму Ўкраіна ледзь уваходзіла ў дзясятку галоўных гандлёвых партнэраў Беларусі. А цяпер яна прасунулася на трэцяе месца пасьля Расеі і Нідэрляндаў”.
Ці хутка Беларусь уступіць ва ЎГА?
Карбалевіч: “Праблема ўступленьня Беларусі ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю паўстала адразу пасьля таго, як краіна атрымала незалежнасьць і пачаліся рынкавыя рэформы. Але, здаецца, кіраўніцтва дзяржавы ніколі не ўспрымала гэтае пытаньне як вельмі актуальнае і першачарговае. Яно разглядалася як нейкая далёкая пэрспэктыва. І толькі актыўныя дзеяньні па ўступленьні ў гэтую арганізацыю галоўнага эканамічнага партнэра — Расеі — прымусілі і беларускі ўрад неяк інтэнсыфікаваць працэс перамоваў. Створана Працоўная група Ўсясьветнай гандлёвай арганізацыі па Беларусі.
Але складаецца ўражаньне, што Беларусь спрабуе ўступіць у гэтую арганізацыю ня столькі з унутраных патрэбаў, колькі за кампанію з суседзямі, іншымі постсавецкімі краінамі. З 2005 году перамовы пра ўступленьне Беларусі ў УГА былі замарожаныя з палітычных прычын.
Дык ці ёсьць неабходнасьць Беларусі ўступаць ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю? І ці адчувае такую неабходнасьць кіраўніцтва Беларусі?
І яшчэ. Якія эканамічныя, сацыяльныя, а магчыма — і палітычныя наступствы можа прынесьці ўступленьне Беларусі ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю? Ці лёгка будзе нашай краіне адаптавацца да патрабаваньняў гэтай арганізацыі?”
Жаліба: “Я думаю, кіраўніцтва краіны што далей, то болей адчувае неабходнасьць уступленьня Беларусі ў УГА. Калі суседзі ўступяць ва ЎГА, а Беларусь — не, то яна апынецца ў неспрыяльным становішчы.
Калі Беларусь уступіць ва ЎГА, то яна атрымае перавагі ў гандлі з ЭЗ. Бо мыты на нашы тавары могуць зьнізіцца.
Але адначасова і павялічыцца імпарт заходніх тавараў у Беларусь, што дрэнна для нашай эканомікі. Бо вытворцам тэлевізараў, халадзільнікаў і іншай бытавой тэхнікі, машынабудаўнікам будзе цяжка вытрымаць канкурэнцыю. Аднак насельніцтва, спажыўцы ад гэтага выйграюць”.
Чубрык: “На дадзены момант наша краіна падпісала пагадненьне аб уступленьні ў УГА з 10 краінамі спаміж 20, якія ўдзельнічаюць у працоўнай групе па Беларусі. Але сярод тых, хто не падпісаў, знаходзяцца ЗША і ЭЗ. Таму шанцы нашай краіны наблізіцца да ўступленьня ў УГА нулявыя. ЗША і ЭЗ не падпішуць пагадненьня, бо ў Беларусі эканоміка нярынкавая.
УГА – гэта ня столькі нізкія мыты, колькі мэханізм урэгуляваньня спрэчных гандлёвых пытаньняў паміж краінамі. Неабходнасьць уступленьня Беларусі ў УГА моцна ўзрасьце, калі туды ўступіць Расея”.
Што здарыцца зь беларускай эканомікай, калі ў УГА ўступіць Расея?
Карбалевіч: “Якія праблемы ўзьнікнуць у сувязі з гэтым для беларускай эканомікі, калі Расея ўступіць ва ЎГА?
Жаліба: “Найважнейшае пытаньне ўступленьня Расеі ва ЎГА – гэта цэны на яе энэрганосьбіты. Сталыя сябры ЎГА патрабуюць, каб унутраныя расейскія цэны на нафту і газ былі ўсясьветнымі. Можна ўявіць, як гэта адаб’ецца на эканоміцы Беларусі. Вядома, што цяпер цэны для нашай краіны вельмі танныя. Усясьветных цэнаў беларуская эканоміка ня вытрымае”.
Чубрык: “Ёсьць думка, што Ўкраіна, стаўшы сябрам УГА, створыць праблему для ўступленьня туды Расеі.
Але, зь іншага боку, Расея сама ня надта імкнецца ў УГА. Яна дасягнула мяжы ў кампрамісах зь іншымі краінамі і далей саступаць ня будзе. Калі такая сытуацыя замарозіцца, то Расея яшчэ доўга можа заставацца па-за рамкамі УГА.
Што да ўнутраных расейскіх цэнаў на энэрганосьбіты, то гэтае пытаньне па-за рамкамі ЎГА, яно ня тычыцца правілаў гэтай арганізацыі.
Галоўнай праблемай для Беларусі, у выпадку ўступленьня Расеі ў УГА, будзе праблема канкурэнтаздольнасьці беларускіх тавараў на расейскім рынку. Бо Расея будзе вымушаная зьніжаць мыты на тавары для трэціх краінаў”.
Карбалевіч: “Такім чынам, пытаньне пра ўступленьне Беларусі ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю – гэта праблема адначасова эканамічная, сацыяльная, зьнешнепалітычная. Яна закранае і дачыненьні з Расеяй, і пытаньне інтэграцыі краіны ва ўсясьветную эканоміку і ва ўсясьветную супольнасьць. Калі казаць шырэй, то гэта праблема інтэграцыі Беларусі ў працэс глябалізацыі. Сытуацыя і з гэтага боку падштурхоўвае Беларусь да прынцыповага цывілізацыйнага выбару”.