Зьвярнуўшыся да беларускай прэсы ад 20 лютага розных гадоў, Радыё Свабода нагадвае вам пра падзеі мінулага.
“Віцебскі пролетарый” у 1938 годзе апавядае пра выратаваньне экспэдыцыі Папаніна: “Роўна ў 13 гадзін 30 мінут ледаколы падыйшлі да лагера і спыніліся ад яго ў 1,5 кілометрах. 80 чалавек з абодвух караблёў падыйшлі з флагамі да лагера. Папанінцы сустрэлі нас таксама з флагамі і партрэтамі таварыша Сталіна. Пасля кароткага мітынгу і “ура” ў гонар таварыша Сталіна і герояў-папанінцаў мы неадкладна прыступілі да звёртвання лагера... У 17 гадзін 30 мінут уся маёмасць лагера была дастаўлена на борт “Таймыра”. Тут-жа на крызе была арганізавана жэраб’ёўка — каму з папанінцаў на які карабль садзіцца”.
Пад рубрыкай “На пытанні адказвае юрыст” “Вячэрні Мінск” у 1978 годзе піша: “Пры размеркаванні пуцёвак у дамы адпачынку, санаторыі рабочым, служачым і вучням, пры іншых роўных умовах, пуцёўкі выдзяляюцца ў першую чаргу донарам... Перад узяццем крыві донар атрымлівае бясплатнае сняданне, а пасля ўзяцця крыві — бясплатны абед. Названыя вышэй льготы распаўсюджваюцца на ўсіх донараў, незалежна ад таго, ці атрымаў донар грашовую кампенсацыю або даў кроў бясплатна”.
* “Абвінавачваньні супраць Аляксея Шыдлоўскага і Вадзіма Лабковіча выстаўляюцца даволі дзіўныя, — адзначае на гэтым тыдні 1998 году “Белорусская деловая газета”. — Маладафронтаўцы падазраюцца ў тым, што яны пісалі на сьценах будынкаў у горадзе Стоўбцы лёзунгі і разьвешвалі бел-чырвона-белыя сьцягі. Камэнтуючы гэты факт, адзін з лідэраў БНФ Алесь Бяляцкі заявіў: “Такіх судоў — за надпісы і графіці — не было ў ніводнай з суседніх краінаў. Гэта будзе першы выпадак”.
Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі